Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

22.04.2018

У НАН Беларусі адбудзецца адкрыццё Міжнароднага навуковага сімпозіума “Субчасціцы, ядры, атамы, Сусвет: працэсы, структура” – SNAUPS 2018

23 красавіка 2018 года (панядзелак) у 11.00 у НАН Беларусі (пр. Незалежнасці, 66, вялікая канферэнц-зала) адбудзецца адкрыццё Міжнароднага навуковага сімпозіума “Субчасціцы, ядры, атамы, Сусвет: працэсы, структура” – SNAUPS 2018. Форум прысвечаны памяці вядомага вучонага, акадэміка Я.Б.Зяльдовіча, які нарадзіўся ў Мінску.

У якасці арганізатараў сімпозіума, які адбудзецца 23 - 27 красавіка 2018 года, выступаюць Інстытут фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі, Міжнародны цэнтр рэлятывісцкай астрафізічнай сеткі ICRANet (Італія) і Беларускае фізічнае таварыства.

Акадэмік АН СССР Якаў Барысавіч Зяльдовіч – вядомы вучоны, які ўнёс значны ўклад у розныя раздзелы фізікі, фізічнай хіміі і астрафізікі. Зяльдовіч – адзін са стваральнікаў савецкай атамнай і тэрмаядзернай зброі.

З улікам рознабаковых навуковых інтарэсаў Я.Б. Зяльдовіча тэматыка сімпозіума вельмі пашыраная і ўключае не толькі астрафізіку і агульную тэорыю адноснасці і касмалогію, але і фізічную хімію, квантавую тэорыю поля і фізіку часціц, матэматыку. У працы сімпозіума прымуць удзел вядомыя вучоныя з многіх навуковых цэнтраў і ўніверсітэтаў нашай краіны і замежжа. У Мінск прыедуць даследчыкі з Італіі, Расіі, Польшчы, Украіны, Арменіі, Паўднёвай Карэі, Харватыі, Эстоніі, Босніі, Славеніі.