Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

17.12.2019

Калядны тыдзень навукі і інавацый пройдзе ў Мінску 23-27 снежня 2019 года

Калядны тыдзень навукі і інавацый пройдзе ў Мінску 23-27 снежня 2019 г. Яго галоўная мэта – павышэнне прэстыжу навукі, папулярызацыя дасягненняў беларускіх вучоных, а таксама прыцягненне вучняў да заняткаў навукова-даследчай дзейнасцю. Арганізатары мерапрыемства – НАН Беларусі і Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі.

Урачыстае адкрыццё адбудзецца 23 снежня 2019 года ў 11:00 у Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі (Старавіленскі тракт, 41). Удзельнікаў чакаюць майстар-класы і інтэрактыўныя пляцоўкі: “Прафарыентацыя ў віртуальнай рэальнасці”, “Урокі фізікі ў дапоўненай рэальнасці”, “Ракета, якая працуе на вадзе”, “Стварэнне гоначнага аўто”, “Робататэхніка ў адукацыі”. З навукова-папулярнай лекцыяй “10 галоўных адкрыццяў біялогіі за апошнія 100 гадоў” выступіць Аляксандра Скарабагатава, старшыня Савета маладых вучоных Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі.

Пасля абеду 23 снежня ў 14:00-16:00 школьнікаў чакаюць у Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі (вул. Сурганава 6). Тэма экскурсіі – “Штучны інтэлект, біяінфарматыкі, космас”. Дзеці наведаюць суперкамп’ютарны цэнтр, OpenLab лабараторыю робататэхнікі, лабараторыю распазнання і сінтэзу гаворкі, паслухаюць навукова-папулярныя лекцыі: “Што такое біяінфарматыка?”, “Як структурныя біяінфарматыкі спрабуюць перагнаць прыроду”, “Знайдзі лекі сам! або Machine learning is easy!”, “We do the other things, not because they are easy, but because they are hard (Космас)“. У гэты ж дзень адбудзецца экскурсія ў Інстытут фізіялогіі НАН Беларусі (вул. Акадэмічная, 28). Старшыня Савета маладых вучоных Аддзялення медыцынскіх навук НАН Беларусі Маргарыта Досіна выступіць з навукова-папулярнай лекцыяй “Штучныя і натуральныя нейронавыя сеткі: праблемы і перспектывы”.

Тэма другога дня – “Энергетыка, уключаючы альтэрнатыўную, ядзерную і сонечную энергетыку. Аўтамабілі і электратранспарт”. 24 снежня ў 14:00-16:00 адбудзецца экскурсія ў Інстытут энергетыкі НАН Беларусі (вул. Акадэмічная, 15 к.2.), Дзе адбудуцца лекцыі: “Фізіка альтэрнатыўнай энергетыкі” і “Чаму вас не павінен здзіўляць ККД у 101%” . У Аб’яднаным інстытуце машынабудавання НАН Беларусі (вул. Акадэмічная, 12) дзяцей чакае экскурсія і лекцыі: “Інавацыі і інфармацыйныя тэхналогіі ў машынабудаванні”, “Электрычны транспарт – транспарт будучыні”.

Тэма 26 снежня ў 11:00-13:00 – “Новыя матэрыялы, вырабы і тэхналогіі для іх стварэння”. Школьнікі наведаюць Фізіка-тэхнічны інстытут НАН Беларусі (вул. Акадэміка Купрэвіча, 10) з удзелам прадстаўнікоў Інстытута хіміі новых матэрыялаў НАН Беларусі і праслухаюць лекцыі: “Адытыўныя і 3D тэхналогіі для атрымання інавацыйных матэрыялаў” і “Новыя матэрыялы для медыцыны і тэхнікі”.

Урачыстае закрыццё і падвядзенне вынікаў Каляднага тыдня навукі і інавацый адбудзецца 27 снежня ў 11:00 у Прэзідыуме НАН Беларусі (пр.Незалежнасці, 66, вялікая канферэнц-зала). Удзельнікам будуць уручаны сертыфікаты, перад імі выступяць маладыя вучоныя. Госці наведаюць музей гісторыі НАН Беларусі і пастаянна дзеючую выставу распрацовак НАН Беларусі.

Праграма мерапрыемстваў


Тэгi
#анонсы