Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

08.10.2019

НАН Беларусі на выставе EnergyExpo прадставіць звыш 65 навукова-тэхнічных распрацовак

На выставе “Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра” (EnergyExpo), якая пройдзе ў час Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму з 8 па 11 кастрычніка, НАН Беларусі прадставіць звыш 65 навукова-тэхнічных распрацовак і тэхналогій.

Прыборабудаўнічы завод Аптрон НАН Беларусі прадставіць лінейку электратранспарту (электраскутар і электратрайк). Аб’яднаны інстытут машынабудавання НАН Беларусі прадэманструе кампаненты электрычных сілавых установак: сінхронны электрарухавік на пастаянных магнітах, інвертар электрапрывада, базавы модуль акумулятарнай батарэі і зарадная прылада. Сінхронны электрарухавік на пастаянных магнітах прызначаны для прымянення ў сілавой устаноўцы легкавога электрамабіля. Інвертар электрапрывада – на кіраванне цягавым электрарухавіком. Базавы модуль акумулятарнай батарэі выкарыстоўваецца для забеспячэння электрычнай энергіяй цягавага электрапрывада і іншых бартавых сістэм электрамабіля. Зарадная прылада прызначана для зараду цягавай акумулятарнай батарэі.

Вучоныя Інстытута прыкладной фізікі НАН Беларусі распрацавалі сістэму маніторынгу металічных канструкцый на адказных канструкцыях і збудаваннях, (у тым ліку аб’ектах энергасістэмы). Гэтая сістэма забяспечвае бесперапынны кантроль за станам апорных канструкцый у ходзе іх будаўніцтва і эксплуатацыі.

Інстытут мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прадставіць на выставе комплексны прэпарат БИОВИР – для абеззаражання і ачысткі вады ў сажалках і вадаёмах. Высокаэфектыўны і экалагічна бяспечны прэпарат зніжае ўтрыманне біягенных элементаў (мінеральнага фосфару, нітратнага і аманійнага азоту) у 2 разы, колькасць сіне-зялёных водарасцяў ў 5-7 разоў, фітапланктону ў 3 разы; забяспечвае дэструкцыю арганічнага рэчыва ў 1,5 раза больш актыўна, чым у кантрольных сажалках ад арганічных і мінеральных забруджванняў. Айчынныя аналагі прэпарата адсутнічаюць, па эфектыўнасці дзеяння ён пераўзыходзіць замежныя аналагі.

XXIV Беларускі энергетычны і экалагічны форум пройдзе ў Мінску з 8 па 11 кастрычніка. Ён уключае міжнародныя спецыялізаваныя выставы “Энергетыка. Экалогія. Энергазберажэнне. Электра”, “Oil & Gas Technologies”, “Атамэкспа-Беларусь”, “Экспасвятло”, “Водныя і паветраныя тэхналогіі”, “ЭкспаГорад” і XXIV Беларускі энергетычны і экалагічны кангрэс. На форуме ўдзельнікі прадставяць сучаснае абсталяванне і тэхналогіі для вытворчасці і размеркавання электрычнай і цеплавой энергіі, аўтаматызаваныя сістэмы, энерга- і рэсурсазберагальныя тэхналогіі.

Фота М. Гулякевіч, газета “Навука”



Тэгi
#выставы