Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2010 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Кастрычнік 2010 года

31.10.2010

На наступным тыдні адбудзецца беларуска-карэйская кааперацыйная біржа ў галіне новых і высокіх тэхналогій

РЦТТ 4 лістапада 2010 г. у Рэспубліканскім цэнтры трансферу тэхналогій (РЦТТ) па адрасе: г. Мінск, пр. Незалежнасці, 66-100, будзе праходзіць беларуска-карэйская кааперацыйная біржа ў галіне новых і высокіх тэхналогій, арганізатарамі якой выступаюць РЦТТ і Карэйскі тэхна-венчурны фонд (КТВФ). Праграма мерапрыемства ўключае прэзентацыі беларускіх тэхналогій і правядзенне перамоў; наведванне беларускіх арганізацый, зацікаўленых у супрацоўніцтве з карэйскімі партнёрамі. Заяўкі-анкеты на ўдзел у кааперацыйнай біржы прымаюцца да 1 лістападзе 2010 г. Бланк заяўкі і іншая неабходная інфармацыя размешчаны тут.


31.10.2010

1 лістапада ў рамках міжнароднага сімпозіума па трыбафатыцы адбудзецца пасяджэння спецыяльнай навуковай сесіі "Філасофія, сінергетыка і трыбафатыка"

Інстытут філасофіі НАН Беларусі 1 лістапада 2010 г. у рамках VI Міжнароднага сімпозіума па трыбафатыцы Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі праводзіць пасяджэнне спецыяльнай навуковай сесіі "Філасофія, сінергетыка і трыбафатыка". Сесія, якая ўпершыню ўключана ў праграму форуму, аб'яднае даклады філосафаў, спецыялістаў у галіне сістэмвлогіі і сінергетыкі. Мэтай дыскусіі ў рэжыме "круглага стала" стане распрацоўка метадаў выяўлення комплекснага ўздзеяння дэструктыўных фактараў як прычын зносастомленасных пашкоджанняў, развіцця адпаведных метанавуковых, міждысцыплінарных уяўленняў, а таксама абмеркаванне агульных пытанняў, што тычацца працэсаў і заканамернасцей эвалюцыі і самаарганізацыі сістэм у прыродзе, грамадстве і тэхніцы. Месца правядзення: г. Мінск, вул. Сурганава, д. 1, корп. 2; пачатак працы ў 10.00. Інфармацыйнае паведамленне для прэсы размешчана тут.


30.10.2010

Сёння спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта І.А. Голуба

30 кастрычніка 2010 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне раслінаводства, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, з 1984 г. дырэктара эксперыментальнай базы "Вусце", намесніка генеральнага дырэктара НВА "Колас" БелНДІ земляробства і кармоў, з 1999 г. прарэктара па навуковай рабоце Аршанскага філіяла Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання, з 2001 г. дырэктара рэспубліканскага навуковага даччынага ўнітарнага прадпрыемства "Інстытут льну" Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па земляробству, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара сельскагаспадарчых навук Івана Антонавіча Голуба.


30.10.2010

Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння замежнага члена НАН Беларусі Б. Чачугі

30 кастрычніка 2010 г. спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння польскага вучонага ў галіне біяхіміі і экалогіі, з 1972 г. прафесара Медыцынскай акадэміі ў г. Беласток, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара габілітаванага, прафесара Базыля Чачугі.


29.10.2010

На наступным тыдні Нацыянальную акадэмію навук Беларусі наведае дэлегацыя Еўракамісіі

European CommissionЯк паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 1 лістапада 2010 г. па запрашэнні кіраўніцтва ў Нацыянальную акадэмію навук Беларусі прыбывае дэлегацыя Еўракамісіі на чале з Еўракамісарам па ахове здароўя і абароне правоў спажыўцоў Дж. Далі. Праграма візіту ўключае сустрэчу з Старшынёй Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Мясніковічам М.У., пленарны даклад "Стан і перспектывы развіцця супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім Саюзам у сферы сертыфікацыі і гандлю фармпрэпаратаў" на міжнародным сімпозіуме па сучасным маркетынгу лекавых прэпаратаў і абароне правоў спажыўцоў, а таксама наведванне Еўракамісарам Дж. Далі Інстытута фармакалогіі і біяхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


29.10.2010

Сёння спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.С. Казака

29 кастрычніка 2010 г. спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння фізіка, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь і прэміі Ленінскага камсамола Беларусі, з 1988 г. намесніка дырэктара па навуковай рабоце, з 1998 г. дырэктара Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава НАН Беларусі, адначасова з 2002 г. акадэміка-сакратара Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі, з 2004 г. галоўнага вучонага сакратара НАН Беларусі, загадчыка Міжнароднай навуковай лабараторыя аптычнай дыягностыкі Фраунгофера-Сцяпанава, з 2008 г. намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук Мікалая Станіслававіча Казака.


27.10.2010

Заўтра адбудзецца прэзентацыя навукаёмістага фармацэўтычнага прадпрыемства "Акадэмфарм"

Акадэмфарм 28 кастрычніка 2010 г. у 10.00 адбудзецца прэзентацыя рэспубліканскага вытворчага щнітарнага прадпрыемства "Акадэмфарм" Навукова-вытворчага цэнтра "Інстытут фармакалогіі і біяхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" і перспектыў міжнароднай кааперацыі ў фармацэўтычнай сферы. Месца правядзення прэзентацыі: г. Мінск, вул. Купрэвіча, 5, п. 3.


25.10.2010

27 кастрычніка адбудзецца пашыранае пасяджэнне Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, прысвечанае развіццю археалагічнай і антрапалагічнай навукі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Інстытут гісторыі НАН Беларусі27 кастрычніка 2010 г. у 11.00 адкрыецца пашыранае пасяджэнне Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі на тэму: "Аб развіцці археалагічнай і антрапалагічнай навукі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". На пасяджэнні будуць падведзены вынікі археалагічных даследаванняў за апошнія пяць гадоў, намечаны перспектыўныя навуковыя даследаванні прынцыпова новых напрамкаў, такіх як вывучэнне помнікаў эпохі вікінгаў на тэрыторыі Беларусі, абагульненне матэрыялаў па эпосе Рымскага часу, пашыранае даследаванне археалагічных помнікаў эпох палеаліту, мезаліту і інш. Вядучыя спецыялісты ў галіне антрапалогіі ў Рэспубліцы Беларусь вынесуць на абмеркаванне вынікі комплексных антрапалагічных даследаванняў ролі старажытных і сучасных гістарычных працэсаў у зменах антрапалагічных паказчыкаў насельніцтва на тэрыторыі Беларусі. Будуць прадстаўлены вынікі маніторынгу марфалагічных і функцыянальных паказчыкаў фізічнага развіцця школьнікаў і студэнтаў у працэсе фарміравання іх арганізма, як у зоне радыяцыйнага кантролю, так і на ўмоўна чыстых тэрыторыях. Будзе паказана міжпакаленная зменлівасць структурных паказчыкаў целаскладу, змяненне структурных асаблівасцяў шкілета ў сучаснага дарослага і дзіцячага насельніцтва на фоне эпахальнай зменлівасці за апошнюю тысячу гадоў па матэрыялах археалагічных раскопак. У рамках пасяджэння адбудуцца брыфінг для прэсы (у 10.40), прэзентацыя гісторыка-археалагічных і антрапалагічных выданняў і выстава. Месца правядзення: зала пасяджэнняў Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (каб. 216).


23.10.2010

Аб'яўлены конкурс на атрыманне стыпендыі ЮНЕСКА / Кейдза Абуці для маладых навукоўцаў

ЮНЕСКО Як паведамляе медыя-служба ЮНЕСКА, абвешчаны чарговы конкурс маладых навукоўцаў на атрыманне стыпендыі ЮНЕСКА / Кейдза Абуці. У рамках фінансуемай Японіяй праграмы навуковых стыпендый для маладых навукоўцаў, што носяць імя былога прэм'ер-міністра Японіі Кейдза Абуці, які ўнёс вялікі ўклад у праграмы развіцця, вылучаецца 20 стыпендый. Памер кожнай з іх складае ад 6000 да 10000 долараў ЗША. Лаўрэатамі могуць стаць выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў (уладальнікі дыплома "Master Degree" ці раўнацэннага яму дыплома) у наступных галінах: ахова навакольнага асяроддзя (асабліва ў галіне даследавання вады), міжкультурны дыялог, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі і мірнае вырашэнне канфліктаў. Маладыя навукоўцы з 140 краін запрашаюцца прадставіць свае кандыдатуры праз Нацыянальныя камісіі па справах ЮНЕСКА сваіх краін, якія, у сваю чаргу, адбяруць не больш двух кандыдатаў кожная. Імёны кандыдатаў павінны быць перададзены ў штаб-кватэру ЮНЕСКА ў Парыжы да 7 студзеня 2011 г. Дадатковую інфармацыю можна знайсці тут.


22.10.2010

Адбыўся адзіны дзень інфармавання па тэме "Усебеларускі народны сход - вопыт дэмакратыі"

Мінск, Беларусь Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 21 кастрычніка ў рамках адзінага дня інфармавання Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі, член рэспубліканскай інфармацыйна-прапагандысцкай групы па Гродзенскай вобласці Мясніковіч М.У. наведаў ААТ "Ашмянскі мясакамбінат". Наведванне пачалося з азнаямлення з дзейнасцю прадпрыемства і агляду найноўшых вытворчых цэхаў. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі расказаў калектыву Ашмянскага мясакамбіната аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады і аб ходзе падрыхтоўкі да IV Усебеларускага народнага сходу, які пройдзе 6-7 сьнежня 2010 г. Мясніковіч М.У. ініцыяваў таксама правядзенне прыёму грамадзян па асабістых пытаннях, галоўнымі з якіх былі набыццё жылля, сацыяльныя льготы і выплаты. Адбылася таксама сустрэча са старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Шапіра С.Б., на якой былі абмеркаваны пытанні будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі, завода гарачага ацынкавання ў Лідзе, развіцця малой энергетыкі.


22.10.2010

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі забяспечыць навуковае суправаджэнне Дзяржаўнай праграмы па рэканструкцыі і рамонце меліярацыйных сістэм на землях Нацыянальнага парку "Белавежская пушча"

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 кастрычніка 2010 г. №1481 зацверджана Дзяржаўная праграма па рэканструкцыі і рамонце меліярацыйных сістэм, падтрыманню іх гідралагічнага рэжыму на землях Нацыянальнага парку "Белавежская пушча" і яго ахоўнай зоны на 2011-2012 гады. Асноўнымі мэтамі Дзяржаўнай праграмы, распрацаванай у адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з'яўляюцца захаванне ўнікальных прыродных комплексаў, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці тэрыторыі Нацыянальнага парку "Белавежская пушча", стварэнне і падтрыманне аптымальных гідралагічных умоў для росту і развіцця раслін і жыццядзейнасці жывёл, павышэнне прадукцыйнасці сельскагаспадарчых зямель. Забеспячэнне навуковага суправаджэння рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ўскладзена на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі.


21.10.2010

Зацверджана Палажэнне аб экспертным савеце (камісіі), ствараемым для правядзення дзяржаўнай навуковай экспертызы

Прэзідыум НАНБНа падставе пункта 3 Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення дзяржаўнай навуковай экспертызы, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 жніўня 2010 г. №1196, і артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1998 г. "Аб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" пастановай Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 1 кастрычніка 2010 г. №60 зацверджана Палажэнне аб экспертным савеце (камісіі), ствараемым для правядзення дзяржаўнай навуковай экспертызы.


20.10.2010

Апублікавана стратэгія тэхналагічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2015 года

Мінск, БеларусьНа Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь апублікавана стратэгія тэхналагічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2015 года, зацверджаная пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 кастрычніка 2010 г. №1420. У стратэгіі разгледжаны сусветныя тэндэнцыі тэхналагічнага развіцця і яго стан у Беларусі, вызначаны мэты і задачы тэхналагічнага развіцця галін эканомікі, напрамкі стварэння высокатэхналагічных вытворчасцей, здольных прапанаваць прынцыпова новыя віды тавараў і паслуг, рынкавыя стымулы для павышэння інавацыйнай актыўнасці суб'ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці і асноўныя вынікі рэалізацыі стратэгіі ў 2011-2015 гадах. Стратэгія арыентавана на распрацоўку і ўкараненне айчынных і прыцягненне замежных прагрэсіўных тэхналогій для развіцця вытворчасцей V і VI тэхналагічных укладаў і тэхналагічнае ўдасканаленне традыцыйных вытворчасцей IV тэхналагічнага ўкладу. Важнейшымі аспектамі стратэгіі з'яўляюцца рашэнне праблем фарміравання чалавечага капіталу, што адказвае патрабаванням часу, эканамічных умоў, стымулюючых бізнэс на ажыццяўленне інавацый, і нацыянальнай інавацыйнай сістэмы як развітой сістэмы інстытутаў (нормаў і правілаў), што забяспечвае эфектыўнае ўзаемадзеянне ўдзельнікаў інавацыйных працэсаў. З поўным тэкстам дакумента можна азнаёміцца тут.


20.10.2010

Прэс-канферэнцыя да 45-годдзя Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі25-29 кастрычніка 2010 г. у Мінску пройдзе Міжнародная навуковая канферэнцыя "Генетыка і біятэхналогія на мяжы тысячагоддзяў", прымеркаваная да 45-годдзя заснавання Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - вядучага навукова-даследчага цэнтра Рэспублікі Беларусь у галіне генетыкі і геномікі раслін, жывёл, мікраарганізмаў і чалавека. Гэтай падзеі будзе прысвечана прэс-канферэнцыя, якая адбудзецца напярэдадні, 22 кастрычніка 2010 г. Месца яе правядзення: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 27 (актавая зала, п. 126), пачатак у 11.00. Адпаведны прэс-рэліз размешчаны тут.


19.10.2010

Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій: гісторыя поспеху

Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій: гісторыя поспехуПад такім загалоўкам выйшла з друку брашура, у якой у папулярнай форме выкладзена гісторыя стварэння і развіцця Рэспубліканскага цэнтра трансферу тэхналогій (РЦТТ), створанага ў рамках праекта Урада Рэспублікі Беларусь, Праграмы развіцця ААН у Беларусі (ПРААН) і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА) "Удасканаленне інфраструктуры падтрымкі інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" (2001-2004 гг.). Навукова-папулярнае выданне даступна для запампоўкі ў электронным выглядзе на інтэрнэт-партале РЦТТ.


19.10.2010

Зацверджана Дзяржаўная праграма развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на 2011-2015 гады

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 7 кастрычніка 2010 г. №1453 зацверджана Дзяржаўная праграма развіцця рыбагаспадарчай дзейнасці на 2011-2015 гады, асноўнымі распрацоўшчыкамі якой выступілі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Інстытут рыбнай гаспадаркі" рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па жывёлагадоўлі". Мэтамі і задачамі Дзяржаўнай праграмы з'яўляюцца стабільнае забеспячэнне насельніцтва рэспублікі высакаякаснай рыбнай прадукцыяй; павелічэнне спажывання дэлікатэснай рыбы і прадуктаў яе перапрацоўкі; пастаўка рыбы на экспарт; павелічэнне аб'ёмаў вытворчасці рыбнай прадукцыі; імпартазамяшчэнне; рацыянальнае выкарыстанне рыбных рэсурсаў у рыбалоўных угоддзях. Заказчыкам-каардынатарам Дзяржаўнай праграмы, якая ўключае комплекс мер, што забяспечваюць выкананне заданняў па вытворчасці якаснай рыбнай прадукцыі па даступных цэнах у межах навукова абгрунтаваных норм спажывання, вызначана Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.


18.10.2010

Устаноўлена форма прадстаўлення інфармацыі ў банк даных адоранай моладзі

На падставе пункта 8 Палажэння аб парадку фарміравання, вядзення і выкарыстання банкаў даных адоранай і таленавітай моладзі, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. №199 "Аб некаторых пытаннях фарміравання, вядзення і выкарыстання банкаў даных адоранай і таленавітай моладзі", пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 2010 г. №103 устаноўлена форма прадстаўлення інфармацыі аб выніках прафесійнай дзейнасці, навуковых і творчых дасягненнях асоб, уключаных у банк даных адоранай моладзі. Са зместам формы можна азнаёміцца ў сённяшнім нумары выдання "Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь".


18.10.2010

26 лістапада адбудзецца Рэспубліканская навуковая канферэнцыя "Уклад маладых вучоных у развіццё прававой навукі Рэспублікі Беларусь"

Канферэнцыі26 лістапада 2010 г. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь праводзіць Рэспубліканскую навуковую канферэнцыю "Уклад маладых вучоных у развіццё прававой навукі Рэспублікі Беларусь", прысвечаную Дню юрыста. На канферэнцыі мяркуецца правядзенне пленарнага пасяджэння і праца секцый па наступных навуковых напрамках: агульныя пытанні тэорыі права, канстытуцыйнага і міжнароднага права; грамадзянскае, гаспадарчае, сямейнае і працоўнае права, грамадзянскі і гаспадарчы працэс; адміністрацыйнае і крымінальнае права, крымінальны працэс. У рамках канферэнцыі будуць праведзены адкрытыя лекцыі вядучых вучоных Беларусі па актуальных пытаннях развіцця прававой навукі. Да ўдзелу ў канферэнцыі запрашаюцца аспіранты, магістранты, суіскальнікі, ад'юнкты, студэнты 4-6 курсаў, што навучаюцца па спецыяльнасцях "правазнаўства", "эканамічнае права", "паліталогія", а таксама маладыя вучоныя ва ўзросце да 35 гадоў. Для ўдзелу ў канферэнцыі неабходна да 25 кастрычніка 2010 г. прадставіць заяўку, форма якой і іншая неабходная інфармацыя аб мерапрыемстве размешчаны тут.


16.10.2010

Тэхналагічны запыт на інавацыйны працэс вытворчасці плаўленых сыроў без выкарыстання эмульгіруючых соляў

Der Deutsche Technologiedienst - dtd - Strategic Knowledge Management For 5 years the Deutsche Technologiedienst acts exclusively in accordance with the technological and informational needs of its clients assisting them with international networks and unique information/innovation management systems in an all-embracing, target-oriented way. On behalf of a client, the Deutsche Technologiedienst is looking for R&D partners for the development of an innovative process for the manufacture of processed cheese without the use of emulsifier salts. You may find more information on this Technology Request here.


15.10.2010

У Рэспубліцы Беларусь пачалася распрацоўка нацыянальнай стратэгіі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці

Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці Як паведамляе інтэрнэт-сайт Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Рэспубліка Беларусь, у краіне пачалася распрацоўка нацыянальнай стратэгіі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. 14 кастрычніка 2010 г. у Нацыянальным цэнтры інтэлектуальнай уласнасці прайшло пасяджэнне рабочай групы па распрацоўцы праекта нацыянальнай стратэгіі, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў эканомікі, прамысловасці, адукацыі, культуры, інфармацыі, аховы здароўя, унутраных спраў, Дзяржаўнага мытнага камітэта, Мінскага гарвыканкама, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Беларускай асацыяцыі патэнтных павераных. Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці запрашае ўсіх спецыялістаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці прыняць актыўны ўдзел у распрацоўцы нацыянальнай стратэгіі Беларусі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Падрабязнасці тут.


15.10.2010

Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння акадэміка Р.С. Чабатарова (1905-1981)

15 кастрычніка 2010 г. спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння вядомага вучонага-паразітолага, у 1935-1941, 1950-1959 гг. загадчыка кафедры Кіеўскага ветэрынарнага інстытута, у 1941-1944 гг. намесніка дырэктара Свярдлоўскага ветэрынарнага інстытута, з 1944 г. дырэктара Львоўскага ветэрынарнага інстытута, у 1959-1968 гг. дырэктара і загадчыка аддзела паразіталогіі Беларускага навукова-даследчага ветэрынарнага інстытута, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, доктара ветэрынарных навук, прафесара Рамана Сямёнавіча Чабатарова.


14.10.2010

Чацвёрты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 6-7 снежня

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісаў Указ ад 13 кастрычніка 2010 г. №531 "Аб скліканні чацвёртага Усебеларускага народнага сходу". У адпаведнасці з артыкулам 37 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і ў мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця Кіраўнік дзяржавы пастанавіў склікаць 6-7 снежня 2010 г. у г. Мінску чацвёрты Усебеларускі народны сход. На абмеркаванне чацвёртага Усебеларускага народнага сходу выносяцца пытанні аб выніках рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006-2010 гады, зацверджанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2006 г. №384, і аб асноўных палажэннях Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Указам устаноўлена колькасць удзельнікаў чацвёртага Усебеларускага народнага сходу ў 2500 чалавек, дадзены даручэнні па парадку выбрання ўдзельнікаў сходу і іншых пытаннях падрыхтоўкі і правядзення чацвёртага Усебеларускага народнага сходу.


13.10.2010

На ўдзел у Маладзёжным інавацыйным форуме паступіла больш за 300 заявак

ГКНТ Як паведамляе інтэрнэт-сайт Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, у Дзяржаўны камітэт паступіла больш за 300 заявак на ўдзел у Маладзёжным інавацыйным форуме, з іх каля 200 - гэта прапановы маладых вучоных з інстытутаў і ўстаноў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Акрамя таго, у аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Маладзёжнага інавацыйнага форуму паступілі заяўкі ад 24 арганізацый, якія жадаюць прэзентаваць на выставачных пляцоўках форуму інавацыйныя навінкі па самых розных напрамках галін рэальнага сектара эканомікі Беларусі. Аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзенню Маладзёжнага інавацыйнага форуму плануе вызначыць удзельнікаў форума да 20 кастрычніка 2010 г. Адбор удзельнікаў форуму, які пройдзе 29-30 лістапада 2010 г., будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з квотамі, ухваленымі рашэннем арганізацыйнага камітэта для падрыхтоўкі і правядзення форуму. Удзельнікамі форуму могуць быць вылучаны маладыя вучоныя-даследчыкі і прадстаўнікі моладзі, ва ўзросце да 35 гадоў, якія маюць значныя вынікі ў прафесійнай дзейнасці. Плануецца, што ў мерапрыемствах форуму прыме ўдзел каля 450 дэлегатаў.


12.10.2010

Урадам Рэспублікі Беларусь адобраны праект праграмы Саюзнай дзяржавы "Ствалавыя клеткі"

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 кастрычніка 2010 г. №1470 адобраны прадстаўлены Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і ўзгоднены з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання праект праграмы Саюзнай дзяржавы "Распрацоўка новых метадаў і тэхналогій аднаўленчай тэрапіі паталагічна змененых тканін і органаў з выкарыстаннем ствалавых клетак" ("Ствалавыя клеткі"). Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана ва ўстаноўленым парадку ўнесці праект дадзенай праграмы ў Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы.


12.10.2010

Створаны ўмовы для аказання тэхнічнай дапамогі Урадам ЗША пры вывазе і абмене ядзернага паліва

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны і ўступіў у сілу Указ ад 8 кастрычніка 2010 г. №521 "Аб стварэнні ўмоў для аказання тэхнічнай дапамогі Урадам ЗША пры вывазе і абмене ядзернага паліва". Рашэннем Кіраўніка дзяржавы ўстаноўлена, што ў рамках тэхнічнай дапамогі, што прадастаўляецца Урадам ЗША ў падтрымку вывазу адпрацаваўшага ядзернага паліва з дзяржаўнай навуковай установы "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў Расійскую Федэрацыю, а таксама абмену ядзернага паліва перасоўнай АЭС "Памір-630Д" на паліва для крытычнага стэнда "Гіяцынт", не прызнаюцца аб'ектамі падаткаабкладання па канкрэтных відах падаткаў тавары, маёмасць, грашовыя сродкі, маёмасныя правы, абароты арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў і атрымальніка тэхнічнай дапамогі, а таксама даходы, што атрымлiваюцца фізічнымі асобамі са сродкаў тэхнічнай дапамогі, пералік якіх вызначаны гэтым Указам. Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь даручана паведаміць па дыпламатычных каналах Урад ЗША аб умовах аказання тэхнічнай дапамогі, прадугледжаных Указам.


10.10.2010

У Расіі прыняты закон аб інавацыйным цэнтры "Сколкава"

28 верасня 2010 г. Прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі падпісаны Федэральны закон "Аб інавацыйным цэнтры "Сколкава", які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць пры рэалізацыі праекта стварэння і забеспячэння функцыянавання тэрытарыяльна адасобленага комплексу (інавацыйнага цэнтра "Сколкава") і забеспячэнні жыццядзейнасці на яго тэрыторыі. Рэалізацыя гэтага праекта ажыццяўляецца ў мэтах развіцця даследаванняў, распрацовак і камерцыялізацыі іх вынікаў па напрамках, вызначаных дадзеным Федэральным законам. Да напрамкаў, па якіх удзельнікамі праекта будзе ажыццяўляцца даследчая дзейнасць, законам аднесены: 1) энергаэфектыўнасць і энергазберажэнне, у тым ліку распрацоўка інавацыйных энергетычных тэхналогій; 2) ядзерныя тэхналогіі; 3) касмічныя тэхналогіі, перш за ўсё ў галіне тэлекамунікацый і навігацыйных сістэм (у тым ліку стварэнне адпаведнай наземнай інфраструктуры); 4) медыцынскія тэхналогіі ў галіне распрацоўкі абсталявання, лекавых сродкаў; 5) стратэгічныя камп'ютарныя тэхналогіі і праграмнае забеспячэнне. Законам прадугледжваецца стварэнне спрыяльных умоў для арганізацый, якія ажыццяўляюць даследчую дзейнасць на тэрыторыі цэнтра, у прыватнасці, кампенсацыя расходаў па выплаце мытных плацяжоў, панесеных пры ўвозе тавараў для выкарыстання пры будаўніцтве, абсталяванні і тэхнічным аснашчэнні аб'ектаў нерухомасці або неабходных для ажыццяўлення даследчай дзейнасці на тэрыторыі цэнтра. З поўным тэкстам Федэральнага закона можна азнаёміцца тут.


08.10.2010

Зацверджана стратэгія тэхналагічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2015 года

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 кастрычніка 2010 г. №1420 зацверджана стратэгія тэхналагічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на перыяд да 2015 года. Рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання і іншым дзяржаўным арганізацыям, падпарадкаваным Ураду Рэспублікі Беларусь, аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму рэкамэндавана кіравацца стратэгіяй пры распрацоўцы праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, гадавых прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, праграм развіцця рэгіёнаў і асобных вытворчасцей і мерапрыемстваў па іх рэалізацыі. Міністэрству эканомікі даручана давесці стратэгію да зацікаўленых.


08.10.2010

Трэці Беларускі інвестыцыйны форум адбудзецца 17 лістапада 2010 года ў Франкфурце-на-Майне

Беларускі інвестыцыйны форум 17 лістапада 2010 г. ў г. Франкфурт-на-Майне (Германія) пры падтрымцы Урада Рэспублікі Беларусь пройдзе трэці Беларускі інвестыцыйны форум. Арганізатарамі мерапрыемства, якое праводзіцца ў рамках Еўрапейскага фінансавага тыдня і стане другім па ліку замежным агульнанацыянальным інвестыцыйным форумам, з беларускага боку выступаюць РУП "Нацыянальнае інвестыцыйнае агенцтва", Пасольства Рэспублікі Беларусь у ФРГ, Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Асноўнымі мэтамі мерапрыемства з'яўляюцца павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці, фарміраванне рэпутацыі Рэспублікі Беларусь як краіны са спрыяльнымі ўмовамі для вядзення бізнесу, прыцягненне замежнага бізнесу да рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у нашай краіне. Фармат працы форуму прадугледжвае правядзенне двух паслядоўных пленарных пасяджэнняў на тэмы: "Чаму выгадна інвеставаць у эканоміку Рэспублікі Беларусь?" і "Як інвеставаць у Рэспубліцы Беларусь?" і чатырох паралельных секцый, арганізаваных у форме подыўмнай дыскусіі. З папярэдняй праграмай Беларускага інвестыцыйнага форуму ў г. Франкфурт-на-Майне і іншай інфармацыяй аб мерапрыемстве можна азнаёміцца на сайце Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь.


07.10.2010

Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.У. Смольскага (1905-1976)

7 кастрычніка 2010 г. спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння батаніка, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, у 1945-1955 гг. дырэктара Усесаюзнага НДІ сухіх субтропікаў, у 1951-1952 гг. віцэ-прэзідэнта і акадэміка-сакратара Аддзялення прыродазнаўчых навук АН Таджыцкай ССР, з 1955 г. дырэктара Цэнтральнага батанічнага саду АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка АН Таджыцкай ССР, доктара біялагічных навук, прафесара Мікалая Уладзіслававіча Смольскага.


06.10.2010

Зацверджана Праграма развіцця птушкагадоўлі ў Рэспубліцы Беларусь у 2011-2015 гадах

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2010 г. №1395 зацверджана Праграма развіцця птушкагадоўлі ў Рэспубліцы Беларусь у 2011-2015 гадах. Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання, Міністэрству фінансаў сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, Міністэрствам прамысловасці, аблвыканкамамі даручана забяспечыць рэалізацыю праграмы. Яе дзяржаўнымі заказчыкамі вызначаны Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і аблвыканкамы, каардынатарам - Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, якое будзе ажыццяўляць агульнае кіраўніцтва працамі па выкананні мерапрыемстваў праграмы і кантроль за ходам яе рэалізацыі.


05.10.2010

Навука як база для палітычных рашэнняў

РАН Пад такім загалоўкам на афіцыйным сайце Расійскай акадэміі навук апублікавана вялікае інтэрв'ю віцэ-прэзідэнта Расійскай акадэміі навук, старшыні Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук, акадэміка А.Л. Асеева, які падзяліўся ўражаннямі ад удзелу ў прадстаўнічай міжнароднай канферэнцыі "Форум 21 стагоддзя", правядзенне якой было ініцыявана і арганізавана Усекітайскага камітэтам Народнага палітычнага кансультатыўнага савета Кітая. Больш за 800 палітычных лідэраў, афіцыйных асоб і навукоўцаў з Кітая і іншых краін сабраліся ў верасні ў Пекіне для абмеркавання шырокага кола праблем сусветнага значэння. На двухдзённым форуме, які прайшоў пад дэвізам "Новая эра. Новыя выклікі. Новае бачанне: Будаўніцтва будучыні для ўсіх", шмат гаварылася аб палітыцы, навуцы і іх узаемадзеянні. Як адзначаецца ў інтэрв'ю, лейтматывам выступленняў удзельнікаў стала сцвярджэнне аграмаднага значэння развіцця фундаментальнай навукі для асноўных жыццёва важных сфер чалавецтва, сярод якіх новая энергетыка, новыя рашэнні ў галіне энергазберажэння, зялёныя тэхналогіі, свет без выкідаў вуглякіслага газу, праблемы ўстойлівасці фінансавай сістэмы, праблемы сацыяльнай сферы і іншыя. З поўным тэкстам інтэрв'ю старшыні Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук можна азнаёміцца тут.


05.10.2010

Выйшаў з друку двухтомнік "Беларусь. 1941-1945: Подзвіг. Трагедыя. Памяць"

У Выдавецкім доме "Беларуская навука" пад грыфам Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі выйшла з друку калектыўная праца "Беларусь. 1941-1945: Подзвіг. Трагедыя. Памяць" у 2-х кнігах. У 840-старонкавым выданні на аснове шырокага кола айчынных і замежных крыніц з пазіцый сучаснай гістарычнай навукі асвятляюцца жыццё і барацьба беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У падрыхтоўцы работы задзейнічаны вядучыя спецыялісты ваеннай гісторыі Беларусі. Аўтарскі калектыў увёў у навуковы абарот раней невядомыя факты і дакументы, асаблівую ўвагу надаў недастаткова вывучаным праблемам, адлюстраванню падзей у айчыннай і замежнай гістарыяграфіі, народнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. У кнізе, якую можна набыць у кнігарні "Акадэмічная кніга" і іншых кнігарнях краіны, прадстаўлена шырокая панарама жыцця розных слаёў насельніцтва Беларусі ў ваенны перыяд, адлюстраваны іх уклад у дасягненне Перамогі.


04.10.2010

Акадэмік А.Р. Мартыненка ўдастоены дзяржаўнай прэміі Кітая ў галіне навукі

А.Р.Мартыненка Як паведамляе прэс-служба Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік А.Р. Мартыненка ўдастоены прэміі "Дружба" Кітайскай Народнай Рэспублікі ў галіне навукі. 28 верасня 2010 г. у Палацы народаў на плошчы Цяньаньмэнь гэтую ганаровую ўзнагароду ўручыў беларускаму вучонаму Прэм'ер Дзяржсавета КНР Вэнь Цзябао. Акадэмік Мартыненка - першы прадстаўнік Беларусі, якому прысуджана дзяржпрэмія КНР у галіне навукі. Гэтай прэміі, якая лічыцца вышэйшай узнагародай КНР для замежных грамадзян, у гэтым годзе ўдастоены 50 чалавек з 16 краін свету. Асноўнымі крытэрыямі выбару лаўрэатаў з'яўляюцца высокая рэпутацыя вучонага, яго публікацыі і іх цытуемасць, наяўнасць навуковай школы, рэдактарская дзейнасць у міжнародных навуковых часопісах. Немалаважным фактарам з'яўляецца таксама ўзровень навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва з Кітаем. Акадэмік А.Р. Мартыненка на працягу многіх гадоў працуе ў тандэме з Харбінскім тэхналагічным інстытутам і Электрагенерыруючай кампаніяй Кітая. Вынікамі гэтага супрацоўніцтва сталі мадэрнізацыя ўжо пяці градзірэнь, цеплаабменнікі для ядзерных і атамных станцый КНР, стварэнне новага віду паліва. Шчыра віншуем Алега Рыгоравіча з высокай узнагародай і жадаем новых творчых поспехаў!


04.10.2010

Створаны Міжведамасны назіральны савет навукова-адукацыйных сетак Беларусі

BASNET Пастановай Бюро Прэзідыума НАН Беларусі ад 30 верасня 2010 г. №443 зацверджаны склад Міжведамаснага назіральнага савета навукова-адукацыйных сетак Беларусі. Савет з'яўляецца каардынацыйным і навукова-кансультатыўным органам упраўлення навукова-інфармацыйнай камп'ютарнай сеткі НАН Беларусі BASNET, якая аб'ядноўвае на добраахвотнай аснове лакальныя камп'ютарныя сеткі акадэмічных і іншых арганізацый. Асноўнымі задачамі Савета, які працуе на грамадскіх пачатках, з'яўляюцца аналіз стану і вызначэнне асноўных напрамкаў і тэндэнцый развіцця камп'ютарных сетак, ажыццяўленне перспектыўнага планавання, навукова-метадычнае кіраўніцтва і каардынацыя развіцця навукова-адукацыйных камп'ютарных сетак Беларусі, распрацоўка прапаноў па ўмацаванні інфармацыйнай бяспекі ў гэтых сетках, каардынацыя работ, даследаванняў і распрацовак у галіне тэлекамунікацый і інфармацыйных тэхналогій для навукі і адукацыі, садзейнічанне аб'яднанню матэрыяльных, тэхнічных, інфармацыйных і камунікацыйных рэсурсаў навукова-даследчых і адукацыйных устаноў Рэспублiкi Беларусь, а таксама садзейнічанне ў развіцці нацыянальных інфармацыйных рэсурсаў - баз даных і ведаў, электронных бібліятэк, даведачна-інфармацыйных сістэм, сістэм дыстанцыйнага навучання, сродкаў камунікацыі і абмену інфармацыяй, сеткавых сэрвісаў і тэхналогій новага пакалення. Старшынёй Міжведамаснага назіральнага савета навукова-адукацыйных сетак Беларусі зацверджаны доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Тузікаў А.В. - генеральны дырэктар Аб'яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі.


02.10.2010

Зацверджана Дзяржаўная праграма развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У мэтах стварэння ў Нарачанскім рэгіёне найбуйнейшага аздараўленчага, культурна-забаўляльнага і турыстычнага цэнтра рэспублікі і спрыяльных умоў для яго развіцця, рацыянальнага выкарыстання ўнікальнага прыроднага комплексу з забеспячэннем яго экалагічнай бяспекі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь 30 верасня 2010 г. падпісаў Указ №514 "Аб Дзяржаўнай праграме развіцця курортнай зоны Нарачанскага рэгіёну на 2011-2015 гады". Дзяржаўнымі заказчыкамі Дзяржаўнай праграмы вызначаны міністэрствы спорту і турызму, транспарту і камунікацый, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, аховы здароўя, культуры, адукацыі, сувязі і інфарматызацыі, архітэктуры і будаўніцтва, унутраных спраў, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Мінскі аблвыканкам, на які ўскладзены таксама функцыі каардынатара Дзяржаўнай праграмы.


01.10.2010

Сёння спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта В.Г. Ціхіні

1 кастрычніка 2010 г. спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння вучонага-юрыста, заслужанага юрыста БССР, у 1974-1989 гг. выкладчыка, дацэнта, дэкана юрыдычнага факультэта, 1-га прарэктара Беларускага дзяржаўнага універсітэта, у 1989-1990 гг. міністра юстыцыі БССР, у 1991-1993 гг. загадчыка кафедры Акадэміі кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, у 1993-1994 гг. намесніка старшыні ВАК пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, у 1995 г. Старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь, з 1999 г. загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта, з 2002 г. загадчыка кафедры Мінскага інстытута кіравання, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара юрыдычных навук, прафесара Валерыя Гур'евіча Ціхіні.

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Кастрычнік 2010 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай