Канкарданс – унікальны лексікаграфічны даведнік, які пабачыў свет у выдавецтве “Беларуская навука”. Аўтар праекта – навуковы супрацоўнік аддзела славянскага і тэарэтычнага мовазнаўства Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Н.М. Сянкевіч.
Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст. – першы ў айчыннай лінгвістыцы фундаментальны праект такога тыпу. Гэта комплекс слоўнікаў, складзеных на аснове корпуса тэкстаў, заснаванага на ўсіх творах мастацкай літаратуры ХІХ ст. Усе тэксты змяшчаюцца ў максімальна набліжаным да арыгіналу выглядзе. У склад канкарданса ўвайшлі ўласна канкарданс, у якім кожнае словаўжыванне ў тэксце суправаджаецца тэкставай ілюстрацыяй і звесткамі пра яго частотнасць і месцазнаходжанне, 6 частотных слоўнікаў, паказальнік слоў і адваротны слоўнік. Спісы змешчаных у канкардансе тэкстаў уяўляюць сабой сістэматызаваны бібліяграфічны паказальнік беларускамоўнай мастацкай літаратуры гэтага перыяду.Акрамя агульнага канкарданса, у даведнік уключаны чатыры канкардансы мовы асобных аўтараў: В. Дуніна-Марцінкевіча, А. Ельскага, К. Каганца і К. Каліноўскага.
“Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя” будзе карысным як для спецыялістаў-філолагаў, якія атрымалі надзейную базу для вывучэння розных аспектаў беларускай мовы на этапе фарміравання яе літаратурнай формы, так і для шырокага кола чытачоў, што цікавяцца літаратурнай спадчынай беларускага народа. Даследаванне частотнасці лексічных адзінак дазваляе зрабіць высновы пра асаблівасці стылю пісьменніка, прасачыць, наколькі блізкая па тэматыцы творчасць розных аўтараў, зрабіць высновы адносна магістральных шляхоў развіцця беларускай мовы ў ХІХ ст.
Кантакты: Гаранін Сяргей Лявонцьевіч: 8017 2841531