Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

24.01.2019

На Дні беларускай навукі НАН Беларусі прадставіць 97 новых распрацовак і тэхналогій

На выставе навукова-тэхнічных дасягненняў на ўрачыстасцях, прысвечаных Дню беларускай навукі, арганізацыі НАН Беларусі прадставяць 97 новых распрацовак і тэхналогій.

Навукова-практычны цэнтр па матэрыялазнаўстве НАН Беларусі пакажа вопытны ўзор суперкандэнсатара на аснове графензмяшчальнага матэрыялу. Гэтая распрацоўка сусветнага ўзроўню ўжываецца ў вытворчасці назапашвальнікаў энергіі для электратранспарту і не мае замежных аналагаў. Увазе наведвальнікаў выставы будзе таксама прадстаўлены графензмяшчальны матэрыял. Гэта таксама распрацоўка сусветнага ўзроўню. Ужываецца ў вытворчасці канструкцыйных элементаў, назапашвальніках энергіі, змазкі, сарбентаў, сэнсараў і інш.

Аб’яднаны інстытут машынабудавання прадставіць шырокі шэраг распрацовак для электратранспарту. Гэта – кампаненты электрычных сілавых установак: інвертар электрапрывада – на кіраванне цягавым электрарухавіком; блок батарэі – для забеспячэння электрычнай энергіяй цягавага электрапрывада і іншых бартавых сістэм электрамабіля; зарадная прылада – для зараду цягавай акумулятарнай батарэі легкавых аўтамабіляў і малых тэхналагічных машын.

Цэлую лінейку персанальных электрычных транспартных сродкаў прадэманструе на выставе ААТ “Прыборабудаўнічы завод Оптрон” НАН Беларусі. Гэта – электравеласіпед з пярэднім прывадам, электраскутар, а таксама электрафэт-байк.

На выставе можна будзе ўбачыць шэраг унікальных распрацовак навукоўцаў Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі. Сярод іх – генератар паветранага плазменнага струменя для стэрылізацыі і паскарэння гаення ран. Апарат прызначаны для стымуляцыі біялагічных працэсаў у жывых тканках, гаення ран, стэрылізацыі тэрмаадчувальных паверхняў, уключаючы скуру і слізістыя абалонкі. Узровень распрацоўкі – сусветны.

Інстытут хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі ўпершыню прадставіць навуковай грамадскасці новую распрацоўку “Разумныя вокны”. Гэта – пасіўная сістэма для энергаэфектыўных вокнаў, якая памяншае пранікненне сонечнага цеплавога выпраменьвання праз акно, перашкаджаючы нагрэву, тым самым зніжае выдаткі на кандыцыянаванне памяшкання.

25 студзеня 2019 года ў НАН Беларусі адбудзецца рэспубліканскі сход навуковай грамадскасці, прысвечаны Дню беларускай навукі. У мерапрыемстве прымуць удзел каля пяцісот прадстаўнікоў акадэмічнай, вузаўскай і галіновай навукі, маладыя навукоўцы, кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў, вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь.

З 9.00 будзе разгорнута выстава дасягненняў і найбольш значных вынікаў навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь. Навукоўцы і даследчыкі краіны прадставяць больш за 220 новых інавацыйных і навуковых распрацовак. Свае вынікі на выставе прадставяць арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, Міністэрства сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, інавацыйныя прадпрыемствы і тэхнапаркі. Асноўная мэта маштабнай экспазіцыі – дэманстрацыя вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак навукі краіны, эфектыўнасці рэалізацыі дзяржаўных праграм у сферы навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці і праводзімай работы па ўмацаванні сувязі навукі з вытворчасцю. Дзень беларускай навукі адзначаецца ў нашай краіне ў апошнюю нядзелю студзеня.