Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.11.2018

У Інстытуце гісторыі НАН Беларусі адбудзецца круглы стол “Асоба Саламеі Русецкай у рэтраспектыве прасторы і часу”

13 лістапада 2018 г. у 10:00 у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (Мінск, вул. Акадэмічная, 1, пакой 223) адбудзецца круглы стол “Асоба Саламеі Русецкай у рэтраспектыве прасторы і часу”. Арганізатар: Інстытут гісторыі НАН Беларусі.

У 2018 г. спаўняецца 300 год з нараджэння Саламеі Русецкай, першай вядомай у гісторыі Беларусі жанчыны-доктара. Святкаванне 300-годдзя з дня нараджэння Саламеі Русецкай унесена ў Спіс памятных дат ЮНЭСКА на 2018 год. Пад час “круглага стала” запланавана абмеркаваць шырокае кола праблемаў: успаміны Саламеі Русецкай як крыніца па гісторыі Еўропы і Азіі XVIII ст.; жыхары Наваградчыны ў часы Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай; развіццё медыцыны ў Еўропе і Азіі ў XVIII ст.; новы погляд на ролю жанчын у Еўропе і Азіі ў XVIII ст.; Саламея Русецкая на службе Радзівілаў, Патоцкіх і іншых магнатаў Рэчы Паспалітай; Саламея Русецкая ў коле славутасцяў эпохі Асветніцтва.

Жыццё Саламеі Русецкай становіцца вядомым дзякуючы захаваўшымся яе ўспамінам “Рэха, на свет пададзенае, заняткаў, падарожжа і жыцця майго авантураў…”, якая захоўваецца ў Музеі князёў Чартарыйскіх у Кракаве. У 1993 годзе гэтыя ўспаміны былі выдадзены па-беларуску “Авантуры майго жыцця” і ўжо вытрымалі некалькі перавыданняў. У пачатку 2000-х гг. у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы ішоў спяктакль “Саламея”, прысвечаны гэтай незвычайнай жанчыне.

Саламея нарадзілася ў 1718 г. на Наваградчыне. Ужо ў 14 год выйшла замуж за лекара Якуба Гальпіра і з ім накіравалася ў сваё першае падарожжа ў Асманскую імперыю ў Стамбул. Спачатку дапамагала мужу лячыць хворых, а з часам пераняла яго веды і стала вядомым лекарам. Саламея шмат падарожнічала па Еўропе, Расійскай імперыі і Блізкім Усходзе, дзе паўсюль праслаўлялася як выдатны лекар.