Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

28.02.2019

Шэсць вучоных НАН Беларусі сталі пераможцамі конкурсу “100 ідэй для Беларусі – 2018”

У бізнес-інкубатары Парку высокіх тэхналогій падвялі вынікі восьмага конкурсу “100 ідэй для Беларусі – 2018”. Праграма фінальнага этапу конкурсу ўключала прэзентацыю перспектыўных распрацовак і абарону праектаў перад рэспубліканскім экспертным саветам.

У другой групе, дзе вылучаліся работы студэнтаў, курсантаў, слухачоў устаноў вышэйшай адукацыі, працоўнай моладзі, маладых вучоных да 35 гадоў, прадстаўнікі арганізацый НАН Беларусі сталі пераможцамі ў 6 намінацыях з 10.

У намінацыі “бія- і нанаіндустрыя” пераможцам стала старшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі Ганна Палешка – аўтар праекта “Стварэнне калекцыі індуцыраваных плюрыпатэнтных ствалавых клетак, атрыманых ад пацыентаў з рэдкімі генетычнымі захворваннямі”. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі Ганна Шчаюк з праектам “Даследаванне малекулярна-генетычных асаблівасцей патагенезу немелкаклетачнага раку лёгкага” стала лепшай у намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка”. У намінацыі “Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія” адзначана навуковы супрацоўнік Інстытута фізіка-арганічнай хіміі НАН Беларусі Таццяна Глявіцкая з праектам “Smart-мембраны для харчовай прамысловасці”. У намінацыі “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць” – навуковы супрацоўнік Цэнтра святлодыёдных і оптаэлектронных тэхналогій НАН Беларусі Павел Бягуноў – аўтар праекта “Прылада прэцызійнага УФ экспанавання”. У намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі вытворчасці” – старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мяса-малочнай прамысловасці НАН Беларусі Людміла Сакалоўская з праектам “Інавацыйныя тэхналогіі вытворчасці згушчаных малочных кансерваў з паніжаным утрыманнем дысахарыдаў”. У намінацыі “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка і энергаэфектыўнасць” – малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі Аляксей Бакуновіч – аўтар праекта “Электронны атлас “Гаенне паўнаслойнай скурнай раны: мікраанатомія і гісталогія”.

Усяго на адрас арганізатараў у гэты раз паступіла каля 2 тыс. заявак. Пасля папярэдняй ацэнкі 800 маладзёжных ініцыятыў былі прэзентаваны ў рэгіёнах Беларусі і Мінска. У рэспубліканскі фінал прайшлі 107 праектаў, распрацовак і ідэй.

У выніку вызначаны 20 пераможцаў конкурсу ў 10 намінацыях. Усе фіналісты атрымалі імянныя сертыфікаты ўдзельнікаў конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. На падставе рашэння Савета конкурсу 10 лепшых праектаў атрымаюць гранты на распрацоўку бізнес-планаў для ўдзелу ў конкурсе ў парадку і на ўмовах, вызначаных ДКНТ.

У гэтым годзе ў рабоце экспертнага савета прыняў удзел дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў (ІХНМ) НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Агабекаў.

Фота М. Гулякевіч, газета “Навука”