Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.04.2019

У НАН адбудзецца Круглы стол “Навукова-аналітычнае забеспячэнне Беларуска-Кітайскага супрацоўніцтва ў кантэксце рэалізацыі ініцыятывы “Пояс і шлях”

23 красавіка 2019 г. у 15:00 на базе Інстытута эканомікі НАН Беларусі (г. Мінск, вул. Сурганава д. 1, корп. 2, каб. № 1110) адбудзецца Круглы стол мазгавых цэнтраў Беларусі і Кітая “Навукова-аналітычнае забеспячэнне Беларуска-Кітайскага супрацоўніцтва ў кантэксце рэалізацыі ініцыятывы “Пояс і шлях”. Арганізатары мерапрыемства – Інстытут эканомікі НАН Беларусі і Даследчы цэнтр развіцця Дзяржаўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі.

Мэта мерапрыемства – абмен думкамі і экспертнае абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парка “Вялікі камень” і Беларуска-Кітайскага давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Для ўдзелу ў рабоце круглага стала ў Мінск прыбывае дэлегацыя Даследчага цэнтра развіцця Дзяржаўнага савета Кітайскай Народнай Рэспублікі на чале з віцэ-прэзідэнтам Чжан Цзюнько. У мерапрыемстве таксама прымуць удзел прадстаўнікі вядучых навуковых і экспертна-аналітычных цэнтраў краіны, якія даследуюць розныя аспекты беларуска-кітайскіх узаемаадносін. Сярод іх – Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў, Інстытут эканомікі НАН Беларусі, Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі, Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (член асацыяцыі SiLKS), Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі эканамічны даследчы цэнтр і інш.

Праблематыку круглага стала фарміруюць наступныя пытанні:
- стан і перспектывы развіцця палітычнага, гандлёва-эканамічнага, крэдытна-інвестыцыйнага, міжрэгіянальнага, навукова-тэхналагічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь і Кітайскай Народнай Рэспублікі;
- бізнес-асяроддзе Рэспублікі Беларусь, фактычныя і патэнцыйныя рызыкі (у тым ліку камерцыйныя, прававыя, інвестыцыйныя, арганізацыйныя і інш.), з якімі могуць сутыкнуцца кітайскія інвестары ў Рэспубліцы Беларусь і шляхі іх пераадолення;
- праблемы асваення беларускімі вытворцамі кітайскага рынку і прыцягнення прамых кітайскіх інвестыцый;
- перспектыўныя механізмы міжнароднага супрацоўніцтва і выпрацоўка прапаноў па развіцці сістэмы міжнародных нормаў ініцыятывы “Пояс і шлях” з мэтай умацавання палітычнага дыялогу.