Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2012 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Сакавік 2012 года

Акадэміі навук Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы і іх роля ў грамадстве, заснаваным на ведах


30.03.2012

Сёння спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння акадэміка В.А. Іпацьева (1942-2009)

30 сакавіка 2012 г. спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне лесазнаўства, глебазнаўства і радыеэкалогіі лесу, з 1989 г. дырэктара Беларускага НДІ лясной гаспадаркі, у 1992-2006 гг. дырэктара Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у 1997-2001 гг. члена Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, замежнага члена Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Віктара Аляксандравіча Іпацьева.


29.03.2012

Ці губляе свае пазіцыі сектар навукі ВНУ ў Беларусі? Погляд знутры

Наука и инновации Сектар навукі ВНУ ў Беларусі займае пэўную нішу ў эканоміцы краіны, аднак яго ўклад у інавацыйны складнік не апраўдваецца з-за таго, што ён паступова губляе свае пазіцыі. Апытанне, праведзенае навукова-практычным часопісам "Навука і інавацыі" на сайце выдання, пацвярджае гэты тэзіс. Каля 68% рэспандэнтаў паказваюць на гэтую тэндэнцыю, толькі 14% перакананыя ва ўмацаванні пазіцыі ВНУ, а 18% лічаць, што яны засталіся на ранейшым узроўні. Пракаментаваць гэтую сітуацыю і абмеркаваць у традыцыйнай "навуковай гасцінай" ролю навукі ВНУ ў сучасным свеце рэдакцыя часопіса запрасіла прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і вядучых універсітэтаў краіны. "Ад навукі патрабуюць імгненных дывідэндаў грамадству, не забяспечваючы элементарны мінімум для яе развіцця". "Ускладаць на навукоўцаў адказнасць за ўкараненне новых тэхналогій у прамысловасць нельга". "Супрацоўнік ВНУ не мае магчымасці паўнавартасна ажыццяўляць даследаванні". "Маладому выкладчыку лепш мець паўтары стаўкі, чым весці нейкі праект". "Мы самі вінаватыя ў тым, што вытвараем - "спараджаем" больш слабых кандыдатаў навук, яны, у сваю чаргу, яшчэ больш слабых". "Моладзь, што цікавіцца навукай, вострыць лыжы, імкнучыся перад гэтым па максімуме ўзяць веды ў старэйшых". Гэта - толькі некаторыя цытаты з матэрыялу, пад назвай "Аксіясфера навукі ВНУ", з поўным тэкстам якога можна азнаёміцца тут.


29.03.2012

Акадэмік Ж.І. Алфёраў: "Навука павінна быць запатрабавана - грамадствам, эканомікай"

"Навука павінна быць запатрабавана - грамадствам, эканомікай. Тады яна будзе развівацца", - так адказаў на пытанне карэспандэнта газеты "Саюз. Беларусь-Расія" - перыядычнага выдання Савета Міністраў Саюза Беларусі і Расіі - знакаміты фізік, Нобелеўскі лаўрэат, замежны член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, віцэ-прэзідэнт Расійскай акадэміі навук, акадэмік Жарэс Іванавіч Алфёраў падчас размовы аб значнасці праграмы "Прамень" ("Луч"), прынятай Саюзнай дзяржавай у канцы 2011 года. Ці можна казаць аб тым, што навука Саюзнай дзяржавы выходзіць з крызісу, спароджанага дзевяностымі? Ці было б разумным для рэалізацыі навуковых ідэй двух брацкіх краін стварыць сумеснае прадпрыемства, напрыклад, для развіцця электроннай прамысловасці? Каб "рухаць" навуку, што першасна: добрыя ўмовы для працы навукоўцаў або іх талент? Акрамя фізікі ў якой яшчэ галіне Нобелеўскі лаўрэат вылучыў бы дасягненні беларусаў? З адказамі акадэміка Алфёрава на гэтыя і іншыя пытанні можна азнаёміцца ў матэрыяле "Сделай это ЛУЧше", апублікаваным таксама ў сённяшнім нумары газеты "Советская Белоруссия".


29.03.2012

Удакладнены паўнамоцтвы і склад Нацыянальнай камісіі Беларусі па радыяцыйнай абароне

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 сакавіка 2012 г. №258 унесены дапаўненні ў Палажэнне аб Нацыянальнай камісіі Беларусі па радыяцыйнай абароне пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2009 г. №561, а таксама выкладзены ў новай рэдакцыі склад Нацыянальнай камісіі Беларусі па радыяцыйнай абароне пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У склад Нацыянальнай камісіі ўключаны чатыры прадстаўнікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі - кіраўнікі і спецыялісты Інстытута глебазнаўства і аграхіміі, Аб'яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны і Інстытута радыебіялогіі.


29.03.2012

Перадавыя тэхналогіі з Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі атрымалі медалі на конкурсе ў Санкт-Пецярбургу

Пецярбургскі тэхнічны кірмаш З 13 па 15 сакавіка 2012 г. у паўночнай сталіцы Расіі прайшоў чарговы Пецярбургскі тэхнічны кірмаш - вядучае выставачна-кангрэсавае мерапрыемства ў Расійскай Федэрацыі. У рамках кірмашу былі праведзены міжнародныя выставы і канферэнцыі па металургіі, металаапрацоўцы, машынабудаванню і прамысловых інавацыях, а таксама конкурс "Лепшы інавацыйны праект і лепшая навукова-тэхнічная распрацоўка года", у якім прынялі ўдзел 125 арганізацый Расіі, Украіны і Беларусі, якія прадставілі 270 праектаў і распрацовак. У намінацыі "Перадавыя тэхналогіі машынабудавання і металургіі" конкурсу медалямі адзначаны дзве навукова-тэхнічных распрацоўкі Фізіка-тэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Залаты медаль прысуджаны за комплексную тэхналогію атрымання адлівак поршняў з зададзенай структурай матэрыялу і галерэйным астуджэннем для забеспячэння іх працаздольнасці у патрэбных дыяпазонах тэмператур, срэбны медаль - за новую канструкцыю сілавой цягі сеялкі і тэхналогію яе вытворчасці. Падрабязнасці - у прэс-рэлізе.


28.03.2012

Апублікавана папярэдняя праграма семінара "Акадэміі навук Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і іх роля ў грамадстве, заснаваным на ведах"

IAP На вэб-сайце Міжакадэмічнай групы па міжнародных праблемах (IAP) апублікавана папярэдняя праграма рэгіянальнага семінара "Акадэміі навук Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і іх роля ў грамадстве, заснаваным на ведах". Мэтай рэгіянальнага семінара, які арганізуецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і падтрымліваецца Міжакадэмічнай групай па міжнародных праблемах і Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывай (CEI), з'яўляецца павышэнне навукова-арганізацыйнага патэнцыялу акадэмій навук рэгіёну. З папярэдняй праграмай семінара, які пройдзе 11-12 чэрвеня 2012 г. у Мінску, можна азнаёміцца тут.


28.03.2012

Акадэмік Л.У. Хатылёва ўдастоена спецыяльнага прыза "Жанчына-легенда"

Беларускі саюз жанчын 23 сакавіка 2012 г. у Нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа" прайшла ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў IV рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года-2011". Ідэя яго правядзення была выказана грамадскім аб'яднаннем "Беларускі саюз жанчын" і падтрымана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкам. Асноўнымі крытэрыямі для ўдзелу ў конкурсе "Жанчына года" з'яўляюцца значныя дасягненні ў прафесійнай і грамадскай дзейнасці, а таксама добрая сям'я. На працягу года ў раёнах, гарадах, абласцях Беларусі праходзіла абмеркаванне і вылучэнне кандыдатаў на гэта ганаровае званне. У конкурсе "Жанчына года-2011" прынялі ўдзел 56 лепшых прадстаўніц усіх рэгіёнаў краіны, 13 з іх сталі пераможцамі ў 11 розных намінацыях. Тром удзельніцам конкурсу, у тым ліку заслужанаму дзеячу навукі БССР, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі БССР, акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктару біялагічных навук, прафесару Любові Уладзіміраўне Хатылёвай, быў уручаны спецыяльны прыз у намінацыі "Жанчына-легенда". Віншуем Любоў Уладзіміраўну з гэтым ганаровым тытулам і жадаем новых творчых здзяйсненняў!


27.03.2012

Абноўлена інфармацыя аб рэспубліканскіх мерапрыемствах 2012 года

КанферэнцыіНа старонцы Рэспубліканскія мерапрыемствы абноўлена інфармацыя аб рэспубліканскіх канферэнцыях, запланаванных для правядзення ці арганізуемых пры падтрымцы арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў бягучым годзе.


27.03.2012

Выйшаў з друку акадэмічны "Слоўнік беларускай мовы"

Слоўнік беларускай мовы У Выдавецкім доме "Беларуская навука" выйшла з друку найбольш поўнае акадэмічнае выданне слоўніка беларускай мовы. Больш чым 900-старонкавае выданне падрыхтавана ў Інстытуце мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з улікам змен, што адбыліся ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі". У аснову рэестра новага слоўніка, які ўключае каля 150 тысяч слоў, пакладзены рэестр "Слоўніка беларускай мовы" 1987 года выдання, значна дапоўнены лексікай, што ўвайшла ва ўжытак у апошнія дзесяцігоддзі, а таксама лексікай, якая можа вызваць цяжкасці пры напісанні па новых правілах. Слоўнік разлічаны на мовазнаўцаў, настаўнікаў беларускай мовы, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў, журналістаў, пісьменнікаў, рэдактараў і ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай. Набыць яго можна ў кнігарні "Акадэмічная кніга".


24.03.2012

Прапановы па ўкараненні перспектыўных распрацовак Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі накіраваны ў 26 органаў дзяржкіравання

Мінск, Беларусь 2, 3, 6 і 7 сакавіка 2012 г. у ходзе нарад у Першага намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.І. Сямашкі з удзелам кіраўнікоў больш за 20 рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, іншых дзяржаўных арганізацый, падпарадкаваных Ураду Рэспублікі Беларусь, былі разгледжаны пералікі завершаных распрацовак арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, якія могуць быць укаранёныя на прадпрыемствах і ў арганізацыях рэспублікі. У адпаведнасці з падпунктам 22.12 пратакола даручэнняў Першага намесніка Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь, дадзеных па выніках іх разгляду, лістом Старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.М. Русецкага ад 22 сакавіка 2012 г. №12-01/1485 на адрас 19 міністэрстваў, 4 дзяржаўных камітэтаў і 3 канцэрнаў накіраваны таксама пералікі звыш 400 перспектыўных распрацовак акадэмічных арганізацый на 2012-2013 гады з прапановамі па іх укараненню ў розных галінах эканомікі і сферах грамадскага жыцця.



23.03.2012

На чым заснавана дзяржаўнасць Беларусі?

Газета Звязда Пад такім загалоўкам у рубрыцы "Круглы стол" сённяшняга нумара штодзённай грамадска-палiтычнай беларускай газеты "Звязда" апублікавана гутарка карэспандэнта газеты з аўтарамі кнігі "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVІІІ - пачатку XXІ ст.", першая частка якой нядаўна была выдадзена Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, а яе прэзентацыя адбылася днямі ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа. Ці важна займацца даследаваннямі беларускай дзяржаўнасці і ці шмат яшчэ "белых плям" у нашай гісторыі? З грунтоўнымі адказамі акадэмічных гісторыкаў на гэтыя і іншыя пытанні рэдакцыі "Звязды" можно азнаёміцца тут.


23.03.2012

На наступным тыдні адбудзецца чарговае пасяджэнне семінара Беларускага фізічнага таварыства

27 сакавіка 2012 г. у 16.00 у зале пасяджэнняў Вучонага савета Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (пр-т Незалежнасці, 68, 1-шы паверх) адбудзецца чарговае пасяджэнне семінара Грамадскага аб'яднання "Беларускае фізічнае таварыства". Тэма семінара: "Графен". Дакладчык - доктар фізіка-матэматычных навук Мікалай Аляксандравіч Паклонскі. Запрашаюцца ўсе зацікаўленыя. Даведкі па тэлефоне: 284-09-54.


22.03.2012

Навука адмысловага прызначэння

СБ-Беларусь Сегодня Пад такім загалоўкам у рубрыцы "Канферэнц-зала" сённяшняга нумара газеты "Советская Белоруссия" апублікавана першая частка матэрыялаў дыскусіі, у якой прынялі ўдзел намеснік Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, акадэмік Аляксандр Цыганаў, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Каваленя, дырэктар Інстытута філасофіі НАН Беларусі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Анатоль Лазарэвіч, дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі, доктар сацыялагічных навук, прафесар Ігар Катляроў, дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вячаслаў Даніловіч і галоўны рэдактар рэдакцыі часопіса "Беларуская думка", кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Гігін. "Навошта наогул вывучаць гуманітарныя навукі? Можа, досыць толькі развіваць прыродазнаўчыя, тэхнічныя навукі, удасканальваць эканамічную сферу, а ўсё астатняе ў грамадстве само сабой утворыцца?" - з такога пытання пачалася размова ў рэдакцыі. Са зместам распачаўшайся за ім дыскусіі можна азнаёміцца тут.


22.03.2012

З рэалізацыяй Нацыянальнай акадэміяй навук новых інавацыйных праектаў азнаёміўся Першы намеснік Прэм'ер-міністра краіны

Белорусская нива Як паведамляе сённяшні нумар грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва", Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь У.І. Сямашка азнаёміўся з рэалізацыяй у Навукова-практычным цэнтры НАН Беларусі па жывёлагадоўлі новых інавацыйных праектаў. Ён пабываў на даччыным унітарным прадпрыемстве "ЖодзінаАграПлемЭліта" гэтага цэнтра ў Смалявіцкім раёне, дзе працуе своеасаблівая эксперыментальная пляцоўка акадэмічных вучоных. Больш падрабязна з матэрыялам, азагалоўленым "Навукоўцы паказалі Уладзіміру Сямашку ферму высокай генетыкі", можна азнаёміцца тут.


22.03.2012

Падпісана пагадненне аб навукова-практычным супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Мінгарвыканкамам

Афіцыйны інтэрнэт-партал Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта 14 сакавіка 2012 г. Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.М. Русецкі і Старшыня Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта М.А. Ладуцька падпісалі Пагадненне аб навукова-практычным супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам. Дакументам устанаўліваецца доўгачасовае узаемавыгаднае супрацоўніцтва паміж НАН Беларусі і Мінгарвыканкамам, прадугледжаны абмен на бязвыплатнай аснове ва ўстаноўленым парадку навуковай, прававой, статыстычнай і іншай інфармацыяй па важнейшых напрамках сацыяльна-эканамічнага і нацыянальна-культурнага развіцця г. Мінска, захаванне гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны, рэалізацыя мерапрыемстваў згодна з прыкладным пералікам тэматычных прыкладных навукова-даследчых работ у рамках супрацоўніцтва НАН Беларусі з арганізацыямі г. Мінска. Пагадненне з'яўляецца рамачным, заключана на нявызначаны тэрмін і не выключае іншых формаў узаемавыгаднага навукова-практычнага супрацоўніцтва бакоў.


21.03.2012

Ход супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук і Беларускай праваслаўнай царквы ў сацыяльна-гуманітарнай сферы будзе разгледжаны на гэтым тыдні

23 сакавіка 2012 г. у Інстытуце эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца пасяджэнне каардынацыйнага савета па распрацоўцы і рэалізацыі сумесных праграм супрацоўніцтва паміж органамі дзяржаўнага кіравання і Беларускай праваслаўнай царквой на тэму: "Аб сумесных мерапрыемствах у галіне сацыяльна-гуманітарнай сферы ў рамках выканання Праграмы супрацоўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Беларускай праваслаўнай царквы". У абмеркаванні ходу выканання Праграмы супрацоўніцтва, актуальных пытанняў царкоўна-дзяржаўнага супрацоўніцтва ў сферы навукі і іншых праблем прымуць удзел Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Гуляка Л.П., Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Каваленя А.А., кіраўнікі навуковых устаноў аддзялення, прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы, рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і аблвыканкамаў. Для ўдзельнікаў пасяджэння прадугледжана наведванне музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


21.03.2012

Сёння спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.П. Ліхацэвіча

21 сакавіка 2012 г. спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне сельскагаспадарчай меліярацыі, з 1987 г. загадчыка лабараторыі, з 1995 г. намесніка дырэктара па навуковай рабоце, з 1997 г. дырэктара Беларускага НДІ меліярацыі і лугаводства, з 2007 г. загадчыка лабараторыі Інстытута меліярацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, замежнага члена Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук, доктара тэхнічных навук, прафесара Анатоля Паўлавіча Ліхацэвіча.


20.03.2012

Заўтра адбудзецца прэзентацыя выдання "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII - пачатку XXI ст."

21 сакавіка 2012 г. у інфармацыйна-выставачным цэнтры Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца прэзентацыя першай часткі 2-томнага выдання "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы XVIII - пачатку XXI ст." (Мінск: Беларуская навука, 2011), а таксама іншых найноўшых даследаванняў супрацоўнікаў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Да мерапрыемства аддзелам рэдкіх кніг і рукапісаў бібліятэкі арганізавана выстава "Беларуская дзяржаўнасць: старонкі гісторыі (канец XVIII – першая палова XX ст.)", на якой прадстаўлена каля 150 дакументаў, звязаных з гісторыяй фарміравання і станаўлення беларускай нацыянальнай ідэі, беларускай дзяржаўнасці. Падрабязнасці аб мерапрыемстве тут.



19.03.2012

Удакладнены пералік міжнародных канферэнцый, што плануюцца да правядзення арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2012 годзе

Конференции Пастановай Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 11 сакавіка 2012 г. №81 унесены змяненні і дапаўненні ў Пералік навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных мерапрыемстваў, што плануюцца да правядзення арганізацыямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2012 годзе, зацверджаны пастановай Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 25 лістапада 2011 г. №455. З ўдакладненым пералікам мерапрыемстваў можна азнаёміцца тут.


18.03.2012

Апублікаваны сусветны рэйтынг рэпутацыі ВНУ World Reputation Rankings 2012

The Times Higher Education World University Rankings 2011-2012 15 сакавіка 2012 г. апублікаваны новы, другі па ліку сусветны рэйтынг рэпутацыі ВНУ World Reputation Rankings 2012. Ён складзены брытанскім часопісам Times Higher Education (THE), самай аўтарытэтнай у свеце крыніцай інфармацыі аб вышэйшай адукацыі, сумесна з адным з найбуйнейшых інфармацыйна-аналітычных агенцтваў Thomson Reuters і службай вывучэння грамадскай думкі Ipsos Mori. Рэйтынг уключае 100 універсітэтаў, інстытутаў і каледжаў з 19 краін свету і складзены толькі на аснове апытання прадстаўнікоў міжнароднай акадэмічнай супольнасці, найбуйнейшага з калі-небудзь праведзеных. У гэты раз улічаны экспертныя ацэнкі 17.554 вучоных з 137 краін, кожны з якіх выбіраў з 6 тыс. ВНУ, уключаных у базу Web of Science, толькі 15 лепшых. З 2011 года рэйтынг ВНУ па іх рэпутацыі ў прафесарскага складу выведзены ў асобную катэгорыю і дапаўняе прэстыжны рэйтынг лепшых універсітэтаў свету World University Rankings, штогод публікуемы THE апошнія восем гадоў. Ён складаецца па 13 паказчыках, што ахопліваюць увесь спектр дзейнасці ВНУ на шляху ад навучання праз навуковыя даследаванні да трансферу ведаў, і аб'яднаныя ў 5 катэгорый. Пры гэтым на ацэнку ўзроўню адукацыйных праграм і паслуг; маштабаў, рэпутацыі і даходаў ад даследчай дзейнасці; цытуемасці навуковых прац прыходзіцца па 30% агульнага ліку рэйтынгавых балаў, яшчэ 2,5% - на даходы ад інавацыйных распрацовак і 7,5% - на ацэнку міжнароднай рэпутацыі ВНУ па долі замежных студэнтаў і супрацоўнікаў у яго штаце. Ні адна з 55 дзяржаўных і прыватных устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі, у тым ліку 32 універсітэты, у сусветны рэйтынг рэпутацыі ВНУ і ў топ-400 лепшых універсітэтаў свету World University Rankings 2011-2012 не трапіла.


17.03.2012

"Называйце правільна! Патрэбен новы класіфікатар навук і спецыяльнасцяў"

Газета Поиск Пад такім загалоўкам у рубрыцы "Навуковая палітыка" свежага нумара штотыднёвай газеты навуковай супольнасці "Пошук" апублікаваны артыкул доктара хімічных навук, прафесара Казанскага нацыянальнага даследчага тэхналагічнага ўніверсітэта А.В. Міхайлава. "Наколькі наогул апраўданы эпітэт да слова "навука" у азначэнні вучонай ступені", - задаецца няпростым пытаннем аўтар. - Бо вельмі часта вучоную ступень "...ічных навук" прысуджаюць за тое, што ў прынцыпе не можа лічыцца навукай". Аўтарытэтнымі энцыклапедычнымі выданнямі навука вызначаецца як сфера чалавечай дзейнасці, функцыя якой - выпрацоўка і тэарэтычная сістэматызацыя аб'ектыўных ведаў аб навакольнай рэчаіснасці, а непасрэдныя мэты - апісанне, тлумачэнне і прадказанне працэсаў і з'яў рэчаіснасці, складаючых прадмет яе вывучэння, на аснове законаў, што ёй адкрываюцца. Калі гранічна строга прытрымлівацца духу і літары гэтага азначэння, лічыць прафесар Міхайлаў, то акажацца, што перад словам "навукі" можна паставіць вельмі абмежаваную колькасць розных эпітэтаў - відавочна меншую ў параўнанні з іх колькасцю ў наменклатуры спецыяльнасцей навуковых работнікаў. У гэтых дакументах, на думку аўтара артыкула, прысутнічаюць галіны інтэлектуальнай дзейнасці, якія не вельмі-та стыкуюцца з самім словам "навука", хоць за дасягненні ў іх таксама можа быць прысуджана вучоная ступень. Больш падрабязна са зместам вострапалемічнай публікацыі можна азнаёміцца тут.


16.03.2012

22 сакавіка кіраўнік Нацыянальнай акадэміі навук правядзе прамую тэлефонную лінію

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 22 сакавіка 2012 г. з 14.00 да 15.00 Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Анатоль Максімавіч Русецкі правядзе прамую тэлефонную лінію з насельніцтвам. Усе жадаючыя атрымаць адказы на пытанні, што тычацца навуковай і інавацыйнай палітыкі ў рэспубліцы, дзейнасці арганізацый Акадэміі навук у інтарэсах розных галін эканомікі, могуць тэлефанаваць ва ўказаны час па тэлефоне (017) 284-18-62.


16.03.2012

На наступным тыдні ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца міжнародны навуковы семінар "Генетыка - спорту вышэйшых дасягненняў"

Генетика - спорту высших достижений 22 сакавіка 2012 г. у дзяржаўнай навуковай установе "Інстытут генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" адбудзецца міжнародны навуковы семінар "Генетыка - спорту вышэйшых дасягненняў", прысвечаны даследаванням апошніх гадоў у галіне генетыкі і геномікі чалавека. Мэтай правядзення семінара з'яўляецца прэзентацыя і абмеркаванне вынікаў сумеснай працы навуковых, спартыўных і медыцынскіх спецыялістаў у галіне спартыўнай генетыкі, а таксама метадаў інтэграцыі генетычнай пашпартызацыі спартсменаў у сістэму іх падрыхтоўкі. У мерапрыемстве прымуць удзел спецыялісты акадэмічных навуковых устаноў біялагічнага і медыцынскага профіляў, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства аховы здароўя, Рэспубліканскага Цэнтра спартыўнай медыцыны, НДІ фізкультуры і спорту, федэрацый спорту, іншыя зацікаўленыя, у тым ліку расійскія навукоўцы і спецыялісты. З праграмай міжнароднага навуковага семінара можна азнаёміцца тут.


15.03.2012

Аб'яўлены прыём заявак на 2012 год па інавацыйных праектах

ДКНТ Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Беларускі інавацыйны фонд аб'явілі аб прыёме заявак на 2012 год па інавацыйных праектах. Дзяржаўным камітэтам прымаюцца заяўкі на беззваротнай аснове па рэалізацыі інавацыйных праектаў, што фінансуюцца з рэспубліканскага бюджэту за кошт сродкаў, прадугледжваемых на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць, а інавацыйным фондам - заяўкі на навукова-даследчыя, доследна-канструктарскія і доследна-тэхналагічныя работы ў форме інавацыйнага праекта, што фінансуюцца на зваротнай аснове з рэспубліканскага бюджэту за кошт сродкаў інавацыйных фондаў, якія выдзяляюцца Беларускаму інавацыйнаму фонду. З Палажэннем аб парадку конкурснага адбору і рэалізацыі праектаў і работ, што фінансуюцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, у тым ліку інавацыйных фондаў, можна азнаёміцца тут.


15.03.2012

"Навука - частка культуры, тут не можа і не павінна быць такой жа матывацыі, як у бізнэсе"

Гэта сцвярджае ў сваім інтэрв'ю прафесар Універсітэта Радбаўда (Нідэрланды), спецыяліст у галіне фізікі кандэнсаванага стану і нанаструктур Міхаіл Кацнельсон. І дадае: "Каму не падабаецца, хай і ідуць у бізнэс, і там габлююцца па адпаведных правілах". Гутарка з ім, названая "Заглаб замест дырэктара", адкрыла на інфармацыйна-аналітычным партале Полит.ру - адным з найстарэйшых і аўтарытэтных выданняў расійскага Інтэрнэту - серыю публікацый аб асноўных прынцыпах фінансавання навукі. Як фінансуюць фундаментальную навуку ў Нідэрландах, і наогул на Захадзе? Ці можна пражыць на заробак аспіранта, займаючыся толькі навукай? Чаму напісанне добрай заяўкі на грант патрабуе месяц працы ці больш, і ці можна за яго кошт павялічыць сваю зарплату? Ці атрымлівае ўніверсітэцкі прафесар зарплату ў летнія месяцы і ці можа ён наогул не пісаць ніякіх праектаў? Яго ніхто не выганіць, нічога з ім дрэннага не здарыцца? А пасля таго, як грошы атрыманыя, ці будзе хто сядзець і правяраць пунктуальна, чаму зроблена зусім не тое, што было напісана ў заяўцы? З грунтоўнымі адказамі на гэтыя і іншыя няпростыя пытанні можна азнаёміцца тут. Скарочаная версія інтэрв'ю апублікавана таксама ў раздзеле "Быццё навукі" газеты "Троицкий вариант - Наука".


14.03.2012

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь правёў нараду па пытаннях фарміравання інавацыйных фондаў

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 13 сакавіка 2012 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка правёў нараду па пытаннях фарміравання інавацыйных фондаў. "У апошнія гады інавацыйнае развіццё з’яўляецца адным з нашых прыярытэтаў. Інавацыйныя фонды павінны ў поўнай ступені служыць актыўнай рэалізацыі гэтага напрамку. Аднак сур’ёзны аналіз рэальнай сітуацыі з фарміраваннем і выкарыстаннем гэтых фондаў у галінах эканомікі выяўляе шэраг тэндэнцый: скарачаецца колькасць прадпрыемстваў, якія ўносяць у іх свае адлічэнні, скарачаецца доля інавацыйных фондаў у валавым унутраным прадукце, усё меншая частка гэтых фондаў выкарыстоўваецца на фінансаванне інавацый. У сувязі з гэтым заканамерна паўстае пытанне: ці аптымальны існуючы метад фарміравання фондаў і што трэба зрабіць для павышэння іх эфектыўнай аддачы?" - заявіў Кіраўнік дзяржавы ў час нарады. З інфармацыяй прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб ходзе і выніках нарады па пытаннях фарміравання інавацыйных фондаў можна азнаёміцца тут.


14.03.2012

Выйшла з друку навукова-папулярнае выданне "Археалагічная спадчына Беларусі"

Археалагічная спадчына Беларусі У Выдавецкім доме "Беларуская навука" выйшла з друку падрыхтаванае ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі навукова-папулярнае выданне "Археалагічная спадчына Беларусі". Багата ілюстраванае амаль 200-старонкавае выданне падрыхтавана па матэрыялах, што захоўваюцца ў навуковых археалагічных фондах і прадстаўлены ў археалагічнай навукова-музейнай экспазіцыі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Яно знаёміць з унікальнымі матэрыяламі, што раскрываюць багацце і своеасаблівасць культуры беларускіх зямель з глыбокай старажытнасці і да канца XVIII ст., а таксама адлюстроўвае ўвесь спектр гаспадарча-вытворчай дзейнасці, побыту, культурнага і духоўнага жыцця людзей, што насялялі тэрыторыю нашай краіны ў розныя эпохі, іх сувязі з навакольным светам. Выдадзеная на рускай і англійскай мовах кніга прызначана для навуковых работнікаў, выкладчыкаў навучальных устаноў, супрацоўнікаў музеяў і ўсіх, хто цікавіцца краязнаўствам. Набыць яе можна ў кнігарні "Акадэмічная кніга".


13.03.2012

У Нацыянальнай акадэміі навук пройдзе "круглы стол" на тэму: "Рэлігійны фактар нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь"

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 15 сакавіка 2012 г. у 11.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа (г. Мінск, вул. Сурганава, д.15) пачне сваю работу "круглы стол" на тэму: "Рэлігійны фактар нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь", арганізаваны Аддзяленнем гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Удзельнікі "круглага стала" разгледзяць шырокі спектр пытанняў: канфесійнае супрацоўніцтва па процідзеянні экстрэмісцкім рэлігійным плыням, узаемаадносіны рэлігійных арганізацый і дзяржавы ў галіне нацыянальнай бяспекі, супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі, узаемадзеянне і ўзаемаўплыў цэркваў і грамадства, рэлігія і грамадская бяспека, місіянерская дзейнасць канфесій, канцэптуальныя асновы ўзаемаадносін дзяржавы і канфесій. У мерапрыемстве прымуць удзел прадстаўнікі акадэмічнай і вузаўскай навукі, духавенства, грамадскія дзеячы, моладзь.


13.03.2012

Зацверджаны новы склад Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 сакавіка 2012 г. №125 унесены змяненні і дапаўненні ў склад Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь, які выкладзены ў новай рэдакцыі. Прэзідыум Камітэта ўзначаліў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу акадэмік А.М. Рубінаў. Яго намеснікамі і старшынямі падкамітэтаў па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь у галіне навукі і тэхнікі і ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры назначаны Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі А.М. Русецкі і генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі У.П. Грыдзюшка. З улікам неабходнасці забеспячэння высокай патрабавальнасці і прынцыповасці пры разглядзе вылучаных на суісканне прэмій работ, а таксама мэтазгоднасці перыядычнай ратацыі членаў Камітэта па Дзяржаўных прэміях Рэспублікі Беларусь склады яго Прэзідыума і падкамітэтаў абноўлены на 50-60%.


12.03.2012

Адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па акрэдытацыі навуковых арганізацый

2 сакавіка 2012 г. адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па акрэдытацыі навуковых арганізацый, па выніках якога прыняты і зацверджаны старшынямі Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь заключэнні аб акрэдытацыі ў якасці навуковай арганізацыі 23 юрыдычных асоб, з пералікам якіх можна азнаёміцца тут.


11.03.2012

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі забяспечыць у бягучым годзе пастаўку для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб 1600 святлодыёдных свяцільнікаў

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавіка 2012 г. №203 зацверджаны пералік рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб, а таксама дзяржаўных заказчыкаў па пастаўках (закупках) тавараў (работ, паслуг) для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб на бягучы год. Па Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб'ёмы фінансавання паставак (закупак) тавараў (работ, паслуг) для забеспячэння ўстойлівага развіцця галін і задавальнення патрэб дзяржаўнага кіравання складуць звыш 451,9 млрд рублёў. У прыватнасці, пастановай прадугледжана, што Нацыянальная акадэмія навук забяспечыць у 2012 годзе пастаўку арганізацыям і прадпрыемствам міністэрстваў адукацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, транспарту і камунікацый, канцэрнаў "Белдзяржхарчпрам" і "Белнафтахім" 511 вулічных святлодыёдных свяцільнікаў і 1089 святлодыёдных свяцільнікаў для жыллёва-камунальнай гаспадаркі.


10.03.2012

Тэхналагічны запыт на Амега-3 алеі з новых крыніц і з палепшанай стабільнасцю

NineSigma NineSigma, representing a Fortune 500 company, invites proposals from entities that can provide Omega-3 oils for liquid and / or semi-solid pharmaceutiсal applications. More information is available here and in the request document online. The final submission date for a Statement of Interest is March 16, 2012. Please also click here to view all open requests by technical area, industry, or status.


08.03.2012

Бабруйскі гідролізны завод у траўні пачне масавы выпуск біяпрэпарату "Лаксіл-М" для кансервацыі сіласу

Бабруйскі гідролізны завод Як паведамляе афіцыйны сайт Бабруйскага раённага выканаўчага камітэта, Бабруйскае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Гідролізны завод", што нядаўна ўвайшло ў склад Нацыянальнай акадэміі навук, у траўні плануе распачаць масавы выпуск біяпрэпарату "Лаксіл-М" для кансервацыі сіласу. Гэтая імпартазамяшчальная прадукцыя, распрацаваная вучонымі Інстытута мікрабіялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прызначана для павышэння якасці і аэробнай стабільнасці сіласаваных кармоў з расліннай сыравіны (кукуруза, зёлкавыя травы, бабова-зёлкавыя травасумесі і інш.) і запатрабавана сельгасвытворцамі. Выкарыстанне біяпрэпарату дазваляе знізіць выдаткі корму прыкладна на 20% на 1 кг жывой масы, павялічыць сярэднясутачныя прыбаўленні вагі жывёл на 9-12%, павысіць прадукцыйнасць лакціруючых жывёл на 5-10%. Іншыя падрабязнасці - тут.


07.03.2012

Абноўлены графік асабістага прыёму грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук

На старонцы Кантакты абноўлены графік асабістага прыёму грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, іх прадстаўнікоў, прадстаўнікоў юрыдычных асоб кіраўніцтвам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


07.03.2012

Зацверджана стратэгія Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці на 2012-2020 гады

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавіка 2012 г. №205 зацверджаны стратэгія Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці на 2012-2020 гады і першачарговыя мерапрыемствы па яе рэалізацыі на 2012-2013 гады. Асноўнымі мэтамі дзяржаўнай палітыкі ў сферы інтэлектуальнай уласнасці вызначаны: у кароткатэрміновай перспектыве - завяршэнне фарміравання інстытуцыйных асноў функцыянавання нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці, што будзе адказваць актуальным і перспектыўным патрэбам эканомікі і грамадства; у доўгатэрміновай перспектыве - комплексная інтэграцыя нацыянальнай сістэмы інтэлектуальнай уласнасці ў сацыяльна-эканамічную палітыку дзяржавы і павышэнне на гэтай аснове канкурэнтаздольнасці эканомікі Рэспублікі Беларусь. Чаканым вынікам ад рэалізацыі стратэгіі стане павышэнне канкурэнтаздольнасці беларускіх таваравытворцаў і эканомікі ў цэлым, што будзе біравацца на эфектыўным кіраванні інтэлектуальнай уласнасцю. Са зместам стратэгіі можна азнаёміцца тут.


06.03.2012

Уступіў у сілу новы дзяржаўны стандарт, што ўстанаўлівае парадак выканання НДР, ДКР і ДТР па стварэнні навукова-тэхнічнай прадукцыі

Дзяржстандарт З 1 лютага 2012 г. уступіў у сілу дзяржаўны стандарт СТБ 1080-2011 "Парадак выканання навукова-даследчых, доследна-канструктарскіх і доследна-тэхналагічных работ па стварэнні навукова-тэхнічнай прадукцыі", зацверджаны пастановай Дзяржстандарта Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2011 г. №78. Стандарт уведзены наўзамен СТБ 1080-97 і ўстанаўлівае парадак выканання навукова-даследчых (НДР), доследна-канструктарскіх (ДКР) і доследна-тэхналагічных работ (ДТР) па стварэнні навукова-тэхнічнай прадукцыі ва ўсіх галінах дзейнасці, акрамя звязанай са стварэннем узбраенняў і ваеннай тэхнікі. Стандарт распаўсюджваецца на НДР, ДКР і ДТР, што выконваюцца навуковымі, навукова-даследчымі, праектнымі, канструктарскімі арганізацыямі, вышэйшымі навучальнымі ўстановамі, навукова-вытворчымі і вытворчымі аб'яднаннямі, унітарнымі прадпрыемствамі, акцыянернымі таварыствамі і іншымі арганізацыямі, а таксама часовымі навуковымі калектывамі. З тэкстам стандарту можна азнаёміцца тут.


05.03.2012

Працоўны дзень з пятніцы 9 сакавіка 2012 г. перанесены на нядзелю 11 сакавіка 2012 г.

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 сакавіка 2012 г. №119 "Аб пераносе працоўнага дня ў сакавіку 2012 г." працоўны дзень з пятніцы 9 сакавіка 2012 г. перанесены на нядзелю 11 сакавіка 2012 г. Арганізацыям прадастаўлена права з улікам спецыфікі вытворчасці (работы) ажыццяўляць перанос гэтага працоўнага дня ў іншым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам.


02.03.2012

Аспірантам назначаны стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2012 год

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 верасня 2011 г. №398 "Аб сацыяльнай падтрымцы навучэнцаў" і на падставе прапаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, унесеных па выніках штогадовага адкрытага конкурсу, распараджэннем Кіраўніка дзяржавы ад 1 сакавіка 2012 г. №57рп стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назначаны 78 аспірантам, якія навучаюцца на дзённай форме атрымання адукацыі ў дзяржаўных установах, што рэалізуюць адукацыйныя праграмы паслявузаўскай адукацыі. Найбольшая колькасць аспірантаў выконваюць дысертацыйныя даследаванні па тэхнічных (20 чалавек), эканамічных і гуманітарных (13 чалавек), медыцынскіх (11 чалавек) навуках. Сярод адзначаных стыпендыямі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - 19 аспірантаў з навуковых арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


01.03.2012

Адкрыты афіцыйны інтэрнэт-сайт унітарнага прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы"

Сайт УП «Геаінфармацыйныя сістэмы» У сетцы Інтэрнэт па адрасе gis.by адкрыта абноўленая версія афіцыйнага сайта навукова-інжынернага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы", створанага ў 1996 годзе, якое ўваходзіць у склад Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. На інтэрнэт-сайце прадстаўлены звесткі аб статусе, асноўных функцыях і кіраўніцтве прадпрыемства, напрамках дзейнасці, прадукцыі і аказваемых паслугах, а таксама інфармацыя пра Беларускую касмічнаю сістэму дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, аператарам якой з'яўляецца прадпрыемства.

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Сакавік 2012 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай