Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

13.12.2019

Вучоныя НАН Беларусі падрыхтавалі навуковую працу па глебах Беларусі

Манаграфія “Глебы Рэспублікі Беларусь” падрыхтавана калектывам аўтараў Інстытута глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі пад агульнай рэдакцыяй акадэміка Віталія Лапы. Унікальная навуковая праца выкладзена на 632 старонках, уключае 9 глаў, 38 падглаў і падпунктаў, змяшчае 336 табліц, 166 фота, 89 малюнкаў. Манаграфія выдадзена ў снежні 2019 года па выніках выканання праграмы фундаментальных глебавых даследаванняў і прызначана для спецыялістаў у галіне глебазнаўства, аграхіміі, земляробства, экалогіі, меліярацыі, землеўпарадкавання.

У манаграфіі “Глебы Рэспублікі Беларусь” выкладзена сістэматызаваная інфармацыя пра актуальныя паказчыкі аграэкалагічнага стану і накіраванасці прасторава-часавай трансфармацыі будовы, складу і ўласцівасцей глеб рэспублікі на падставе даных глебавых разрэзаў, закладзеных на асноўных глебавых разнавіднасцях, навукова-даследчых, буйнамаштабных глебава-картаграфічных і землеацэначных работ.

У працы прадстаўлены вынікі колькаснай і якаснай ацэнкі рэгіянальных асаблівасцей трансфармацыі будовы, складу і ўласцівасцей найбольш распаўсюджаных тыпаў глеб сельскагаспадарчых зямель рэспублікі з улікам генезісу, ступені ўвільгатнення, пабудовы глебаўтваральных і падсцілаючых парод пад уплывам антрапагеннага фактару за больш чым 40-гадовы перыяд з часу апублікавання навуковай працы “Глебы Беларускай ССР” (1974).


Тэгi
#выданні