Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

04.03.2019

Прадстаўнікі НАН Беларусі прынялі ўдзел у 56-й сесіі Навукова-тэхнічнага падкамітэта Камітэта ААН па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах

У г. Вена (Аўстрыйская Рэспубліка) з 11 па 22 лютага 2018 г. адбылася 56-я сесія Навукова-тэхнічнага падкамітэта Камітэта Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах (НТПК).

Рэспубліку Беларусь на 56-й сесіі НТПК прадстаўляла дэлегацыя ў складзе начальніка аддзела па касмічнай дзейнасці апарата НАН Беларусі Бучы І.М., дырэктара навукова-інжынернага рэспубліканскага прадпрыемства “Геаінфармацыйныя сістэмы” Залатога С.А. і прадстаўніка пасольства Рэспублікі Беларусь у Аўстрыйскай Рэспубліцы Мішкаруднага І.М.

У рабоце сесіі прынялі ўдзел дэлегацыі больш за 80 краін свету, а таксама назіральнікі ад Еўрапейскага саюза, Еўрапейскага касмічнага агенцтва, Міжнароднай федэрацыі астранаўтыкі і цэлага шэрагу міжнародных урадавых і няўрадавых арганізацый.

Сесія разгледзела прадстаўленыя дзяржавамі даклады аб праведзеных нацыянальных мерапрыемствах у касмічнай сферы, пытанні доўгатэрміновай устойлівасці касмічнай дзейнасці, барацьбы з касмічным смеццем, выкарыстання касмічных тэхналогій для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з космасу, маніторынгу, папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый з выкарыстаннем касмічнай тэхнікі і тэхналогій, патрэбы і магчымасці выкарыстання малых спадарожнікаў для маніторынгу касмічнага надвор’я, прымянення касмічнай тэхнікі ў мэтах эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця дзяржаў. Разгледжаны і зацверджаны даклады рабочых груп НТПК па выкарыстанні ядзерных крыніц энергіі ў космасе, па космасе і сусветнай ахове здароўя, а таксама кароткі даклад рабочай групы па распрацоўцы стратэгіі ўстойлівага развіцця сусветнай касмічнай дзейнасці да 2030 года “Космас-2030”.

У рамках разгляду пытання аб праведзеных нацыянальных мерапрыемствах у касмічнай сферы адбылося выступленне Бучы І.М. з інфармацыяй аб 31-м Міжнародным Кангрэсе асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які прайшоў у верасні 2018 года ў г. Мінску з дэманстрацыяй відэафільма аб касмічным форуме, а таксама, у рамках абмеркавання пытанняў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі – выступленне Залатога С.А. аб стварэнні і развіцці шматузроўневай Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем касмічных, авіяцыйных і наземных сродкаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і тэхналогій іх прымянення.

Удзел у форуме дазволіў прэзентаваць на высокім міжнародным узроўні дзейнасць Рэспублікі Беларусь у касмічнай сферы, спрыяў далейшаму развіццю кантактаў з краінамі, якія ажыццяўляюць актыўную касмічную дзейнасць.

Паводле інфармацыі Агенцтва па касмічных даследаваннях НАН Беларусі