Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

27.02.2019

У НАН Беларусі адбудзецца адкрыццё Навукова-вытворчага цэнтра біятэхналогій

1 сакавіка 2019 года (пятніца) у 15:00 у Інстытуце мікрабіялогіі НАН Беларусі (вул. Акадэміка Купрэвіча, 2) адбудзецца адкрыццё 1-га пускавога комплексу Навукова-вытворчага цэнтра біятэхналогій.

У рамках мерапрыемства будзе арганізавана выстава інавацыйных біятэхналагічных распрацовак арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, абмеркаваны пытанні развіцця біятэхналагічнай галіны Рэспублікі Беларусь і павышэння яе экспартнага патэнцыялу.

Цэнтр уяўляе сабой біятэхналагічную вытворчасць поўнага цыкла, якая аснашчана сучасным тэхналагічным абсталяваннем для ферментацыі мікраарганізмаў-прадуцэнтаў і атрымання розных таварных формаў біяпрэпаратаў. Яго праектная магутнасць – 20 тон сухіх прабіятычных прэпаратаў (1-ы пускавы комплекс) і 56 тон вадкіх комплексных мікробных прэпаратаў для раслінаводства (2-і пускавы комплекс) у год. Выкарыстанне названага аб’ёму прабіётыкі ў кормавытворчасці забяспечыць атрыманне звыш 40 тысяч тон высакаякасных збалансаваных айчынных кармоў для буйной рагатай жывёлы, свіней, птушкі, каштоўных відаў рыб, эканамічны эфект ад прымянення якіх складзе каля 10 млн руб. у год.

На думку спецыялістаў, функцыянаванне Цэнтра будзе садзейнічаць насычэнню ўнутранага рынку канкурэнтаздольнай экалагічна бяспечнай біятэхналагічнай прадукцыяй, пашырэнню яе асартыменту, павышэнню экспартнага патэнцыялу і запатрабаванасці на сусветным рынку, развіццю біятэхналогіі ў рэспубліцы ў цэлым. Паводле экспертных ацэнак, сусветны рынак біятэхналогій да 2025 года дасягне 2 трлн дол. ЗША, тэмпы росту – да 30% штогод. У 2030 годзе на долю гэтага сектара эканомікі будзе прыходзіцца каля 3% ВУП развітых краін з тэндэнцыяй паступовага замяшчэння традыцыйных вытворчасцей на біятэхналагічныя.

Сёння прымяненне біятэхналогій дазваляе паспяхова вырашаць глабальныя праблемы, такія як: недахоп харчавання ва ўмовах імклівага росту насельніцтва; вычарпанне прыродных рэсурсаў; тэхнагеннае забруджванне навакольнага асяроддзя. На дасягненнях біятэхналогіі грунтуецца прынцыпова новы эканамічны ўклад – біяэканоміка, якая забяспечвае ўстойлівае развіццё сучаснага грамадства.

Для павышэння канкурэнтаздольнасці айчыннай біятэхналогіі і ўмацавання яе аўтарытэту на сусветнай арэне ключавое значэнне набывае арганізацыя эфектыўных вытворчасцей, арыентаваных на выпуск імпартазамяшчальнай і экспартнай прадукцыі з высокай доляй дабаўленага кошту на аснове інавацыйных навуковых распрацовак. Стварэнне Навукова-вытворчага цэнтра біятэхналогій на базе Інстытута мікрабіялогіі – важны крок у гэтым напрамку.