Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

20.12.2019

Званне “Вучоны года НАН Беларусі – 2019” прысвоена Аляксандру Кавалені

Прэзідыум НАН Беларусі 20 снежня 2019 года зацвердзіў вынікі конкурсу “Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2019”, праведзенага Камісіяй экспертаў, і прыняў рашэнне прысвоіць званне “Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі – 2019” акадэміку-сакратару Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі , члену-карэспандэнту НАН Беларусі, доктару гістарычных навук Аляксандру Кавалені.

Аляксандр Каваленя – вядомы ў нашай краіне і за мяжой вучоны ў галіне гістарычнай навукі. Асноўнымі кірункамі яго навуковай дзейнасці з’яўляецца даследаванне гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, партызанскага руху і падпольнай барацьбы на акупіраванай тэрыторыі Беларусі (1941-1944 гг.), маладзёжнага руху ХХ ст.

Аляксандр Каваленя з’яўляецца ініцыятарам, распрацоўшчыкам і сувыканаўцам унікальнага фундаментальнага міжведамаснага навуковага праекта “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці” ў пяці тамах, прэзентацыя першага тома якога адбылася ў студзені 2019 года. У дадзенай працы на аснове найноўшых дасягненняў сучаснай беларускай гістарычнай навукі, нацыянальна-дзяржаўнай ідэалогіі Рэспублікі Беларусь упершыню сфармуляваны гістарычныя і нацыянальныя формы беларускай дзяржаўнасці, абагульнены і раскрыты вельмі складаныя працэсы і падзеі генезісу і развіцця беларускай дзяржаўнасці ад старажытнасці да сучаснасці. Асаблівае месца ў гэтым праекце нададзена асвятленню працэсу станаўлення і развіцця незалежнай суверэннай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.

Аляксандр Каваленя прымаў актыўны ўдзел у распрацоўцы канцэпцыі чатырохтомнага “Вялікага гістарычнага атласа Беларусі”, рэдагаванні і падрыхтоўцы шэрагу карт і спецыяльных тэкстаў. У 2019 г. праведзена работа па стварэнні карт для абагульняючага пятага тома атласа. У цяперашні час выступае навуковым кіраўніком дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў “Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства” на 2016-2020 гг. і навуковым кіраўніком задання “Беларусь у геапалітычных працэсах ХХ - пачатку ХХI стст.” дадзенай праграмы.

Аляксандр Каваленя з’яўляецца галоўным рэдактарам часопіса “Весці Нацыянальнай акадэміі наук Беларусі. Серыя гуманітарных наук”, “Гістарычна-археалагічнага зборніка “, членам рэдкалегіі часопісаў: “Архiвы i справаводства”, “Беларуская думка”, “Гістарычная прастора. Праблемы гісторыі краін СНД” (Расійская Федэрацыя), “Беларускі гістарычны часопіс”, “Гісторыя і грамадазнаўства”, “Сацыяльна-эканамічныя і прававыя даследаванні”, “Даклады Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі”, “Нёман”, “Полымя”, “Радзіма” (Расійская Федэрацыя), “Педагагічная навука і адукацыя”, “Белая Вежа”. Навуковы рэдактар і рэцэнзент многіх манаграфічных даследаванняў і навукова-папулярных выданняў. Аляксандр Каваленя падтрымлівае цесную сувязь з сістэмай адукацыі Рэспублікі Беларусь. З’яўляецца аўтарам 25 падручнікаў і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для агульнаадукацыйнай школы і вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку 6 з іх выдадзены пад грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Аляксандра Кавалені для агульнаадукацыйнай школы і вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь упершыню распрацаваны вучэбна-метадычны комплекс “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”, які ўключае праграму, падручнік, даведнік, рабочы сшытак, хрэстаматыю, дапаможнік для настаўніка. Падручнік “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)” прызнаны лепшым у СНД. З’яўляецца членам навукова-тэхнічнага савета па галіновай навукова-тэхнічнай праграме “Выхаванне праз навучанне” пры Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У 2019 годзе па даручэнні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле Аляксандра Кавалені падрыхтаваны да перавыдання падручнік “Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)”. Вучоны з’яўляецца ініцыятарам і адным з распрацоўшчыкаў праекта Канцэпцыі гісторыі Беларусі, адобранай на ІV Міжнародным кангрэсе гісторыкаў Беларусі “Гістарычная навука Беларусі: асобы, канцэпцыі, дасягненні (да 90-годдзя Інстытута гісторыі НАН Беларусі)” (Мінск 17-18 кастрычніка 2019 г.) . У 2019 годзе падрыхтаваны шэраг публікацый у грамадска-палітычных і навукова-метадычных выданнях, праведзена вялікая праца ў якасці старшыні савета па захаванні гістарычнай спадчыны.

У 2019 г. быў арганізатарам і ўдзельнікам 10 навукова-практычных мерапрыемстваў. Сярод іх: Міжнародная навуковая канферэнцыя “Аперацыя “Баграціён” (да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі)” (Мінск, 27-28 чэрвеня 2019 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя “Назаўжды разам (да 80-годдзя ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР)” (Мінск, 18 верасня 2019 г.); Міжнародная навуковая канферэнцыя “Гістарычная памяць пра Беларусь як фактар кансалідацыі грамадства” (Мінск, 26-27 верасня 2019 г.) (Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нацысцкай акупацыі)” (Мінск, 27-28 чэрвеня 2019 г.); ІV Міжнародны кангрэс гісторыкаў Беларусі “Гістарычная навука Беларусі: асобы, канцэпцыі, дасягненні (да 90-годдзя Інстытута гісторыі НАН Беларусі)» (Мінск 17-18 кастрычніка 2019 г.) і інш.

Аляксандр Каваленя – выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь (2002); заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2014). Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2006), залатым медалём НАН Беларусі “За вялікі ўклад у развіццё навукі” (2016). У 2018 годзе за манаграфію “Краіна ў агні 1941 – 1945” у трох тамах, шасці кнігах у складзе калектыву беларускіх і расійскіх вучоных стаў лаўрэатам Прэміі Расійскай акадэміі навук і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

За час навукова-педагагічнай работы і навукова-даследчай дзейнасці Аляксандр Каваленя апублікаваў больш за 490 навуковых і вучэбна-метадычных прац, у тым ліку 34 манаграфіі (4 індывідуальныя), 25 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. Аляксандр Каваленя выступіў арганізатарам і ўдзельнікам больш чым 150 міжнародных, рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцый і навуковых кангрэсаў. Неаднаразова выступаў з пленарнымі дакладамі на міжнародных навуковых форумах у Расіі, Украіне, Кітаі, Францыі, Польшчы, Германіі.

Званне “Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі” прысуджаецца штогод. Мэта конкурсу на прысуджэнне гэтага звання – выяўленне і заахвочванне найбольш эфектыўна працуючых вучоных Акадэміі навук, азнаямленне навуковай грамадскасці з найбольш значнымі дасягненнямі вучоных, умацаванне іміджу НАН Беларусі. Мяркуецца, што гэты конкурс будзе стымуляваць творчую актыўнасць, спрыяць павышэнню прэстыжу навукова-даследчай і інавацыйнай дзейнасці, выніковасці навуковай працы і інавацыйнай дзейнасці, развіццю навуковых школ, якія дзейнічаюць у НАН Беларусі.