Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2010 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Верасень 2010 года

30.09.2010

У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі створаны сучасны комплекс машын для дапрацоўкі бульбы і іншай прадукцыі

Беларуская ніва У Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па механізацыі сельскай гаспадаркі распрацаваны і пастаўлены на вытворчасць комплекс машын для пасляўборачнай і перадпасяўной падрыхтоўкі бульбы, цыбулі і карняплодаў, які дазваляе знізіць сабекошт механізаваных работ амаль на 35% у параўнанні з імпартным аналагам. У комплекс уваходзяць прыёмна-сартавальныя пункты ППС, самаходны тэлескапічны загрузчык ЗТ-40, скутэр-падборшчык СКП-40, сістэма тэлескапічных канвеераў КТ-40, пераборачны стол СПР-10, транспарцёр загрузачны ТВН-40, пратраўлівацель клубняў ПКМ-15, машына для сухой ачысткі бульбы МСОК-5. Укараненне комплексу машын разам з павышэннем таварнасці бульбы дазволіць знізіць на 8-10% затраты працы і на 10-12% расход электраэнергіі, а галоўнае - забяспечыць максімальнае выкананне агратэхнічных патрабаванняў для пасляўборачнай дапрацоўкі прадукцыі. Больш падрабязна аб сучасным комплексе машын распавядае матэрыял пад загалоўкам "Не саступаюць імпартным аналагам" у сённяшнім нумары грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва".


30.09.2010

Зацверджана Палажэнне аб фізічнай абароне аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі

Дом Урада На падставе артыкула 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 ліпеня 2008 г. "Аб выкарыстанні атамнай энергіі" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 2010 г. №1385 зацверджана Палажэнне аб фізічнай абароне аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі. Дакументам вызначаны ўмовы і парадак забеспячэння фізічнай абароны аб'ектаў выкарыстання атамнай энергіі і ўстаноўлена, што фізічная абарона забяспечваецца эксплуатуючымі арганізацыямі, якія ў гэтых мэтах распрацоўваюць і зацвярджаюць праграмы забеспячэння якасці фізічнай абароны, і рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання ў межах іх кампетэнцыі.


29.09.2010

У лістападзе ў Мінску адбудзецца 2-гі Беларускі інавацыйны форум

2-гі Беларускі інавацыйны форум 18-19 лістапада 2010 г. у Мінску адбудзецца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "2-гі Беларускі інавацыйны форум". Арганізатарамі гэтага галоўнага штогадовага мерапрыемства, прысвечанага абагульненню нацыянальнага, замежнага вопыту і тэорыі інавацыйнай дзейнасці, выступаюць Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, шэраг міністэрстваў і дзяржаўных канцэрнаў Рэспублікі Беларусь, выканаўчыя камітэты абласцей рэспублікі і г. Мінска, акрэдытаваныя у Рэспубліцы Беларусь амбасады, Нацыянальная бібліятэка Беларусі, Беларускі інавацыйны фонд, Рэспубліканскі цэнтр трансферу тэхналогій, Парк высокіх тэхналогій, бізнес-асацыяцыі Рэспублікі Беларусь. Беларускі інавацыйны форум пройдзе пры падтрымцы Фонду супрацоўніцтва "Цэнтральнаеўрапейская ініцыятыва" (ЦЕІ), Праграмы развіцця ААН у Беларусі (ПРААН) і Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА). Заяўкі на ўдзел у канферэнцыі прымаюцца да 30 кастрычніка 2010 г. у рэжыме анлайн. Бланк рэгістрацыйнай заяўкі і іншая неабходная інфармацыя аб мерапрыемстве размешчаны тут.


28.09.2010

Нарматыўна ўрэгуляваны парадак акрэдытацыі навуковых арганізацый

27 верасня 2010 г. у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь пад нумарам рэгістрацыі 7/1349 уключана пастанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2010 г. №7/20/2 "Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку акрэдытацыі навуковых арганізацый". Інструкцыя распрацавана на падставе Закона Рэспублікі Беларусь ад 21 кастрычніка 1996 г. "Аб навуковай дзейнасці" ў рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 кастрычніка 2005 г. і вызначае парадак падачы дакументаў для акрэдытацыі навуковых арганізацый, правядзення акрэдытацыі навуковых арганізацый, выдачы пасведчанняў аб акрэдытацыі навуковых арганізацый і вядзення рэестра акрэдытаваных навуковых арганізацый.


27.09.2010

У Беларусі з 1 лістапада тарыфная стаўка першага разраду павялічваецца да 118 тысяч рублёў

Дом Урада З мэтай далейшага павышэння заработнай платы работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаныя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 верасня 2010 г. №1382 для аплаты працы работнікаў дадзеных катэгорый з 1 лістапада 2010 г. устанаўліваецца тарыфная стаўка першага разраду ў памеры 118 тысяч рублёў. Карэкціруючыя каэфіцыенты да разлічаных па Адзінай тарыфнай сетцы работнікаў Рэспублікі Беларусь тарыфных ставак (акладаў) работнікаў бюджэтных арганізацый і іншых арганізацый, што атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаныя па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, што тарыфікуюцца 1-27 разрадамі, устаноўлены ў памерах 2,862-0,915. З 1 чэрвеня 2010 г. у Беларусі дзейнічала тарыфная стаўка ў памеры 90 тысяч рублёў.


24.09.2010

Выйшлі з друку выбраныя працы акадэміка С.Г. Скарапанава

У Выдавецкім доме "Беларуская навука" выйшлі з друку выбраныя працы акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі С.Г. Скарапанава (1910-1999). У працах вядомага вучонага і арганізатара сельскагаспадарчай навукі і вытворчасці, уключаных у кнігу, разглядаюцца навуковыя канцэпцыі эвалюцыі асушаных тарфяных глебаў і пашыранага ўзнаўлення іх урадлівасці, практычныя прыёмы яе рэгулявання, аналізуюцца наступствы меліярацыі, даецца прагноз будучага гэтых глеб, выкладаюцца праблемы збожжавай гаспадаркі, кормавытворчасці, рацыянальнага выкарыстання выпраыаваных тарфянікаў і прапануюцца шляхі іх рашэння. Выданне прызначана для навуковых супрацоўнікаў, спецыялістаў і кіраўнікоў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, меліяратараў, выкладчыкаў і студэнтаў навучальных устаноў аграрнага профілю. Яго можна набыць у кнігарні "Акадэмічная кніга" і іншых кнігарнях краіны.


23.09.2010

Заўтра адкрываецца рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Роля традыцый народнай культуры ў адраджэнні беларускай вёскі"

Канферэнцыі24 верасня 2010 г. Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Іванаўскі раённы выканаўчы камітэт праводзяць у г. Іванава Брэсцкай вобласці рэспубліканскую навукова-практычную канферэнцыю "Роля традыцый народнай культуры ў адраджэнні беларускай вёскі". Мэта канферэнцыі - абагульненне гісторыка-этнаграфічных даследаванняў сучасных этнакультурных працэсаў сельскага насельніцтва Беларусі, абмен вопытам па выніках укаранення навуковых даследаванняў у практыку арганізацыі культурнага развіцця сучаснай беларускай вёскі. Праграмай канферэнцыі прадугледжаны шэраг пленарных дакладаў і работа 5 секцый: гісторыка-культурная спадчына ў адраджэнні вёскі і развіцці турызму; даследаванне і захаванне традыцый духоўнай культуры; даследаванне і захаванне традыцый матэрыяльнай культуры; ахова і музеефікацыя народнай гісторыка-культурнай спадчыны; народная культурная спадчына ў сучаснай інфармацыйнай прасторы. Культурная праграма канферэнцыі ўключае выступленні калектываў самадзейнасці, дэманстрацыю традыцыйных абрадаў палескага краю, экскурсіі ў раённы музейны комплекс Напалеона Орды ў в. Варацэвічы і музей народнай творчасці в. Моталь. Адкрыццё канферэнцыі адбудзецца 11.00 у Іванаўскім раённым Цэнтры культуры і народных традыцый (г. Іванава Брэсцкай вобласці, вул. Савецкая, 50а).


23.09.2010

Тэма нумара: Інавацыі і перспектывы

Навіны навукі і тэхналогій Выйшаў з друку новы нумар інфармацыйна-аналітычнага часопіса "Навіны навукі і тэхналогій", тэма якога - інавацыі і перспектывы. Асноўныя артыкулы нумара прысвечаны метадычным прынцыпам аналізу і ацэнак рэсурсазабяспечанасці, прыродаёмістасці і экалагічнасці вытворчасцяў як важных паказчыкаў інавацыйнага развіцця эканомікі, арганізацыйным прынцыпам і інфармацыйным тэхналогіям пабудовы аўтаматызаванай сістэмы маніторынгу Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, праблемам падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі для замежных краін ва ўстановах паслявузаўскай адукацыі Беларусі. Са зместам і поўнымі тэкстамі артыкулаў нумара можна азнаёміцца тут.


22.09.2010

Заваёўваць свет лепш у кампаніі. Прадуктовай...

Беларуская ніваПад такім загалоўкам у сённяшнім нумары грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва" апублікаваная першая частка артыкула намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэміка У.Р. Гусакова аб праблемах уключэння беларускіх таваравытворцаў ад АПК у міжнародныя транснацыянальныя карпарацыі. Уся аграхарчовая сістэма ў свеце за апошнія паўтара-два дзесяцігоддзі стала перагрупіроўвацца паміж некалькімі найбольш уплывовымі рэгіянальнымі і сусветнымі кампаніямі, якія спрабуюць дыктаваць палітыку на міжнародных рынках. Зараз гэтыя працэсы яшчэ больш узмацніліся і сталі больш жорсткімі не толькі ў сувязі з дзеяннем фінансава-эканамічнага крызісу, але і па прычыне няўстойлівасці харчовай кан'юнктуры, выкліканай пераструктурызацыяй сусветных харчовых сыравінных, перапрацоўчых і гандлёва-лагістычных цэнтраў. Назіраецца ўзмацненне жорсткасці канкурэнтнай барацьбы паміж кампаніямі, у першую чаргу за сыравінную і эканамічную прастору, якое вядзе да перадзелу сфер уплыву. Выйграюць, як правіла, тыя вытворцы і пастаўшчыкі, якія могуць з апярэджаннем прагназаваць змены кан'юнктуры, хутка рэагаваць на спажывецкія настроі і аператыўна перабудоўваць вытворчасць. Чаму, ведаючы ўсё гэта, беларускія таваравытворцы ў сваёй большасці працягваюць заставацца інэртнымі да рынку, слаба рэагуюць на змяненні збытавай кан'юнктуры, не прадпрымаюць усіх магчымых мер для атрымання прыбытку? Чаму не ўключаюцца актыўна ў міжнародныя транснацыянальныя кампаніі і карпарацыі і сусветны падзел працы і па-ранейшаму спрабуюць усё вырабляць і прадаваць самастойна як на ўнутраным рынку, так і на знешнім, канкурыруючы адзін з адным, збіваючы цэны і церпячы страты? Што трэба рабіць у першачарговым парадку, каб змяніць сітуацыю? З грунтоўнымі адказамі акадэміка У.Р. Гусакова на гэтыя і іншыя заканамерныя пытанні можна азнаёміцца тут.


22.09.2010

Прынята пастанова Урада Рэспублікі Беларусь "Аб некаторых пытаннях фінансавання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці"

Дом Урада У адпаведнасці з артыкулам 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 траўня 2010 г. "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях рэгулявання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці", а таксама нормамі Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 1993 г. "Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі" і Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь прынята і ўступіла ў сілу пастанова ад 15 верасня 2010 г. №1326 "Аб некаторых пытаннях фінансавання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці". Дакументам, у прыватнасці, устаноўлена, што сродкі рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаныя заказчыкам на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць па функцыянальнай класіфікацыі расходаў па раздзелах, падраздзелах і відах выдаткаў, выкарыстоўваюцца імі на мэты ў адпаведнасці з абзацамі другім-трынаццатым часткі чацвёртай артыкула 14 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі", калі іншае не прадугледжана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і (або) Законам Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім бюджэце на чарговы фінансавы год. Міністэрству фінансаў па ўзгадненню з Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях даручана зацвердзіць пералікі і формы дакументаў, неабходных заказчыкам для фарміравання праекта рэспубліканскага бюджэту і складання бюджэтных каштарысаў. Адначасова прызнана страціўшай сілу пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 1998 г. №1084 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку фінансавання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту".


21.09.2010

Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння акадэміка А.У. Романа

21 верасня 2010 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне парашковай металургіі, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, з 1972 г. дырэктара НДІ парашковай металургіі, у 1980-1993 гг. генеральнага дырэктара Беларускага рэспубліканскага навукова-вытворчага аб'яднання парашковай металургіі, у 1991-1996 гг. старшыні Савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Алега Уладзіслававіча Романа.


21.09.2010

Сёння спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння акадэміка С.А. Чуніхіна (1905-1985)

21 верасня 2010 г. спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння матэматыка, заслужанага дзеяча навукі БССР, у 1953-1960 гг. загадчыка кафедры Беларускага інстытута інжынераў чыгуначнага транспарту, у 1960-1985 гг. загадчыка лабараторыі Гомельскага аддзялення Інстытута матэматыкі, адначасова ў 1978-1985 гг. намесніка дырэктара Інстытута матэматыкі АН БССР па Гомельскаму аддзяленню, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Сяргея Антонавіча Чуніхіна.


20.09.2010

Андрэй Кабякоў: Беларуская эканоміка: прагноз - пазітыўны

Беларуская думка Набліжаецца да завяршэння 2010 год, а з ім - і чарговая пяцігодка. У гэтай сувязі рэдакцыя часопіса "Беларуская думка" папрасіла Намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь А.У. Кабякова адказаць на пытанні, якія тычацца цяперашняга стану і перспектыў развіцця эканомікі нашай краіны. З якімі эканамічнымі вынікамі краіна падыходзіць да завяршэння года і пяцігодкі ў цэлым? У якой меры Беларусі ўдалося пераадолець наступствы сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу? Які наш інвестыцыйны патэнцыял і як ён рэалізуецца? У якой ступені мы з'яўляемся сапраўды інавацыйнай дзяржавай, канкурэнтаздольнай на сусветным рынку? З грунтоўнымі адказамі Намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь на гэтыя і іншыя пытанні можна азнаёміцца тут.


20.09.2010

Сёння спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння акадэміка А.В. Лыкава (1910-1974)

20 верасня 2010 г. спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне цепла- і масапераносу, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі РСФСР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і прэміі імя І.І. Палзунова АН СССР, з 1954 г. загадчыка лабараторыі Энергетычнага інстытута імя Кржыжаноўскага АН СССР, у 1956-1974 гг. дырэктара Інстытута цепла- і масаабмену АН БССР, адначасова ў 1968-1974 гг. прафесара, загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага універсітэта, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Акадэміі будаўніцтва і архітэктуры СССР, доктара тэхнічных навук, прафесара Аляксея Васільевіча Лыкава.


18.09.2010

Тэхналагічны запыт на інавацыйную сістэму для нанясення пакрыццяў, што абараняюць ад карозіі

Der Deutsche Technologiedienst - dtd - Strategic Knowledge Management For 5 years the Deutsche Technologiedienst acts exclusively in accordance with the technological and informational needs of its clients assisting them with international networks and unique information/innovation management systems in an all-embracing, target-oriented way. On behalf of a client, the Deutsche Technologiedienst is looking for R&D partners for the development of an innovative coating system for protection from corrosion in the cast sections of drain pipes. You may find more information on this Technology Request here.


17.09.2010

Аб'яўлены новыя конкурсы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў

З мэтай забеспячэння ўмоў для далейшай інтэграцыі навукі і адукацыі, стымулявання падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі для вышэйшых навучальных устаноў, уцягвання навукоўцаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь у навукова-даследчую дзейнасць, а таксама ў мэтах кансалідацыі намаганняў Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Расійскага гуманітарнага навуковага фонду для фінансавання актуальных навуковых даследаванняў, выконваемых сумесна навукоўцамі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі па праблемах старажытнага Полацка, Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў аб'яўлены наступныя конкурсы:

  • сумесны з Расійскім гуманітарных навуковым фондам тэматычны конкурс праектаў фундаментальных даследаванняў па навуковых праблемах старажытнага Полацка "БРФФД-РГНФ-2011По". Тэрмін падачы заявак - па 3 лістападза 2010 г.;

  • аб'яднаны рэспубліканскі конкурс сумесных навуковых праектаў, што выконваюцца вучонымі НАН Беларусі і вышэйшых навучальных устаноў краіны, "Навука (НАНБ-вну)-2011". Тэрмін падачы заявак - па 22 лістапада 2010 г.

    Умовы конкурсаў і формы заявачных матэрыялаў могуць быць скапіраваны на электронны носьбіт у БРФФД (Мінск, пр. Незалежнасці, 66, п. 101, 103, 106, 112, 116) або з вэб-сайта БРФФД у раздзеле "Абвешчаныя конкурсы".


    17.09.2010

    10-я Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Даследаванне, распрацоўка і прымяненне высокіх тэхналогій у прамысловасці" пройдзе ў Санкт-Пецярбургу ў пачатку снежня

    КанферэнцыіЯк паведаміў арганізацыйны камітэт, 9-11 снежня 2010 г. у Санкт-Пецярбургу пройдзе юбілейная Дзесятая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Даследаванне, распрацоўка і прымяненне высокіх тэхналогій у прамысловасці". Прыём заявак на вочны і завочны ўдзел ажыццяўлецца да 5 кастрычніка 2010 г., прыём матэрыялаў - да 15 кастрычніка 2010 г. Больш падрабязная інфармацыя па ўдзелу ў рабоце канферэнцыі размешчана тут.


    16.09.2010

    Абноўлены пералік невыкарыстоўваемых будынкаў, збудаванняў і нежылых памяшканняў рэспубліканскай уласнасці

    На вэб-сайце апублікавана абноўленая рэдакцыя Пераліку невыкарыстоўваемых будынкаў, збудаванняў і нежылых памяшканняў рэспубліканскай уласнасці, якія знаходзяцца ў аператыўным кіраванні або ў гаспадарчым вядзенні арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з прапановамі па іх далейшаму выкарыстанню.


    15.09.2010

    Аб'яўлены рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў

    ГКНТ У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2010 г. №98 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў" Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь абвясціў аб правядзенні ў 2010 годзе рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў. Конкурс праводзіцца Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых зацікаўленых арганізацый у мэтах стымулявання рэалізацыі перспектыўных інавацыйных праектаў, садзейнічання ў пошуку інвестыцыйнай падтрымкі інавацыйных праектаў, камерцыялізацыі вынікаў навуковых даследаванняў і распрацовак. Конкурс праводзіцца па намінацыях "Лепшы інавацыйны праект" і "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект". Удзельнікамі конкурсу могуць быць юрыдычныя і фізічныя асобы, у намінацыі "Лепшы маладзёжны інавацыйны праект" могуць прымаць удзел фізічныя асобы, узрост якіх не перавышае 35 гадоў. Прыём заявак і папярэдні адбор праектаў праводзяцца да 15 кастрычніка 2010 г. Іншыя падрабязнасці тут.


    15.09.2010

    Створаны арганізацыйны камітэт для падрыхтоўкі і правядзення памятных мерапрыемстваў з нагоды 200-годдзя вайны 1812 года

    Дом Урада Распараджэннем Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2010 г. №113р створаны арганізацыйны камітэт для падрыхтоўкі і правядзення памятных мерапрыемстваў з нагоды 200-годдзя вайны 1812 года. Арганізацыйнаму камітэту, які ўзначальвае Намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Патупчык У.М., даручана да 1 кастрычніка 2010 г. зацвердзіць план падрыхтоўкі і правядзення памятных мерапрыемстваў, арганізаваць іх падрыхтоўку, правядзенне, інфармацыйнае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне. У склад аргкамітэта ўключаны акадэмічныя гісторыкі: акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў, дырэктар дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", доктар гістарычных навук, прафесар Каваленя А.А. і загадчык аддзела ваеннай гісторыі і міждзяржаўных адносін таго ж інстытута, доктар гістарычных навук, прафесар Літвін А.М.


    14.09.2010

    Ігар Войтаў: Будучыню краіны вызначаюць інавацыі

    Будучыню краіны вызначаюць інавацыі На трэцім Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь абвешчаны інавацыйны шлях развіцця краіны, што знайшло сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах асноватворных праграмных дакументаў навукова-інавацыйнага комплексу краіны. Асноўныя намаганні канцэнтруюцца на рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь, Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь, пакрокавай стратэгіі да 2015 года павелічэння не менш чым на 200% долі навукаёмістай і высокатэхналагічнай прадукцыі ў агульным аб'ёме беларускага экспарту, Стратэгіі правядзення навуковых даследаванняў на перыяд да 2015 года, накіраванай на інавацыйнае развіццё краіны, стварэнне навуковай прадукцыі, канкурэнтаздольнай на міжнародных рынках, Дзяржаўнай праграмы па ахове інтэлектуальнай уласнасці, Праграмы сацыяльна- эканамічнага і навукова-інавацыйнага развіцця Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых праграмных дакументаў. Аб тым, як у Беларусі фармуецца Нацыянальная інавацыйная сістэма, расказвае артыкул Старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, члена Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі І.В. Войтава ў чарговым нумары эканамічнага ілюстраванага часопіса "Эканоміка Беларусі: вынікі, тэндэнцыі, прагнозы", з поўным тэкстам якой можна азнаёміцца тут.


    14.09.2010

    У складзе Расійскай акадэміі навук створана Аддзяленне глабальных праблем і міжнародных адносін

    РАНПастановай Урада Расійскай Федэрацыі ад 8 верасня 2010 г. №691 "Аб унясенні змянення ў статут Расійскай акадэміі навук" пералік аддзяленняў Расійскай акадэміі навук дапоўнены дзесятым аддзялення, якое атрымала назву Аддзялення глабальных праблем і міжнародных адносін. Да гэтага часу ў складзе Расійскай акадэміі навук было дзевяць аддзяленняў па абласцях навукі: матэматычных навук; фізічных навук; нанатэхналогій і інфармацыйных тэхналогій; энергетыкі, машынабудавання, механікі і працэсаў кіравання; хіміі і навук аб матэрыялах; біялагічных навук; навук аб Зямлі; грамадскіх навук; гісторыка-філалагічных навук. У сувязі са стварэннем новага аддзялення агульная колькасць членаў Расійскай акадэміі навук павялічыцца да 1289 чалавек, у тым ліку сапраўдных членаў (акадэмікаў) - да 513 чалавек, членаў-карэспандэнтаў - да 776 чалавек.


    13.09.2010

    5 і 6 кастрычніка ў Мінску пройдуць Дні нямецкай навукі ў Беларусі

    Для надання новых імпульсаў германа-беларускаму навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву, якое грунтуецца на германа-беларускім Дагаворы 1993 года "Аб развіцці шырокамаштабнага супрацоўніцтва ў галіне эканомікі, прамысловасці, навукі і тэхнікі", Федэральнае міністэрства адукацыі і даследаванняў Федэратыўнай Рэспублікі Германіі і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ініцыявалі правядзенне ў Мінску 5 і 6 кастрычніка 2010 г. "Дзён нямецкай навукі ў Беларусі". У рамках гэтых Дзён 5 кастрычніка 2010 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце адбудзецца інфармацыйнае мерапрыемства "Навуковыя даследаванні ў Германіі: партнёрства для будучыні", а 6 кастрычніка 2010 г. ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - Дзень маладых вучоных. Заяўкі на ўдзел у мерапрыемстве прымаюцца да 20 верасня 2010 г. З дэталёвай інфармацыяй аб мерапрыемстве можна азнаёміцца тут.


    13.09.2010

    Праз тыдзень завяршаецца прыём заявак і матэрыялаў на ўдзел у Маладзёжным інавацыйным форуме

    У лістападзе 2010 г. у рамках інавацыйнага тыдня Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Беларускі інстытут сістэмнага аналізу і інфармацыйнага забеспячэння навукова-тэхнічнай сферы, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт арганізуюць "Маладзёжны інавацыйны форум - 2010 ". Форум прадаставіць унікальную магчымасць для маладых інаватараў прадэманстраваць свае ідэі, заручыцца фінансавай падтрымкай інвестараў, прадставіць свае распрацоўкі Кіраўніку дзяржавы, зацікавіць імі буйнейшыя галіновыя прадпрыемствы. Да ўдзелу ў форуме запрашаюцца маладыя навукоўцы ва ўзросце да 35 гадоў, якія маюць інавацыйныя распрацоўкі і ўнікальныя ідэі. Фармат мерапрыемства прадугледжвае выставу навуковых дасягненняў і інавацыйных праектаў, секцыйныя пасяджэнні, школу-семінар "Менеджмент інавацый". Заяўкі і матэрыялы на ўдзел у форуме прымаюцца да 20 верасня 2010 г. З формамі заявак і патрабаваннямі да іх афармлення можна азнаёміцца на сайце БелІСА.


    12.09.2010

    Акадэмік Касцюк М.П. узнагароджаны медалём Францыска Скарыны

    Медаль Францыска СкарыныЗгодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 верасня 2010 г. №474 "Аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь", медалём Францыска Скарыны ўзнагароджаны галоўны навуковы супрацоўнік дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі", акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Касцюк Міхаіл Паўлавіч. Шчыра віншуем з высокай дзяржаўнай узнагародай!


    10.09.2010

    Сёння спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.І. Рацько

    10 верасня 2010 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння хіміка, лаўрэата прэміі НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А. Капцюга, з 1993 г. загадчыка лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара хімічных навук Анатолія Іванавіча Рацько.


    10.09.2010

    У Інстытуце хіміі новых матэрыялаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацоўваюць каляровую электронную паперу

    СБ-Беларусь СегодняПра гэта расказвае ў публікацыі "З чыстага ліста" Юрыя Бакерэнкі сённяшні нумар газеты "Савецкая Беларусія". Каляровая электронная папера - гэта тонкі гнуткі носьбіт, што складаецца з трох слаёў, на якім пры светлавым уздзеянні атрымліваецца малюнак. Электронная папера такая ж лёгкая, як і звычайная, але мае шэраг бясспрэчных пераваг. Напрыклад, здольная захоўваць каляровы відарыс да таго часу, пакуль не ўзнікне неабходнасць стварыць новы. Іншыя падрабязнасці тут.


    10.09.2010

    Сёння спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння акадэміка А.У. Паладзіна (1885-1972)

    10 верасня 2010 г. спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння біяхіміка, Героя Сацыялістычнай Працы, заслужанага дзеяча навукі УССР, з 1925 г. дырэктара Інстытут біяхіміі АН УССР, адначасова ў 1934-1954 гг. загадчыка кафедры Кіеўскага універсітэта, у 1939-1946 гг. віцэ-прэзідэнта, у 1946-1962 гг. прэзідэнта Акадэміі навук УССР, акадэміка Усеўкраінскай акадэміі навук, Акадэміі навук СССР, Акадэміі медыцынскіх навук СССР, замежнага члена шэрагу замежных акадэмій навук, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандра Уладзіміравіча Паладзіна.


    09.09.2010

    Створаны прэпарат, які дазваляе раслінам надоўга запасацца вадой і добра пераносіць засуху

    Газета Рэспубліка Пра гэтую распрацоўку Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якая падвышае ўстойлівасць сельскагаспадарчых культур да стрэсу, расказваецца ў сённяшнім нумары газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка". Унікальны гідрагель для перадпасяўной апрацоўкі насення "Інкор" з'яўляецца ўдасканаленай версіяй раней распрацаванага сродкe "Гісінар". Апрабацыя ў гаспадарках паказала, што ўраджай збожжавых культур, насенне якіх было апрацавана перад пасевам гідрагелем, павялічваўся на 10-20 працэнтаў у параўнанні з кантролем. Пры выдатках ўсяго 1 долар на гектар новы аграхімічны сродак дазваляе атрымліваць з гэтай плошчы дадатковай прадукцыі амаль на 400 долараў. Больш падрабязна аб гэтай распрацоўцы акадэмічных вучоных можна прачытаць тут.


    09.09.2010

    "Залатыя фаліянты" з Хойнікаў

    У час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Хойніках 5 верасня 2010 г. адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў 50-га Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі-2010", сярод лаўрэатаў якога былі і прадстаўнікі акадэмічнага кнігавыдання. Выдавецкі дом "Беларуская навука" стаў пераможцам у 2 намінацыях - "Лепшае навуковае выданне" за кнігу "Белорусский народный костюм: крой, вышивка, декоративные швы" і "Лепшае масава-палітычнае выданне" за кнігу "Беларусь: Народ. Государство. Время", падрыхтаваную супрацоўнікамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

    Залатыя фаліянты


    Дыпломы пераможцаў і памятные знакі "Залаты фаліянт" былі ўручаны намесніку дырэктара выдавецкага дома С.А. Нічыпаровічу. З моманту рэарганізацыі ў 2005 г. выдавецтва "Беларуская навука" ў выдавецкі дом яго кнігі шэсць разоў станавіліся пераможцамі Нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі", прычым тройчы лаўрэатамі прызнаваліся кнігі, рукапісы якіх ствараліся ў інстытутах Адзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

    08.09.2010

    Аб'яўлены конкурс сумесных беларуска-сербскіх навукова-тэхнічных праектаў на перыяд 2011-2013 гадоў

    ГКНТ У адпаведнасці з Пагадненнем паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Саюзным урадам Саюзнай Рэспублікі Югаславія аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве ад 6 сакавіка 1996 г. Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства навукі і тэхналагічнага развіцця Рэспублікі Сербія абвясцілі конкурс сумесных навукова-тэхнічных праектаў па наступных прыярытэтных напрамках двухбаковага беларуска-сербскага супрацоўніцтва: энергаэфектыўнасць і аднаўляемыя крыніцы энергіі; новыя матэрыялы, у тым ліку нанаматэрыялы і нанатэхналогіі; медыцына і фармацыя; інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі; агра- і біятэхналогіі; экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне. Дакументы на конкурс прымаюцца па 1 сьнежня 2010 г. З парадкам правядзення конкурсу, формамі заяўкі на ўдзел у ім і камплектам заявачных форм можна азнаёміцца на сайце БелІСА.


    07.09.2010

    7-9 верасня ў Мінску пройдзе канферэнцыя "CNCP-2012: ад грантаў да новых магчымасцяў"

    Канферэнцыі 7-9 верасня 2010 г. Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Брытанская праграма па закрытым ядзерным цэнтрам (CNCP) праводзяць VI штогадовую канферэнцыю "CNCP-2012: ад грантаў да новых магчымасцяў". Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць дзейнасць CNСР у Казахстане, Расіі, Украіне, Узбекістане, Беларусі, Грузіі і Арменіі. Праца канферэнцыі будзе праходзіць па наступных тэмах: складанасці выкарыстання навуковых распрацовак у бізнэсе; інфраструктура падтрымкі інавацыйнага бізнесу; асаблівасці рынку радыяцыйнай апрацоўкі; інстытуты на рынку - ключавыя фактары поспеху; аддзелы камерцыялізацыі - навошта?; энергетыка - новыя магчымасці для інстытутаў. CNCP факусіруе сваю ўвагу, у прыватнасці, на фінансаванні такіх распрацовак, праектаў вытворчасці і аказання паслуг у грамадзянскім сектары, у якіх выкарыстоўваюцца веды, вопыт і рэсурсы ядзерных цэнтраў і якія могуць сфарміраваць базу для стварэння пастаянных працоўных месцаў і развіцця жыццяздольных напрмкаў. Асабліва падтрымліваецца камерцыялізацыя вытворчасці і паслуг, у якіх гатовыя ўдзельнічаць брытанскія і міжнародныя партнёры. Канферэнцыя пачне сваю працу 7 верасня ў 9.30 у канферэнц-зале гасцініцы "Мінск" (пр-т Незалежнасці, 11).


    07.09.2010

    Сёння спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння акадэміка С.А. Астапчыка

    7 верасня 2010 г. спаўняецца 75 гадоў з дня нараджэння вядомага вучонага ў галіне матэрыялазнаўства і машынабудавання, арганізатара навукі, педагога і грамадскага дзеяча, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы, з 1979 г . загадчыка лабараторыі, з 1982 г. намесніка дырэктара па навуковай рабоце, у 1983-2002 гг. дырэктара Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, адначасова ў 1987-1997 гг. акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2002 г. загадчыка аддзела Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Станіслава Аляксандравіча Астапчыка.


    06.09.2010

    У сераду ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца Дзень адчыненых дзвярэй

    8 верасня 2010 г. у 10.00 Нацыянальная акадэмія навук Беларусі адчыніць свае дзверы щсім жадаючым пазнаёміцца з працай Акадэміі навук, акадэмічных Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў і аспірантуры. Дзень адчыненых дзвярэй пачнецца выступленнямі кіраўнікоў аддзяленняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб работах у галіне фізікі, тэхнікі, біялогіі, хіміі, эканомікі і іншых сферах навукі. Пра акадэмічную аспірантуру, у якую да 15 верасня адкрыты прыём дакументаў, раскажа рэктар Інстытута падрыхтоўкі навуковых кадраў. Для ўдзельнікаў мерапрыемства будуць працаваць Музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і пастаянна дзеючая выстава "Навука - вытворчасці". Да ўдзелу ў Дні адчыненых дзвярэй запрашаюцца выпускнікі і студэнты старэйшых курсаў ВНУ. Месца правядзення: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 66, к. 216.


    05.09.2010

    Сёння спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта І.В. Залуцкага

    5 верасня 2010 г. спаўняецца 60 гадоў з дня нараджэння вядомага анколага, у 1994-2000 гг. загадчыка аддзялення агульнай анкалогіі і пластычнай хірургіі, з 2000 г. дырэктара Навукова-даследчага інстытута анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М. Аляксандрава, адначасова ў 1999-2007 гг. загадчыка кафедры анкалогіі Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 2001 г. галоўнага пазаштатнага анколага Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з 2010 г. намесніка акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Іосіфа Віктаравіча Залуцкага.


    04.09.2010

    Што робiць айчынная навука, каб раслi i ўпрыгожвалi нашы лясы дубровы?

    Газета РэспублікаЗ гэтага пытання да дырэктара Iнстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.І. Кавалевіча пачалася яго размова з карэспандэнтам газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка", змест якой апублікаваны ў сённяшнім нумары гэтага выдання. Цi шмат у Беларусi дуброў, што дало наладжанае адразу пасля вайны іх штучнае аднаўленне, як вядуцца генетыка-селекцыйныя даследаваннi, iнвентарызацыя аб’ектаў пастаяннай лесанасеннай базы, мерапрыемствы па захаванню, аднаўленню i рацыянальнаму выкарыстанню генафонду дуба чарэшчатага, наколькi важкi i эфектыўны ўнёсак айчыннай навукi ў захаванне i аднаўленне неацэннага прыроднага скарбу? З адказамі кіраўніка акадэмічнага інстытута на гэтыя і іншыя пытанні можно азнаёміцца тут.


    03.09.2010

    Сёння падпісана Пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Каралеўскай акадэміяй эканомікі і фінансаў Іспаніі

    Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.У. Мясніковіч і Прэзідэнт Каралеўскай акадэміі эканомікі і фінансаў Іспаніі (RACEF) Хаімэ Х. Алуха падпісалі 3 верасня 2010 г. пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж двума Акадэміямі навук. Пагадненне заклікана спрыяць наладжванню навуковых кантактаў паміж беларускімі і іспанскімі навукоўцамі і прадугледжвае арганізацыю навуковых абменаў, візітаў, сумесных даследаванняў, канферэнцый і сустрэч, абмен публікацыямі і навуковай інфармацыяй. Першым сумесным мерапрыемствам у рамках Пагаднення аб навуковым супрацоўніцтве стане ўрачыстая сумесная сесія Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Каралеўскай акадэміі эканомікі і фінансаў Іспаніі, якая адбудзецца ў Мінску вясной наступнага года.


    03.09.2010

    Падпісаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці

    Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь З мэтай дэбюракратызацыі дзейнасці дзяржаўных органаў, паляпшэння прадпрымальніцкага і інвестыцыйнага клімату ў краіне, а таксама спрашчэння працэдур ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны Указ ад 1 верасня 2010 г. №450, якім зацверджана Палажэнне аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці. Указам прадугледжваецца адмена ліцэнзавання 16 відаў дзейнасці, а таксама каля 60 састаўляючых работ і паслуг па іншых 13 відах дзейнасці, ліцэнзаванне якіх захоўваецца. У прыватнасці, паводле пункту 311 зацверджанага Палажэння, не патрабуецца атрымання ліцэнзіі для выпуску такіх выданняў інфармацыйна-даведачнага, вытворчага і навукова-метадычнага характару, як паведамленні, планы і справаздачы аб рабоце арганізацый, справаздачы аб навуковых камандзіроўках і выкананні навуковых прац, пералікі, тэзісы і рэфераты артыкулаў, тэматычныя планы, тэматычныя і рэфератыўныя падборкі, каталогі вырабленага абсталявання або прадукцыі, рэкламныя буклеты, статуты, праграмы, умовы аглядаў і конкурсаў, праграмы з'ездаў, канферэнцый, выстаў, даклады, тэзісы дакладаў, рашэнні і іншыя матэрыялы канферэнцый, кароткія тэзісы навуковых дакладаў і паведамленняў да маючых адбыцца навуковых і навукова-тэхнічных нарад, з'ездаў, канферэнцый і сімпозіумаў, прэпрынты дакладаў і паведамленняў, рэкамендацыі навуковых саветаў, апісанні прынцыпаў устройства прыбораў і методыкі карыстання імі, аўтарэфераты дысертацый і іншых падобных выданняў. У пераліку ліцэнзуемых відаў дзейнасці прыведзены назвы відаў дзейнасці і састаўляючых работ (паслуг) пры іх наяўнасці, указаны дзяржаўныя органы і іншыя дзяржаўныя арганізацыі, упаўнаважаныя на выдачу ліцэнзій, вызначаны тэрмін дзеяння гэтых ліцэнзій. Больш падрабязна са зместам Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці можна азнаёміцца тут.


    02.09.2010

    У Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў

    Учора ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню ведаў. У Вялікай канферэнц-зале Акадэміі навук сабраліся магістранты, аспіранты і маладыя вучоныя. З прывітальным словам і пажаданнямі да прысутных звярнуўся Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі М.У. Мясніковіч. У сваім выступленні ён асабліва адзначыў, што маладыя людзі зрабілі правільны выбар, паступіўшы ў магістратуру і аспірантуру Акадэміі навук, бо менавіта тут яны змогуць у поўнай меры рэалізаваць свае навуковыя і асабістыя памкненні. Свае віншаванні і добрыя пажаданні выказаў Прэзідэнт Каралеўскай акадэміі эканомікі і фінансаў Іспаніі прафесар Х.Х. Алуха. Галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі С.А. Чыжык выступіў перад навуковай моладдзю з лекцыяй па нанатэхналогіях і іх прымяненнях у навуцы і прамысловасці. Удзельнікі ўрачыстых мерапрыемстваў наведалі таксама Музей гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і пастаянна дзеючую выставу "Навука - вытворчасці".


    02.09.2010

    Створана міжведамасная камісія па распрацоўцы Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту на 2011-2015 гады

    Дом Урада У мэтах вызначэння стратэгіі развіцця знешняга гандлю рэспублікі на сярэднетэрміновую перспектыву пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 жніўня 2010 г. №1247 створана міжведамасная камісія па распрацоўцы Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту на 2011-2015 гады пад старшынствам Міністра замежных спраў Мартынава С.М., у склад якой уключаны таксама прадстаўнікі дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі". Заказчыкам правядзення ў 2010 годзе навуковых даследаванняў, неабходных для распрацоўкі Нацыянальнай праграмы, вызначана Міністэрства замежных спраў. Фінансаванне адпаведных работ будзе ажыццёўлена за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць, прадугледжаных ва ўстаноўленым парадку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2010 годзе.


    01.09.2010

    Віншаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь навучэнцам, студэнтам, аспірантам, настаўнікам, навукова-педагагічным работнікам з Днём ведаў

    Мінск, БеларусьДарагія сябры!

    Сардэчна віншую вас з Днём ведаў.

    Традыцыйнае свята 1 верасня сёння напаўняецца новым зместам. Крылатая фраза "Веды - сіла" набываюць асаблівы сэнс у сучасным грамадстве, дзе навуковыя адкрыцці і інавацыйныя тэхналогіі становяцца галоўным рухавіком грамадскага развіцця, а чалавек, каб не адставаць ад часу, вучыцца на працягу ўсяго жыцця.

    Беларуская сістэма адукацыі з'яўляецца нацыянальнай гордасцю краіны, тым здабыткам, які дапамагае нам дабівацца поспеху і прызнання ў свеце. У адпаведнасці з патрабаваннямі сённяшняга дня прыярытэтамі сацыяльнай палітыкі з'яўляюцца ўдасканаленне зместу і павышэнне якасці адукацыі. Дзяржава гарантуе ўсім роўныя ўмовы самарэалізацыі, інтэлектуальнага росту і грамадзянскага станаўлення.

    Дарагія навучэнцы, студэнты і аспіранты! Гады вучобы - той час, калі вы не проста атрымліваеце адукацыю, але і вырастаеце як асоба, загартоўваеце характар і набываеце верных сяброў. Няхай вам пакорацца самыя высокія вяршыні, ажыццявяцца самыя смелыя задумы, а ў дзённіках і заліковых кніжках будуць толькі выдатныя адзнакі.

    Паважаныя настаўнікі і выкладчыкі, прыміце маю асаблівую ўдзячнасць за высакароднае служэнне ідэалам асветы. Няхай вашы сэрцы саграваюць поспехі выхаванцаў, памножанае ў шмат разоў вяртаецца тое лепшае, што вы пасеялі ў іх душах!

    Жадаю ўсім вам моцнага здароўя, плённай працы, шчасця і дабрабыту!

    У добры шлях у Краіну Ведаў.

    Аляксандр Лукашэнка

    Крыніца: Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь

    Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Верасень 2010 года / Да пачатку старонкі
    Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай


  •