Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

26.09.2018

У ДНУ “Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі” адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Радыебіялогія: актуальныя праблемы”

27-28 верасня ў ДНУ “Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі” (г. Гомель, вул. Фядзюнінскага, 4) адбудзецца Міжнародная навуковая канферэнцыя “Радыебіялогія: актуальныя праблемы”.

У працы форуму прымуць удзел вядучыя вучоныя з Беларусі, Расіі, Казахстана, Літвы, Швецыі і Японіі.

На канферэнцыі будуць абмяркоўвацца вынікі навуковых даследаванняў па ацэнцы ўплыву электрамагнітных неіанізуючых выпраменьванняў рознага дыяпазону на біясістэмы на малекулярным, арганізмавым і папуляцыйным узроўнях; медыка-біялагічныя аспекты дзеяння радыяцыі, мадыфікацыя эфектаў, фарміраванне доз апраменьвання на біёту і чалавека, спосабы іх зніжэння, актуальныя пытанні рызыка-менеджменту.

Вучоныя разгледзяць метады радыеэкалагічнага маніторынгу забруджванняў навакольнага асяроддзя на аддаленым этапе пасля ядзерных аварый на Чарнобыльскай АЭС і на Фукусіма-1, а таксама на Сяміпалацінскім выпрабавальным ядзерным палігоне. Будуць абмеркаваны пытанні пераразмеркавання і пераносу радыенуклідаў у экасістэмах. Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваны ў зборніку матэрыялаў канферэнцыі, а таксама на сайце Інстытута радыебіялогіі.

У цяперашні час усе групы насельніцтва ў той ці іншай ступені падвяргаюцца ўздзеянню натуральных і тэхнагенных выпраменьванняў розных дыяпазонаў і частот. Па меры пашырэння выкарыстання іанізуючага і неіанізуючага электрамагнітнага выпраменьвання ў энергетыцы, медыцыне, будаўніцтве і іншых галінах народнай гаспадаркі павялічваецца і патэнцыял небяспекі. Таму для радыебіёлагаў з’яўляюцца актуальнымі такія практычныя задачы, як: распрацоўка розных сродкаў абароны арганізма ад выпраменьванняў і пошук шляхоў яго аднаўлення ад пашкоджанняў, ацэнка небяспекі для чалавецтва ўзроўню тэхнагеннай нагрузкі на навакольнае асяроддзе, які штогод павышаецца.

Адкрыццё Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Радыебіялогія: актуальныя праблемы” адбудзецца 27 верасня ў 11.00 у ДНУ “Інстытут радыебіялогіі НАН Беларусі” у г. Гомелі, вул. Фядзюнінскага, 4, канферэнц-зала, 4 паверх.

Дадатковая інфармацыя аб канферэнцыі.