Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

18.05.2020

НАН Беларусі і Акадэмія навук правінцыі Гуандун створаць сумесны Цэнтр прамысловых тэхналогій

18 мая 2020 года НАН Беларусі і Акадэмія навук правінцыі Гуандун (КНР) падпісалі рамачнае Пагадненне аб стварэнні ААТ «Кітайска-Беларускі інавацыйны Цэнтр прамысловых тэхналогій». Подпісы пад дакументам у рэжыме анлайн-цырымоніі паставілі Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў і Прэзідэнт Акадэміі навук правінцыі Гуандун Ляа Бін. Таксама пры падпісанні дакумента прысутнічалі онлайн Кіраўнік адміністрацыі Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка і Дырэктар аддзела па навуцы, адукацыі і культуры Пасольства КНР у Рэспубліцы Беларусь Чжан Цзішань.

Згодна з дакументам, з мэтай паглыблення цеснага і сяброўскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» бакі дамовіліся пра тое, што падначаленыя ім арганізацыі створаць сумеснае прадпрыемства – таварыства з абмежаванай адказнасцю «Кітайска-Беларускі інавацыйны Цэнтр прамысловых тэхналогій». Плануецца, што Цэнтр размесціцца ў нядаўна ўзведзеным будынку Інавацыйнага цэнтра ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Цэнтр будзе правяраць і адбіраць праекты навуковага супрацоўніцтва паміж Акадэміяй навук правінцыі Гуандун і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, займацца паглыбленымі даследаваннямі і распрацоўкамі ў галіне навукі і тэхнікі, а таксама перадаваць іх рэзультаты ў распараджэнне абодвум бакам у парадку, прадугледжаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У рамках дзейнасці Цэнтра беларускія і кітайскія вучоныя плануюць сумесна выконваць навукова-даследчыя і вопытна-канструктарскія работы, ажыццяўляць дзейнасць у якасці інкубатара для навукова-тэхнічных праектаў, аказваць кансультацыйныя паслугі на камерцыйнай аснове. Бакі ўпэўненыя, што стварэнне Цэнтра дазволіць ім ажыццяўляць сістэматычнае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва і абмен навукова-тэхнічнымі дасягненнямі для наступнай іх мадыфікацыі і трансферу.

Даследчыкаў НАН Беларусі і правінцыі Гуандун звязваюць даўнія навуковыя сувязі: падпісана каля 40 пагадненняў і пратаколаў (мемарандумаў) аб супрацоўніцтве з арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі правінцыі Гуандун, створаны 2 сумесныя Цэнтры. Так, у 2019 годзе на базе ДНУ «Цэнтр сістэмнага аналізу і стратэгічных даследаванняў НАН Беларусі» і ААТ «Гуанчжоўская адукацыйная і навукова-тэхнічная кампанія “У Сін”» быў створаны Беларуска-кітайскі навукова-практычны цэнтр вылічальнай семантыкі, штучных інтэлектуальных сістэм і смарт-тэхналогій «У Сін». Таксама ў 2019 годзе паміж Народным урадам раёна Хайчжу г. Гуанчжоу, НАН Беларусі і Гуандунскім саюзам па міжнародным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве з краінамі СНД быў падпісаны Мемарандум аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве па стварэнні Гуанчжоўскага інавацыйнага цэнтра НАН Беларусі.

Фота М. Гулякевіч, газета Навука