Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.01.2019

Віншаванне Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі У.Р.Гусакова з Днём беларускай навукі

Паважаныя калегі! Дарагія сябры!

Ад імя Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сардэчна віншую навуковую грамадскасць нашай краіны, усіх, для каго навука з’яўляецца справай жыцця, з прафесійным святам – Днём беларускай навукі!

Мінулы юбілейны для НАН Беларусі год стаў лагічным працягам Года навукі. Мы прыступілі да рэалізацыі Стратэгіі “Навука і тэхналогіі: 2018-2040”, фарміравалі новыя навуковыя напрамкі, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы, шукалі і знаходзілі партнёраў за мяжой. Наша праца была сканцэнтравана на прыярытэтных кірунках развіцця краіны, накіравана на забеспячэнне актыўнага ўзаемадзеяння акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, на актыўную кааперацыю навукі, адукацыі і вытворчасці. Акадэмія навук наўпрост працавала з многімі міністэрствамі і ведамствамі.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка ў навагоднім звароце адзначыў: “Сёння краіне асабліва патрэбны вашыя інтэлект і энергія ... Разам мы здольныя ствараць немагчымае. Мы абавязкова пераадолеем перашкоды і забяспечым будучыню нашай Радзімы”. Гэта значыць, што ўвага да вынікаў працы навукоўцаў, навуковай сферы будзе расці.

Многае ўжо даследавана і адкрыта. Але нездарма вялікі Альберт Эйнштэйн казаў: “Навука не з’яўляецца і ніколі не будзе з’яўляцца скончанай кнігай. Кожны важны поспех прыносіць новыя пытанні. Усякае развіццё выяўляе з часам усё новыя і больш глыбокія цяжкасці”. У Акадэміі навук традыцыйна фарміруецца “ТОП-10” найбольш значных дасягненняў. Па выніках 2018 года ў яго ўвайшлі лепшыя вынікі дзейнасці вучоных Акадэміі навук у галіне фундаментальных і прыкладных даследаванняў. Яны ахопліваюць галіны фізікі і фармацэўтыкі, матэрыялазнаўства і хіміі, прыродакарыстання і біятэхналогій, радыебіялогіі і селекцыі, падводнай археалогіі і генетыкі сельскагаспадарчых жывёл. Гэта вынікі сусветнага ўзроўню!

Акадэмія навук у цэлым паспяхова завяршыла мінулы год. Выкананы асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Многія навукоўцы былі ўдастоены высокіх дзяржаўных узнагарод, адзначаны прэміямі НАН Беларусі. Нядаўна мы заснавалі новы медаль – імя першага Прэзідэнта Беларускай акадэміі навук Усевалада Ігнатоўскага. Менавіта ён першым стаў за рулём галоўнай навуковай установы маладой рэспублікі. Некаторыя навукоўцы яе ўжо атрымалі. Патрэбны новыя выбітныя вынікі. Жадаю вам, дарагія калегі, творчых поспехаў, новых ідэй і руху толькі наперад.

Шчасця, дабрабыту, здароўя вам і вашым блізкім!

Уладзімір Гусакоў,
Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік