Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

14.06.2018

Памёр вядомы анколаг член-карэспандэнт НАН Беларусі Іосіф Залуцкі

13 чэрвеня 2018 г. на 68-м годзе жыцця пасля цяжкай працяглай хваробы памёр вядомы вучоны – анколаг, дырэктар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар медыцынскіх навук, прафесар Залуцкі Іосіф Віктаравіч.

Усё жыццё Іосіфа Віктаравіча было звязана з медыцынай. Скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1978). З 1978 – у Беларускім НДІ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР (з 2007 – Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава), у 1990-1991 г. – старшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік аддзялення, з 1994 – загадчык аддзялення, у 2000-2009 – дырэктар цэнтра. Адначасова ў 1999-2007 – загадчык кафедры Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. У 2010 – намеснік акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі, з 2010 –дырэктар Інстытута фізіялогіі НАН Беларусі.

Залуцкі – вядомы вучоны ў галіне анкалогіі. Асноўны напрамак навуковых даследаванняў – распрацоўка і ўкараненне метадаў рэканструктыўна-пластычнай хірургіі пры камбінаваным і комплексным лячэнні злаякасных пухлін. На аснове шырокага эксперыментальнага і клінічнага матэрыялу І.В. Залуцкім упершыню ў краінах СНД праведзены фундаментальныя даследаванні, якія дазволілі абгрунтаваць прынцыповую магчымасць выкарыстання мікрахірургічных тэхналогій у анкалогіі. Важнай вяхой у развіцці айчыннай анкалогіі стаў распрацаваны І.В. Залуцкім прыярытэтны напрамак – вывучэнне магчымасцей рэканструктыўных і аднаўленчых аперацый як вядучага звяна медыцынскай рэабілітацыі анкалагічных хворых. Ажыццёўлена на практыцы ідэя выканання органазахавальных радыкальных аперацый у хворых пухлінамі апорна-рухальнага апарату, мяккіх тканак, галавы і шыі. Стала магчымым вяртаць да сацыяльнай і працоўнай дзейнасці хворых з другаснымі лімфедэмамі верхніх канечнасцей пасля камбінаванага і комплекснага лячэння раку малочнай залозы, фарынгастомамі пры пухлінах гартані, закрыццё дэфектаў пры шырокіх прамянёвых язвах.

І.В.Залуцкім і яго вучнямі тэарэтычна абгрунтаваны і шырока выкарыстоўваюцца для аднаўленчага лячэння і рэабілітацыі анкалагічных хворых фізічныя метады тэрапіі (лазера- і КВЧ-тэрапія, лекавы электрафарэз, магнітатэрапія). Работы І.В.Залуцкага ў галіне арганізацыі супрацьракавай барацьбы, эпідэміялогіі раку носяць наватарскі характар і ляглі ў аснову міжнародных праектаў.

І.В. Залуцкі – аўтар больш 445 навуковых і навукова-метадычных работ, у т.л.: 250 артыкулаў, 10 манаграфій, падручнікаў, кіраўніцтваў, 32 метадычныя рэкамендацыі і інструкцыі на прымяненне, 28 патэнтаў. Пад яго кіраўніцтвам абаронены 5 доктарскіх і 16 кандыдацкіх дысертацый, падрыхтаваны да абароны 2 кандыдацкія дысертацыі па спецыяльнасці “Анкалогія”.

Развітанне з член-карэспандэнтам Залуцкім І.В. пачнецца 15 чэрвеня 2018 г. у 11:00 у Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (Мінск, вул. П.Броўкі, 3, корпус 3).

Грамадзянская паніхіда адбудзецца ў 12:00