Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.10.2019

НАН Беларусі і Акадэмія кіравання падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве

Пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне навуковай дзейнасці, адукацыі і падрыхтоўкі навуковых кадраў паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Акадэміяй кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь падпісана 4 кастрычніка 2019 года ў НАН Беларусі. Подпісы пад дакументам паставілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў і рэктар Акадэміі кіравання Генадзій Пальчык.

Мэта пагаднення – усталяванне ўсебаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж арганізацыямі, падпарадкаванымі НАН Беларусі, і Акадэміяй кіравання, накіраванага на інтэграцыю навукі і адукацыі па прыярытэтных напрамках навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці, сумеснага ажыццяўлення інавацыйнай дзейнасці. Арганізацыі будуць ажыццяўляць каардынацыю і арганізацыю ўзаемадзеяння па выкарыстанні і развіцці сучасных тэхналогій і навуковых дасягненняў у адукацыі, вытворчасці і сферы паслуг. Прадметам пагаднення з’яўляецца павышэнне якасці адукацыйнай дзейнасці, эфектыўнасці падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі, правядзенне сумесных навуковых даследаванняў у рамках дзяржаўных, галіновых і рэгіянальных навуковых і навукова-тэхнічных праграм, развіццё навуковых даследаванняў, а таксама сумесны ўдзел у міжнародных праграмах і праектах, навукова-тэхнічных мерапрыемствах і выставах.

Згодна з дакументам, Акадэмія навук і Акадэмія кіравання плануюць супрацоўнічаць у навуковай, навукова-тэхнічнай, інфармацыйнай і адукацыйнай дзейнасці. Так, у сферы адукацыйнай дзейнасці плануецца арганізацыя і правядзенне вучэбнай і вытворчай практыкі студэнтаў і слухачоў Акадэміі кіравання на базе арганізацый НАН Беларусі, а таксама павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў бакоў на базе вядучых профільных арганізацый, структурных і адасобленых падраздзяленняў НАН Беларусі і Акадэміі кіравання. Прадугледжана таксама сумесная распрацоўка і ўкараненне навучальных дысцыплін, распрацоўка і выпуск падручнікаў і вучэбна-метадычнай літаратуры з улікам дасягненняў і тэндэнцый развіцця айчыннай і сусветнай навукі.

Як адзначыў Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, –“Падпісанне дакумента – важная падзея. Пагадненне дае прававую аснову для нарошчвання нашага ўзаемадзеяння па ўсіх напрамках – у кадравым, метадычным і навуковым плане. Неабходна ўзмацніць супрацоўніцтва Акадэміі навук з вядучымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі краіны”.

У сваю чаргу, рэктар Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Генадзій Пальчык падкрэсліў, што Пагадненне з’яўляецца своеасаблівай дарожнай картай. “Гэта – той напрамак, які мы напоўнім канкрэтнымі сумеснымі мерапрыемствамі з вучонымі Акадэміі навук. Гэта – новы імпульс для нас”, – адзначыў Генадзій Пальчык.

Акрамя Пагаднення з Акадэміяй кіравання, НАН Беларусі ўжо мае Пагадненне з Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам.

Фота С. Дубовік, газета “Навука”