Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

15.06.2018

НАН Беларусі і кітайская энергетычная кампанія China Energy Engineering Corporation Limited будуць супрацоўнічаць у галіне інтэлектуальных электрычных сетак

15 чэрвеня 2018 года падпісаны Мемарандум аб узаемаразуменні паміж НАН Беларусі і кітайскай энергетычнай кампаніяй China Energy Engineering Corporation Limited. Дакумент падпісалі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і Старшыня праўлення China Energy Engineering Corporation Limited Ван Цзяньпін.

Згодна з дакументам, бакі дамовіліся ўзаемадзейнічаць па шырокім спектры напрамкаў для развіцця навуковага супрацоўніцтва ў галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў, а таксама камерцыялізацыі іх вынікаў. Беларускія і кітайскія спецыялісты будуць развіваць супрацоўніцтва ў галіне стратэгічнага планавання, сумесных даследаванняў і навучання персаналу з мэтай укаранення інавацый для прадастаўлення сэрвісных платформ і тэхнічнай падтрымкі працэсу пабудовы інтэлектуальных электрычных сетак.

Беларускія і кітайскія даследчыкі маюць намер супрацоўнічаць у галіне інтэлектуальных сетак, “разумных” мікрараёнаў, “разумных” ферм і “разумных” гарадоў. Сёння таксама дасягнуты дамоўленасці развіваць супрацоўніцтва шляхам абмену візітамі на ўзроўні кіраўніцтва і асобных вучоных, сумеснага апублікавання вынікаў навуковых даследаванняў, узаемнага інфармавання аб нацыянальных даследчых праектах.

Кажучы пра важнасць падпісанага сёння дакумента, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў прапанаваў кітайскаму боку рэалізацыю сумеснага беларуска-кітайскага праекта “разумны дом”. “Мы ўжо распрацавалі праектна-каштарысную дакументацыю аб стварэнні ў НАН Беларусі “разумнага дома”. Гэты праект мог бы стаць сумесным”, – падкрэсліў Уладзімір Гусакоў. Акрамя дадзеных напрамкаў, Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў прапанаваў кітайскім партнёрам супрацоўніцтва ў галіне альтэрнатыўных крыніц энергіі, стварэння суперкандэнсатара, сістэм ачысткі вады, святлодыёднай тэхнікі і інш.

Як падкрэсліў у час перагавораў Старшыня праўлення China Energy Engineering Corporation Limited Ван Цзяньпін, кітайскаму боку асабліва цікава супрацоўніцтва з беларускімі вучонымі ў галіне энергетыкі. “Навука ў сувязі з эканомікай – магутная сіла ў развіцці грамадства. І мы асабліва рады таму, што НАН Беларусі таксама ўдзельнічае ў рэалізацыі праекта “Адзін пояс – адзін шлях”, адзначыў с-р Ван Цзяньпін.

Кампанія China Energy Engineering Corporation Limited з’яўляецца адной з найбуйнейшых энергетычных кампаній у свеце, кампаніяй з спісу Топ 500 сусветных прадпрыемстваў, і цэнтральнай кампаніяй, якой кіруе Дзяржаўны камітэт па наглядзе і кіраванні дзяржаўнымі актывамі Дзяржаўнага савета Кітая. Сёння ў ёй працуе 140 тысяч чалавек. Кампанія Energy China аказвае поўны спектр паслуг, якія ахопліваюць кансультацыі на планаванне энергетычных праектаў, даследаванне і праектаванне, будаўнічыя работы, вытворчасць абсталявання, тэхнічнае абслугоўванне пры эксплуатацыі і кіраванне. Energy China ўкараняе інжынерныя паслугі, такія як: паслугі энергетыкі, воднай гаспадаркі, транспарту, муніцыпальнага кіравання, прамысловага і грамадзянскага будаўніцтва з дапамогай PPP + EPC і іншых бізнес мадэлей, што забяспечвае комплексныя інтэграваныя рашэнні для глабальных кліентаў. У Беларусі Energy China мае рэзідэнцкія агенцтвы, а таксама выконвае шэраг буйных праектаў.