Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

09.02.2019

Кніга Выдавецкага дома “Беларуская навука” ўдастоена ўзнагароды Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі”

8 лютага 2019 года ў рамках мерапрыемстваў 26-й Мінскай кніжнай выставы-кірмашу ў Палацы мастацтва адбылося ўзнагароджанне работ-пераможцаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі” беларускіх кнігавыдаўцоў у 2018 годзе ў 14 намінацыях.

Кніга Выдавецкага дома “Беларуская навука” была ўдастоена дыплома пераможцы ў намінацыі “Духоўнасць” за выданне Вольгі Лабачэўскай “Мастацтва дзеля славы Божай: саламяныя іканастасныя вароты і царкоўна-культавыя прадметы”. Узнагароду з рук арганізатараў конкурсу прыняў дырэктар выдавецтва Аляксандр Дудзік.

Дадзенае выданне прадстаўляе шэдэўры беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – саламяныя царскія вароты XIX ст. іканастасаў палескіх цэркваў. На падставе ўпершыню ўведзеных архіўных крыніц і публікацый разглядаецца гісторыя вывучэння, музеефікацыі і рэстаўрацыі ўнікальных саламяных твораў сакральнага прызначэння, мастацкая стылістыка і тэхніка іх пляцення, аналізуюцца народныя вытокі гэтага віду мастацтва.

Таксама вучоныя НАН Беларусі прынялі актыўны ўдзел у падрыхтоўцы шэрагу выданняў, удастоеных увагі журы ў іншых намінацыях. Вышэйшая ўзнагарода ў намінацыі “Трыумф” прысуджана 4-томнаму выданню “Вялiкi гiстарычны атлас Беларусi” (вучоныя Інстытута гісторыі НАН Беларусі), выпушчанаму РУП “Белкартаграфія” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці. У намінацыі “Эўрыка” сярод навукова-папулярных выданняў адзначаны дыпломамі першай ступені выданні “Беларусь: шлях у космас” (пад рэд. П.А. Віцязя), “Беларусь – Літва: час збліжэння” Уладзіміра Дражына, выдадзенай ТДА “Бяловагруп”. У намінацыі “Залатыя скрыжалі” сярод даведачных і энцыклапедычных выданняў “Залаты фаліянт” і дыплом пераможцы ўручылі выдавецтву “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” за падрыхтоўку і выданне персанальнай трохтомным энцыклапедыі “Янка Купала” (вучоныя ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры”). Дыплом першай ступені атрымала кніга-альбом “Музеі Беларусі” (вучоныя аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы) таго ж выдавецтва. Дыплом другой ступені прысуджаны выдавецтву “Беларусь” за кнігу Барыса Лазукі “У засені замкаў і палацаў: матэрыяльная культура сацыяльнай эліты Беларусі XII – пачатку XX стагоддзя” (вучоныя аддзела старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы). Пераможцамі ў намінацыі “АРТ-кніга” сярод выданняў па выяўленчым мастацтве, факсімільных, рэпрынтных і бібліяграфічных стала выданне Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў “Веліч і слава Магілёўшчыны. Слава Беларусі і Расіі” (член-кар. НАН Беларусі І.А.Марзалюк) і інш.