Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.04.2019

Беларусь і Турцыя падпісалі “Дарожную карту” навуковага супрацоўніцтва да 2021 г.

НАН Беларусі і Навукова-даследчы савет Турцыі (ТЮБІТАК) падпісалі “Дарожную карту” развіцця супрацоўніцтва на 2019-2021 гады. Подпісы пад дакументам 16 красавіка 2019 года ў Анкары паставілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў і міністр прамысловасці і тэхналогій Турэцкай Рэспублікі Мустафа Варанк.

Беларускія і турэцкія навукоўцы будуць працаваць па агульных напрамках навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва, якія ўяўляюць узаемны інтарэс. Сярод іх – оптыка для касмічнага назірання паверхні Зямлі і беспілотныя лятальныя апараты, батарэі для электрамабіляў і іншых транспартных сродкаў, кампазіцыйныя аргана-мінеральныя матэрыялы і ўзбагачэнне карысных выкапняў, новыя матэрыялы, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій для прагназавання небяспечных прыродных з’яў.

“Дарожная карта” НАН Беларусі і ТЮБІТАК прадугледжвае арганізацыю сумеснага конкурсу праектаў у прыярытэтных галінах развіцця навукі і тэхналогій па напрамках, узгодненых у ходзе семінараў у г. Гебзе (17 снежня 2018 г.) і г. Мінску (25 сакавіка 2019 г.); мерапрыемствы па развіцці, удасканаленні арганізацыі і павышэнні эфектыўнасці сумеснай навукова-тэхнічнай дзейнасці, сумесных работ паміж Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў і ТЮБІТАК, супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.

Зараз супрацоўніцтва НАН Беларусі з Турэцкай Рэспублікай ажыццяўляецца на аснове Пагаднення паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Турэцкім даследчым саветам па навуцы і тэхналогіях (ТЮБІТАК), падпісанага ў 2002 годзе, і Пагаднення аб навуковым супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Турэцкай акадэміяй навук, падпісанага ў 2009 годзе. На думку беларускіх і турэцкіх навукоўцаў, “Дарожная карта” будзе садзейнічаць актывізацыі ўзаемавыгаднай дзейнасці.

У Анкары 16 красавіка 2019 года падпісаны таксама Мемарандум аб узаемаразуменні паміж НАН Беларусі і Міністэрствам прамысловасці і тэхналогій Турэцкай Рэспублікі аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ў Антарктыцы.

Фота Прэс-службы Прэзідэнта Турэцкай Рэспублікі