Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

03.05.2018

Інстытут мовазнаўства правёў у Любані Рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Любанская зямля на гісторыка-культурнай карце Беларусі”

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі правёў у Любані Рэспубліканскі навукова-практычны семінар “Любанская зямля на гісторыка-культурнай карце Беларусі”, прымеркаваны да Года малой радзімы.

У семінары прынялі ўдзел акадэмічныя навукоўцы-гуманітарыі, выкладчыкі БДУ, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Праграма ўключала некалькі тэматычных блокаў: гісторыя, культура, анамастыка, літаратура, у якіх былі раскрыты пытанні археалогіі, этнаграфіі, фальклору, антрапалогіі і інш.

Асаблівай падзеяй семінара стала падвядзенне вынікаў двух творчых конкурсаў, праведзеных Інстытутам мовазнаўства сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Любанскім раённым выканаўчым камітэтам сярод дарослых “Люблю цябе, зямля бацькоў святая” і школьнікаў “Сцяжынкамі роднага краю”.

У ходзе семінара намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута мовазнаўства Сяргей Гаранін правёў тры ўрокі ў школах горада на тэму “Кніга ў старажытнай Беларусі: 500 гадоў беларускага кнігадрукавання”. Таксама ўдзельнікі семінара наведалі вёску Смольгава, дзе нарадзіўся вядомы беларуска-польскі пісьменнік Уладзіслаў Сыракомля, сустрэліся з настаўнікамі і вучнямі, агледзелі экспазіцыі школьных музеяў. Па выніках семінара запланавана выданне зборніка навуковых прац.

Ігар Капылоў,
дырэктар Інстытута мовазнаўства
імя Якуба Коласа