Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Архіў навін 2012 года

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Лістапад 2012 года

30.11.2012

Адобрана прадстаўленая Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі канцэпцыя новай навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 2012 г. №1080 адобрана прадстаўленая Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і ўзгодненая з зацікаўленымі рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання Канцэпцыя навукова-тэхнічнай праграмы Саюзнай дзяржавы "Даследаванні і распрацоўка высокапрадукцыйных інфармацыйна-вылічальных тэхналогій для павелічэння і эфектыўнага выкарыстання рэсурснага патэнцыялу вуглевадароднай сыравіны Саюзнай дзяржавы" ("СКІФ-НЕТРЫ"). Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі даручана ва ўстаноўленым парадку ўнесці гэтую Канцэпцыю ў Савет Міністраў Саюзнай дзяржавы.


30.11.2012

2013 год у Рэспубліцы Беларусь аб'яўлены Годам беражлівасці

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У мэтах забеспячэння максімальна эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання прыродных, паліўна-энергетычных, матэрыяльных і працоўных рэсурсаў, удасканалення сістэмы арганізацыі вытворчасці за кошт аптымізацыі выдаткаў, укаранення энерга- і рэсурсазберагальных тэхналогій і тэхнікі, захавання грамадзянамі прынцыпаў эканоміі і беражлівасці, выхавання ў іх гаспадарлівасці, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 лістапада 2012 г. №537 наступны год у Рэспубліцы Беларусь аб'яўлены Годам беражлівасці. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь даручана зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенню ў 2013 годзе Года беражлівасці.


29.11.2012

Зацверджаны рэестр арганізацый, якія прымаюць удзел у фарміраванні рэспубліканскіх інавацыйных фондаў

Дом Урада У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйных фондаў, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2012 г. №357, пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 22 лістапада 2012 г. №1068 зацверджаны рэестр арганізацый, якія бяруць удзел у фарміраванні рэспубліканскіх інавацыйных фондаў. Пастановай, якая ўступіць у сілу з 1 студзеня 2013 г., ва ўказаны рэестр у тым ліку ўключаны Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і 98 арганізацый, што знаходзяцца ў яе вядзенні.


28.11.2012

Чаму ў нас не развіта арганічная сельская гаспадарка?

Газета Рэспубліка З такога пытання пачалася размова аглядальніка газеты Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" з загадчыцай лабараторыі Інстытута глебазнаўства і аграхіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, кандыдатам сельскагаспадарчых навук Т.М. Шэрай, апублікаваная ў сённяшнім нумары газеты. У чым прывабнасць арганічнага земляробства? Як ідуць справы з развіццём арганічнай сельскай гаспадаркі ў нас і за мяжой? Ці лёгка перайсці да экалагічнага земляробства? З грунтоўнымі адказамі акадэмічнага спецыяліста на гэтыя і іншыя пытанні можна азнаёміцца тут.


28.11.2012

Пашыраны паўнамоцтвы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па пытаннях аховы і рацыянальнага выкарыстання зуброў

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2012 г. №1073 унесены змяненні і дапаўненні ў Правілы аховы і рацыянальнага выкарыстання зуброў, зацверджаныя пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 кастрычніка 2007 г. №1408. Названымі дапаўненнямі, у прыватнасці, пашыраны паўнамоцтвы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па пытаннях аховы зуброў асноўнага і рэзервовага генафондаў. Цяпер стварэнне новых папуляцый зуброў за кошт іх усялення ў новыя месцы пражывання будзе ажыццяўляцца зыходзячы з схемы іх рассялення, што зацвярджаецца Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя на падставе прапаноў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. А кожны здабыты зубр будзе падлягаць ветэрынарнаму і марфалагічнаму абследаванню ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку з адборам і прадастаўленнем проб Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі для правядзення генетычнага аналізу.


27.11.2012

Сёння спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння ганаровага члена НАН Беларусі І.У. Жалтоўскага (1867-1959)

27 лістапада 2012 г. спаўняецца 145 гадоў з дня нараджэння архітэктара, заслужанага дзеяча навукі і мастацтва РСФСР, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР, акадэміка Акадэміі архітэктуры СССР, Акадэміі будаўніцтва і архітэктуры СССР, ганаровага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Івана Уладзіслававіча Жалтоўскага.


27.11.2012

Апублікаваны вынікі маніторынгу дзейнасці дзяржаўных адукацыйных устаноў вышэйшай адукацыі Расіі

Міністэрствам адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі апублікаваны вынікі маніторынгу дзейнасці дзяржаўных адукацыйных устаноў вышэйшай адукацыі. Такая поўнамаштабная дыягностыка і ацэнка якасці вышэйшай адукацыі па адзіных крытэрыях праведзена ў Расіі ўпершыню. У гэтых мэтах у адзіную інфармацыйную сістэму дзяржаўнымі ВНУ былі занесены паказчыкі сваёй дзейнасці па 50 параметрах, сярод якіх ключавымі паказчыкамі ацэнкі эфектыўнасці дзейнасці ВНУ выступалі адукацыйная, навукова-даследчая, міжнародная і фінансава-эканамічная дзейнасць, а таксама інфраструктура. Вынікі маніторынгу прадстаўлены ў дачыненні да 502 дзяржаўных ВНУ і 930 філіялаў ВНУ і будуць прааналізаваны рабочымі групамі, створанымі ў кожным суб'екце Расійскай Федэрацыі. Па кожнай установе, якая мае прыкметы неэфектыўнасці, будуць падрыхтаваны канкрэтныя прапановы па павышэнню якасці адукацыі.


26.11.2012

Сёння спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Н.М. Дарожкіна (1927-2007)

26 лістапада 2012 г. спаўняецца 85 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне тэхналогіі парашковых матэрыялаў, лаўрэата Прэміі Савета Міністраў СССР і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, у 1971-1991 гг. загадчыка лабараторыі Інстытута праблем надзейнасці і даўгавечнасці машын Акадэміі навук БССР, з 1991 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута цепла- і масаабмену імя А.В. Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара тэхнічных навук, прафесара Ніла Мікалаевіча Дарожкіна.


25.11.2012

27 лістапада ў Нацыянальнай акадэміі навук адбудзецца семінар-прэзентацыя бібліятэчных тэхналогій радыёчастотнай ідэнтыфікацыі

Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа 27 лістапада 2012 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца семінар-прэзентацыя "Тэхналогія радыёчастотнай ідэнтыфікацыі (RFID) у бібліятэках". У рамках семінара будуць разгледжаны наступныя пытанні: аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў на аснове сучасных праектных рашэнняў радыёчастотнай ідэнтыфікацыі RFID-аб'ектаў; асноўныя прынцыпы працы RFID-сістэм, характарыстыка іх асноўных кампанентаў; асноўныя вынікі, атрыманыя ад укаранення сістэмы на аснове RFID-тэхналогій у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Іншыя падрабязнасці - тут.


23.11.2012

На Беларускім інвестыцыйным форуме Інстытутам біяарганічнай хіміі падпісаны пратакол аб інвестыцыйных намерах

VII Белорусский инвестиционный форум На завершаным 16 лістапада 2012 г. VII Беларускім інвестыцыйным форуме падпісаны 12 пратаколаў аб інвестыцыйных намерах. У прыватнасці, на яго пленарным пасяджэнні ў прысутнасці Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь М.У. Мясніковіча пратакол аб інвестыцыйных намерах падпісаны дзяржаўнай навуковай установай "Інстытут біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" і акцыянерным таварыствам "Grindeks" (Латвія). Подпісы пад дакументам паставілі намеснік дырэктара акадэмічнага інстытута, доктар хімічных навук Алена Калінічэнка і старшыня савета найбуйнейшай у краінах Балтыі фармацэўтычнай кампаніі Кіраў Ліпман. Мэтамі супрацоўніцтва з'яўляюцца аб'яднанне навуковага патэнцыялу вучоных і вытворчых прадпрыемстваў дзвюх краін для стварэння інавацыйных тэхналогій, распрацовак, вытворчасці і маркетынгу лекавых прэпаратаў, а таксама павышэнне навуковага ўзроўню бакоў шляхам абмену досведам падчас правядзення сумесных даследаванняў, развіцці двухбаковых узаемавыгадных кантактаў.


23.11.2012

"Грыфтэкс" - палімер-сюрпрыз

Газета Рэспубліка Пад такім загалоўкам газета Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "Рэспубліка" распавядае аб нечаканых уласцівасцях політэтрафторэцілену - палімера, вядомага пад расійскай гандлёвай маркай "Фтарапласт-4" і амерыканскай "Тэфлон", якія адкрылі вучоныя Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А. Белага Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Гэтаму матэрыялу, што валодае высокай біялагічнай і хімічнай інэртнасцю, дыяпазонам эксплуатацыі ад крыягенных тэмператур да +250 градусаў па Цэльсіі і іншымі карыснымі ўласцівасцямі, ужо больш за 70 гадоў. Яго так добра вывучылі, што ўжо не чакалі ніякіх сюрпрызаў. І тут - на табе! Калі акадэмічныя вучоныя ва ўмовах вакууму накіравалі на даследуемы ўзор прамень лазера, то з пластыка раптам пачалі расці нейкія пухнатыя "вусы", якія хутка запоўнілі ўсю вольную прастору беласнежнай "ватай". Вывучэнне дзіўнай субстанцыі паказала, што фтарапласт раскрыўся з новага боку, бо атрыманы матэрыял меў надзвычай развітую на нанаўзроўні паверхню. Але дзе і як яго можна выкарыстоўваць? Падрабязнасці - тут.


22.11.2012

У Беларусі робяць першыя крокі па ўкараненні сістэмы дакладнага земляробства

Белорусская нива З такім падзагалоўкам ў рубрыцы "Аграрная палітыка" сённяшняга нумара грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва" апублікаваны артыкул "За рулём - агрокосмонавты", якая распавядае аб тэхналогіях дакладнага земляробства, якія распрацоўваюцца ў тым ліку ў Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сумесна з Гомельскім спецыяльным канструктарскім бюро па збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхніцы ВА "Гомсельмаш" тут распрацаваны эксперыментальны ўзор сістэмы карціравання ўраджайнасці збожжавых культур, якая добра сябе зарэкамендавала. На камбайн усталёўваюцца датчыкі, якія збіраюць дыферэнцыраваныя даныя аб ураджайнасці на доследных палях прадпрыемства. Паколькі праца камбайна пазіцыяніравана з дапамогай спадарожніка, то ў камп'ютар заносіцца дакладная інфармацыя. Аб распрацоўцы гэтай і іншых падсістэм дакладнага земляробства можна прачытаць тут.


21.11.2012

Сёння ў Акадэміі навук пачала работу міжнародная навукова-практычная канферэнцыя па праблемах прыродакарыстання

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачала работу Міжнародная навуковая канферэнцыя "Праблемы прыродакарыстання: вынікі і перспектывы", прысвечаная 80-годдзю Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у якой бяруць удзел вядучыя вучоныя і спецыялісты Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі. Мэта канферэнцыі, якая пройдзе 21-23 лістапада 2012 г., - абмеркаванне тэарэтычных і прыкладных праблем комплекснага выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, аналіз і абагульненне назапашанага ў Беларусі і замежных краінах вопыту вывучэння і вырашэння праблем прырода- і нетракарыстання, аховы навакольнага асяроддзя і арганізацыі тэрыторыі. Яе праграма ўключае выступленні з пленарнымі, секцыйнымі і стэндавымі дакладамі, а таксама абмен думкамі ўдзельнікаў канферэнцыі. Сёння ж адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае юбілею навуковай арганізацыі.


21.11.2012

На наступным тыдні ў Мінску адбудзецца семінар "Нацыянальная сістэма інтэлектуальнай уласнасці і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны"

Як паведамляе інтэрнэт-сайт Рэспубліканскага цэнтра трансферу тэхналогій, 29-30 лістапада 2012 г. у Мінску ў рамках рэалізацыі стратэгіі Рэспублікі Беларусь у сферы інтэлектуальнай уласнасці на 2012-2020 гады Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці сумесна з Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці праводзіцца рэспубліканскі семінар "Нацыянальная сістэма інтэлектуальнай уласнасці і сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны". У ходзе семінара вядучымі беларускімі і замежнымі экспертамі будуць разгледжаны актуальныя пытанні ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку пытанні выкарыстання інтэлектуальнай уласнасці як інструмента павышэння якасці і канкурэнтаздольнасці айчыннай прадукцыі, яе прасоўвання на замежныя рынкі, прыцягнення інвестыцый у навукова-вытворчую дзейнасць прадпрыемства, абароны правоў на інтэлектуальную ўласнасць, развіцця заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці. Іншыя падрабязнасці і праект праграмы семінара - тут.


21.11.2012

Унесены дапаўненні і змяненні ў Дзяржаўную праграму "Імпартазамяшчальная фармпрадукцыя

Дом Урада Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 лістапада 2012 г. №1019 унесены дапаўненні і змяненні ў Дзяржаўную праграму па развіццю імпартазамяшчальных вытворчасцей фармацэўтычных субстанцый, гатовых лекавых і дыягнастычных сродкаў у Рэспубліцы Беларусь на 2010-2014 гады і на перыяд да 2020 года, зацверджаную пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 снежня 2009 г. №1566. У новай рэдакцыі выкладзены главы, прысвечаныя абгрунтаванню патрэбнасці ў фінансавых рэсурсах і прапанаваных крыніцах фінансавання, кіраванні рэалізацыяй Дзяржаўнай праграмы і кантролю за ходам яе выканання. Дзяржаўная праграма дапоўнена дадаткам, што змяшчае задачы і асноўныя паказчыкі эфектыўнасці яе выканання, дапаўненні і змяненні ўнесены ў іншыя дадаткі.


20.11.2012

Аб'яўлены конкурс на атрыманне грантаў дактарантамі, аспірантамі і суіскальнікамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2013 годзе

Аб'яўлены конкурс сярод маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з ліку дактарантаў, аспірантаў і суіскальнікаў вучоных ступеняў доктара і кандыдата навук на атрыманне ў 2013 годзе грантаў для выканання навукова-даследчых работ. Гранты могуць выдзяляцца для поўнага або частковага фінансавання даследаванняў па тэме дысертацыі, уключаючы правядзенне эксперыментаў, выпрабаванняў, даследаванні ў іншых арганізацыях, камандзіроўкі ў межах краін СНД, апублікаванне атрыманых вынікаў. Тэрмін дзеяння гранта не павінен перавышаць двух гадоў. На атрыманне гранта могуць прэтэндаваць: дактаранты, суіскальнікі вучонай ступені доктара навук - пасля зацвярджэння тэмы дысертацыі; аспіранты, суіскальнікі вучонай ступені кандыдата навук - пасля паспяховай здачы ўстаноўленых кандыдацкіх экзаменаў і заліку (акрамя экзамену па спецыяльнасці). Умовы конкурсу, парадак прадстаўлення і формы дакументаў размешчаны тут. Тэрмін падачы заявак - да 10 снежня 2012 г. па адрасе: 220072 Мінск, пр-т Незалежнасці, 66, пакой 404, тэл. 284-26-03. Па фінансавых пытаннях звяртацца па тэл. 284-14-37.


19.11.2012

Тэхналагічны запыт на новыя метады гідролізу бялкоў

NineSigma NineSigma, representing a major food products manufacturer, is seeking development partners for highly efficient manufacturing methods for protein hydrolysates without the use of liquid acid or alkali catalysts. More information is available here and in the request document online. The final submission date for Proposal Briefs is December 10, 2012. Please also click here to view all open requests by technical area, industry, or status.


17.11.2012

Зацверджаны пералік навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных мерапрыемстваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на 2013 год

Канферэнцыі Пастановай Бюро Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ад 15 лістапада 2012 г. №462 зацверджаны Пералік навуковых, навукова-тэхнічных і навукова-практычных мерапрыемстваў, плануемых да правядзення арганізацы-ямі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2013 годзе, які налічвае 62 мерапрыемствы. Пералік рэспубліканскіх мерапрыемстваў, запланаваных на будучы год, апублікаваны на вэб-старонцы Рэспубліканскія мерапрыемствы, пералік міжнародных мерапрыемстваў будзе размешчаны на сайце ў бліжэйшы час.


16.11.2012

Навука нічога не павінна ілжэнавуцы

Троіцкі варыянт - Навука У артыкуле пад такім загалоўкам, апублікаваным у свежым нумары расійскай навукова-папулярнай газеты "Троіцкі варыянт - Навука", сваімі разважаннямі аб навуцы і псэўданавуцы дзеліцца С.С. Кутателадзе, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Новасібірскага дзяржуніверсітэта, галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута матэматыкі імя С.Л.Собалева Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. Хоць падставай паслужыла канкрэтная канцэпцыя, свае развагі пра ўзаемаадносіны навукі і ілжэнавукі і спосабах зносін з апошняй вучоны падсумаваў шэрагам агульных сцвярджэнняў. У прыватнасці, ён падкрэслівае, што невуцтва ў чужой галіне навукі праяўляецца ў яе камічным скажэнні, г.зн. у феномене псеўданавукі. Фірмовыя прыкметы псеўданавукі - прэтэнцыёзнасць і ігнараванне крытыкі. Памылкі ўнутры навукі выпраўляюць, а над дасягненнямі псеўданавукі проста смяюцца. Ілжэнавука - гэта хлусня пад выглядам праўды. Навукоўцы перакананнем ілжэвучоных не займаюцца - гэта дарэмна. Дыскусія - інструмент унутрынавуковы, які да ілжэнавукі не адносіцца. А растлумачэнне памылковых поглядаў - не дыскусія. Навука нічога не павінна невукам і ілжэвучоным, яна толькі перасцерагае публіку ад памылак і шкоды прайдзісветаў і ілжэвучоных. Навука паказвае на ілжэнавуку, ад яе адмяжоўваецца і ідзе сваёй дарогай... З поўным тэкстам артыкулу можна азнаёміцца таксама тут.


16.11.2012

Абноўлена Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення дзяржаўнай навукова-тэхнічнай экспертызы

Дом Урада У адпаведнасці з часткай другой артыкула 13 Закона Рэспублікі Беларусь ад 19 студзеня 1993 г. "Аб асновах дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2012 г. №996 Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення дзяржаўнай навукова-тэхнічнай экспертызы, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 29 кастрычніка 2007 г. №1411 "Аб некаторых пытаннях арганізацыі і правядзення дзяржаўнай навукова-тэхнічнай экспертызы", выкладзена ў новай рэдакцыі.


14.11.2012

Заўтра ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрываецца міжнародная навуковая канферэнцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня філасофіі

Інстытут філасофіі НАН Беларусі 15-16 лістапада 2012 г. у Інстытуце філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі будзе працаваць міжнародная навуковая канферэнцыя "Імператывы творчасці і гармоніі ў праектаванні чалавекамерных сістэм". Канферэнцыя арганізавана ў кантэксце святкавання Сусветнага дня філасофіі 2012 года, які абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА і заўтра будзе адзначацца сусветнай супольнасцю ўжо ў дзесяты раз. У яе ходзе будуць разгледжаны тэарэтыка-метадалагічныя перадумовы сінтэзу ведаў, асаблівасці праектавання, стварэння і функцыянавання складаных сістэм на пачатках ўзаемадзеяння розных навуковых дысцыплін. У рамках мерапрыемства пройдуць таксама круглы стол і прэзентацыя кнігі "М.А. Лоскі. Успаміны. Жыццё і філасофскі шлях". Іншыя падрабязнасці і кантактная інфармацыя - у прэс-рэлізе.


14.11.2012

Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння замежнага члена НАН Беларусі Б. Бутраса-Галі

14 лістапада 2012 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння грамадскага дзеяча, вучонага ў галіне міжнароднага права і міжнародных адносін, у 1992-1996 гг. Генеральнага сакратара ААН, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара міжнароднага права, прафесара Бутраса Бутраса-Галі.


14.11.2012

Мегапраект па рэфармаванні традыцыйных сістэм селекцыі плануюць рэалізаваць вучоныя Беларусі і Расіі

Белорусская нива З такім падзагалоўкам у рубрыцы "Аграрны саюз" сённяшняга нумара грамадска-палітычнай урадавай газеты "Беларуская ніва" апублікаваны артыкул, у якім гаворка ідзе аб будаўніцтве суперсучаснага фітатрона - комплекса для вырошчвання новых гатункаў раслін у рэгулюемых умовах. Фітатрон - гэта своеасаблівая станцыя штучнага клімату, дзе аўтаматычна ўстанаўліваюцца светлавы рэжым, падача вады з дазіроўкай раствора, а таксама тэмпература паветра і глебы. З ужываннем генетыка-селекцыйных тэхналогій ён паскорыць селекцыйную працу ў 4-5 разоў і зможа прапанаваць на сусветным узроўні хуткае і надзейнае вывядзенне патрэбнага гатунку пэўнага віду раслін для любой кропкі Зямлі і для любой агратэхналогіі. Найбольшых поспехаў у гэтым кірунку дасягнулі навукоўцы Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытута цыталогіі і генетыкі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук і Аграфізічнага навукова-даследчага інстытута Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук. Сумесны маштабны праект ужо адобраны Камітэтам Дзяржаўнай думы Расіі па навуцы і навукаёмістых тэхналогіях. На ўзвядзенне ўнікальнага аб'екта, які не мае аналагаў у Еўропе, спатрэбіцца год. Сродкі на рэалізацыю праекта могуць быць выдзелены з бюджэту Саюзнай дзяржавы. Іншыя падрабязнасці - тут.


13.11.2012

Сёння ў Нацыянальнай акадэміі навук пачала сваю работу міжнародная канферэнцыя па сканіруючай зондавай мікраскапіі

Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, сёння ў Інстытуце цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пачала сваю работу X Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Метадалагічныя аспекты сканіруючай зондавай мікраскапіі" (БелСЗМ-2012). У ёй прымаюць удзел вядучыя вучоныя і спецыялісты Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Германіі, Швейцарыі, ЗША, Польшчы і В'етнама. Мэта чарговай канферэнцыі - абмеркаванне апошніх сусветных дасягненняў у развіцці метадаў сканіруючай зондавай мікраскапіі і іх прымянення для рашэння навуковых і прыкладных задач. За апошнія 10 гадоў сканіруючая зондавая мікраскапія (СЗМ) ператварылася з экзатычнай методыкі, даступнай толькі абмежаванаму ліку даследчых груп, у шырока распаўсюджаны і паспяхова ўжываемы інструмент для даследавання ўласцівасцяў паверхні. Сярод асноўных тэм навуковага форуму - прымяненне метадаў СЗМ ў фізічных і хімічных даследаваннях; сумежныя пытанні фізікі і хіміі наноструктур, мікра- і нанамеханікі, мікра- і нанатрыбалогіі; прымяненне метадаў СЗМ у біялагічных даследаваннях; новыя методыкі СЗМ; мадэляванне мікра- і нанамаштабных працэсаў з выкарыстаннем даных СЗМ; развіццё апаратных і праграмных сродкаў СЗМ; прыкладныя аспекты СЗМ у прамысловасці.


13.11.2012

Зацверджана Палажэнне аб парадку фарміравання пераліку інавацыйных тавараў

Дом Урада У адпаведнасці з артыкулам 140 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь і часткай чацвёртай артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь ад 10 ліпеня 2012 г. "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь" пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2012 г. №995 зацверджана Палажэнне аб парадку фарміравання пераліку інавацыйных тавараў. У пералік падлягаюць уключэнню тавары, якія адпавядаюць у сукупнасці наступным крытэрыям: ствараюцца з выкарыстаннем здольных да прававой аховы вынікаў інтэлектуальнай дзейнасці (вынаходстваў, карысных мадэляў, прамысловых узораў, тапалогій інтэгральных мікрасхем, гатункаў раслін, на якія ва ўстаноўленым парадку атрыманы патэнты (пасведчанні) або прыняты рашэнні патэнтнага органа аб іх выдачы); валодаюць больш высокімі тэхніка-эканамічнымі паказчыкамі ў параўнанні з іншымі таварамі, прадстаўленымі на пэўным сегменце рынку, і з'яўляюцца канкурэнтаздольнымі. ДКНТ сумесна з рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі Ураду Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі даручана ў трохмесячны тэрмін прыняць меры па рэалізацыі пастановы, якая ўступае ў сілу з 27 студзеня 2013 г.


13.11.2012

Сёння спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.М. Нікольскага (1877-1959)

13 лістапада 2012 г. спаўняецца 135 гадоў з дня нараджэння гісторыка-ўсходазнаўца, заслужанага дзеяча навукі БССР, з 1918 г. прафесара Смаленскага ўніверсітэта, з 1922 г. прафесара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова да 1926 дэкана педагагічнага факультэта, з 1931 г. загадчыка сектарам, у 1937-1953 гг. дырэктара Інстытута гісторыі АН БССР, у 1946-1952 гг. члена Прэзідыума АН БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, члена-карэспандэнта АН СССР, доктара гістарычных навук, прафесара Мікалая Міхайлавіча Нікольскага.


12.11.2012

Створана міжведамасная камісія па каардынацыі плана асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў па будаўніцтве атамнай электрастанцыі

Дом Правительства Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 лістапада 2012 г. №1010 створана Міжведамасная камісія па каардынацыі плана асноўных арганізацыйных мерапрыемстваў па будаўніцтве атамнай электрастанцыі ў Рэспубліцы Беларусь і кантролю за яго выкананнем, зацверджаны палажэнне аб Міжведамаснай камісіі і яе склад. У склад камісіі, якую ўзначаліў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Сямашка У.І., уключана намеснік генеральнага дырэктара па навуковай рабоце дзяржаўнай навуковай установы "Аб'яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў - Сосны" Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Кіявіцкая А.І.


11.11.2012

15 лістапада адбудзецца міжнародны навукова-практычны семінар "Садзейнічанне інавацыям як крыніцы канкурэнтаздольнасці на сусветным рынку"

ДКНТ 15 лістапада 2012 г. Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Еўрапейская эканамічная камісія ААН праводзяць у Мінску міжнародны навукова-практычны семінар "Садзейнічанне інавацыям як крыніцы канкурэнтаздольнасці на сусветным рынку". На ім будуць разгледжаны пытанні, звязаныя са структурай і метадалогіяй некаторых найбольш папулярных міжнародных рэйтынгаў (Глабальны індэкс канкурэнтаздольнасці (Сусветны эканамічны форум), Глабальны інавацыйны індэкс (INSEAD), Індэкс эканомікі ведаў Сусветнага банка, Інавацыйнае табло), а таксама роля, якую адыгрываюць у іх інавацыйныя фактары. Акрамя таго, у рамках мерапрыемства прапануецца абмеркаваць, як дзяржаўная інавацыйная палітыка можа дапамагчы павышэнню міжнароднага аўтарытэту і інвестыцыйнай прывабнасці Беларусі, і якія практычныя крокі неабходныя для гэтага. Іншыя падрабязнасці - тут.


10.11.2012

Сёння адзначаецца Сусветны дзень навукі за мір і развіццё

Сусветны дзень навукі за мір і развіццё 2012 10 лістапада 2012 г. ва ўсім свеце ў дзесяты раз адзначаецца Сусветны дзень навукі за мір і развіццё, абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА ў 2001 годзе, каб нагадаць пра абавязальніцтвы, прынятыя на Сусветнай канферэнцыі па навуцы (Будапешт, 1999 год). Мэтай гэтага штогадовага мерапрыемства з'яўляецца аднаўленне нацыянальных, а таксама міжнародных абавязацельстваў у галіне навукі за мір і развіццё і намер падкрэсліць адказнае выкарыстанне навукі на карысць грамадства. Мерапрыемства таксама накіравана на павышэнне ўзроўню інфармаванасці грамадскасці аб важнасці навукі і ліквідацыю разрыву паміж навукай і грамадствам. Пасланне Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА з нагоды Сусветнага дня навукі за мір і развіццё 2012 года, тэма якога: "Навука для глабальнага ўстойлівага развіцця: узаемазвязанасць, супрацоўніцтва, пераўтварэнне", апублікавана тут.


10.11.2012

Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта Я.А. Бранштэйна (1897-1937)

10 лістапада 2012 г. спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння літаратуразнаўца і крытыка, у 1930-1937 гг. навуковага супрацоўніка Інстытута літаратуры Акадэміі навук БССР, з 1932 г. прафесара Мінскага педагагічнага інстытута, у 1932-1937 гг. адказнага сакратара Саюза пісьменнікаў БССР, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Якава Анатольевіча Бранштэйна.


10.11.2012

На наступным тыдні ў Акадэміі навук адбудзецца ХІ Міжнародная канферэнцыя "Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі"

РІНТІ-2012 15 лістапада 2012 г. у Аб'яднаным інстытуце праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца ХІ Міжнародная канферэнцыя "Развіццё інфарматызацыі і дзяржаўнай сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі (РІНТІ-2012)". На канферэнцыю прадстаўлена 8 пленарных і 66 секцыйных дакладаў, у якіх будуць разгледжаны пытанні навукова-метадычнага, інфармацыйнага і тэхналагічнага забеспячэння развіцця інфарматызацыі, стварэння аўтаматызаваных сістэм навукова-тэхнічнай інфармацыі, карпаратыўных бібліятэчна-інфармацыйных сістэм і тэхналогій, а таксама фарміравання навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі, развіцця сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь. З праграмай і іншымі матэрыяламі канферэнцыі можна азнаёміцца тут.


09.11.2012

Аб'яўлены адкрыты конкурс праектаў (работ), што фінансуюцца за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2013 годзе

З мэтай выканання пункта 7 Палажэння аб парадку фарміравання і выкарыстання сродкаў інавацыйных фондаў, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2012 г. №357, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі аб'явіла адкрыты конкурс праектаў (работ) па падрыхтоўцы і асваенню вытворчасці новай або ўдасканаленай прадукцыі, асваенню новай або ўдасканаленай тэхналогіі. Заяўкі зацікаўленых акадэмічных арганізацый, а таксама навуковых, праектных і канструктарскіх арганізацый, што не знаходзяцца ў падпарадкаванні Акадэміі навук, на ўдзел у конкурсе афармляюцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі Палажэння аб парадку правядзення адкрытага конкурснага адбору і экспертызы праектаў (работ), што фінансуюцца за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, і павінны быць прадстаўлены ў тэрмін да 26 лістапада 2012 г. З пералікам прадстаўленых на конкурс праектаў (работ), кантактнай і іншай інфармацыяй можна азнаёміцца тут.


09.11.2012

Сёння спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння акадэміка Я.Дз. Белаенкі (1947-2006)

9 лістапада 2012 г. спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне траўматалогіі і артапедыі, артралогіі і біятрыбалогіі, заслужанага ўрача Рэспублікі Беларусь, з 1975 г. супрацоўніка Беларускага навукова-даследчага інстытута траўматалогіі і артапедыі Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, з 1993 г. дырэктара інстытута, адначасова з 2002 г. акадэміка-сакратара Аддзялення медыцынскіх навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Яўгенія Дзмітрыевіча Белаенкі.


08.11.2012

Брэнд вучонага: як зрабіць так, каб нас цытавалі

Пад такой назвай 13 лістапада 2012 г. у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбудзецца семінар, што праводзіцца сусветным лідэрам у галіне прадастаўлення інтэлектуальнай інфармацыі - кампаніяй Thomson Reuters. Мерапрыемства будзе прысвечана практычным аспектам выкарыстання рэсурсаў кампаніі з пункту гледжання павелічэння індэкса цытавання вучоных. Размова пойдзе аб платформе Web of Knowledge і базе даных Web of Science, штогадовых справаздачах па часопісах Journal Citation Reports, праграме для работы з бібліяграфіяй EndNote Web і візітнай картцы даследчыка ResearcherlD. Пачатак семінара ў 10.00, яго працягласць - 2,5 гадзіны. Іншыя падрабязнасці і кантактная інфармацыя размешчаны тут.


08.11.2012

Сёння спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння члена-карэспандэнта А.Р. Мядзведзева (1897-1985)

8 лістапада 2012 г. спаўняецца 115 гадоў з дня нараджэння глебазнаўца, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, у 1926-1941 і 1944-1956 гг. навуковага супрацоўніка, асістэнта, дацэнта, загадчыка кафедры Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, з 1953 г. прафесара, з 1968 г. загадчыка кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1958-1961 гг. намесніка дырэктара НДІ глебазнаўства Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР, члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара сельскагаспадарчых навук, прафесара Андрэя Рыгоравіча Мядзведзева.


07.11.2012

Аб пераносе працоўных дзён у снежні 2012 года і ў 2013 годзе

Дом Урада У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 лістапад 2012 г. №1000, працоўныя дні з панядзелка 24 снежня 2012 г. пераносяцца на суботу 22 снежня 2012 г.; з панядзелку 31 снежня 2012 г. - на суботу 29 снежня 2012 г., з серады 2 студзеня 2013 г. - на суботу 5 студзеня 2013 г., з пятніцы 10 траўня 2013 г. - на суботу 18 траўня 2013 г. Арганізацыям прадастаўлена права з улікам спецыфікі вытворчасці (работы) ажыццяўляць перанос рабочых дзён, устаноўлены гэтай пастановай, у іншым парадку ў адпаведнасці з заканадаўствам.


07.11.2012

Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння акадэміка М.Я. Саўчанкі (1922-2001)

7 лістапада 2012 г. спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння хірурга-ўролага, дзяржаўнага дзеяча, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і Дзяржаўнай прэміі БССР, з 1960 г. рэктара Беларускага інстытута ўдасканалення ўрачоў, у 1966-1986 гг. Міністра аховы здароўя БССР, адначасова з 1967 г. загадчыка кафедры Мінскага медыцынскага інстытута, з 1970 г. кіраўніка Беларускага цэнтра перасадкі нырак, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктара медыцынскіх навук, прафесара Мікалая Яўсеевіча Саўчанкі.


06.11.2012

Створаны міжведамасны каардынацыйны савет па павышэнню фінансавай пісьменнасці насельніцтва

Дом Урада З мэтай каардынацыі дзейнасці Нацыянальнага банка, банкаў, асобных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і іншых арганізацый па павышэнню фінансавай пісьменнасці насельніцтва Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь прынялі сумесную пастанову ад 2 лістапада 2012 г. №1009/15, якой створаны міжведамасны каардынацыйны савет па павышэнню фінансавай пісьменнасці насельніцтва, зацверджаны палажэнне аб міжведамасным каардынацыйным савеце і яго склад. Сярод асноўных задач савета - садзейнічанне фарміраванню ў краіне сацыяльна-эканамічных умоў, спрыяльных павышэнню фінансавай пісьменнасці насельніцтва; вызначэнне канцэптуальных падыходаў па павышэнню фінансавай пісьменнасці насельніцтва для ўключэння ў адпаведную дзяржаўную праграму; аналіз міжнароднага вопыту, выяўленне эфектыўных мадэляў і метадаў развіцця фінансавай пісьменнасці насельніцтва, падрыхтоўка прапаноў па іх укараненню ў Рэспубліцы Беларусь і іншыя. У склад савета, які ўзначаліў намеснік Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь Дубкоў С.В., уключаны чатыры прадстаўнікі Інстытута эканомікі і Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.


05.11.2012

Апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год"

Рэзідэнцыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 26 кастрычніка 2012 г. Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь падпісаны і на Нацыянальным прававым Iнтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь №432-З "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2013 год", прыняты Палатай прадстаўнікоў 8 кастрычніка 2012 г. і адобраны Саветам Рэспублікі 10 кастрычніка 2012 г. У прыватнасці, артыкулам 4 Закона расходы рэспубліканскага бюджэту на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць па функцыянальнай класіфікацыі расходаў бюджэту па раздзелах, падраздзелах, відах выдаткаў, напрамках выкарыстання і распарадчыках сродкаў зацверджаны на 2013 год у суме 2313213 млн рублёў. Артыкулам 20 Закона распарадчыкам бюджэтных сродкаў у частцы расходаў на навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць прадастаўлена права ў працэсе выканання рэспубліканскага бюджэту ўносіць змены ў названыя расходы ў межах зацверджаных гадавых бюджэтных назначэнняў і з улікам іншых нормаў, прадугледжаных Законам, а таксама ў межах квартальных бюджэтных прызначэнняў, прадугледжаных ім у бюджэтным роспісу рэспубліканскага бюджэту. Закон уступае ў сілу з 1 студзеня 2013 г.


04.11.2012

Сёння спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння акадэміка Дз.Ф. Жылуновіча (Цішкі Гартнага) (1887-1937)

4 лістапада 2012 г. спаўняецца 125 гадоў з дня нараджэння беларускага пісьменніка, дзяржаўнага і грамадскага дзеяча, першага старшыні Часовага рэвалюцыйнага ўрада Савецкай Беларусі, кіраўніка Дзяржаўнага выдавецтва БССР, намесніка народнага камісара асветы БССР, рэдактара газеты "Савецкая Беларусь", часопіса "Полымя", у 1934-1936 гг. супрацоўніка Інстытута гісторыі Беларускай Акадэміі навук, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Дзмітрыя Фёдаравіча Жылуновіча (Цішкі Гартнага).


03.11.2012

Акадэмік І.І. Ліштван узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Дом Урада За шматгадовую плённую навукова-арганізацыйную дзейнасць, значны ўклад у стварэнне i ўкараненне ў практыку новых высокаэфектыўных матэрыялаў прыродаахоўнага прызначэння, падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 кастрычніка 2012 г. №989 галоўны навуковы супрацоўнiк дзяржаўнай навуковай установы "Інстытут прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі" акадэмік Лiштван Iван Iванавiч узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Сардэчна віншуем Iвана Iванавiча з высокай урадавай узнагародай і жадаем новых творчых дасягненняў!


03.11.2012

Сёння спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння акадэміка І.І. Ліштвана

3 лістапада 2012 г. спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння вучонага ў галіне калоіднай хіміі, фізікахіміі торфу, прыродакарыстання, заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі, Малдовы, у 1973-1987 гг. дырэктара Інстытута торфу АН БССР, у 1990-1997 гг. дырэктара Інстытута праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, з 1997 г. ганаровага дырэктара інстытута, у 1987-1992 гг. віцэ-прэзідэнта АН Беларусі, у 1992-2002 гг. акадэміка-сакратара Аддзялення хімічных навук і навук аб Зямлі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2008 г. галоўнага навуковага супрацоўніка Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, замежнага члена Польскай акадэміі навук, доктара тэхнічных навук, прафесара Івана Іванавіча Ліштвана.


03.11.2012

Сёння спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння акадэміка К.М. Міцкевіча (Якуба Коласа) (1882-1956)

Якуб Колас 3 лістапада 2012 г. спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы, грамадскага дзеяча, Народнага паэта БССР, заслужанага дзеяча навукі БССР, лаўрэата дзвюх Дзяржаўных прэмій СССР, у 1921-1928 гг. выкладчыка Беларускага педагагічнага тэхнікума, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, супрацоўніка Інстытута беларускай культуры, у 1929-1956 гг. віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук БССР, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча (Якуба Коласа).


02.11.2012

На наступным тыдні ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адкрываюцца маладзёжныя інавацыйны форум і навукова-практычная канферэнцыя

Наука и бизнес-2012 Як паведамляе прэс-служба Акадэміі навук, 6-9 лістапада 2012 г. у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі пройдзе II Маладзёжны інавацыйны форум "Навука і бізнэс-2012". У форуме прымуць удзел больш за 150 маладых вучоных з Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны. У яго рамках пройдзе выстава навуковых дасягненняў і інавацыйных прапаноў з дэманстрацыяй прататыпаў і закончаных навуковых распрацовак, арыентаваных на прамое ўкараненне. Паралельна з інавацыйным форумам будзе працаваць III Міжнародная маладзёжная навукова-практычная канферэнцыя "Навуковыя імкненні-2012", удзельнікамі якой стануць больш за 400 маладых вучоных, студэнтаў і школьнікаў. Плануецца, што навучэнцамi ўстаноў адукацыі Мінскай вобласці будзе прадстаўлена каля 100 даследчых работ. Адкрыццё форуму "Навука і бізнэс-2012" і канферэнцыі "Навуковыя імкнення-2012" - 6 лістапада 2012 г. у 10.15.


01.11.2012

Запыт на тэхналогіі счаплення і расчаплення металічнай фальгі са шклом

NineSigma NineSigma, representing a major materials manufacturer, invites proposals for technologies with excellent heat resistance that can bond and de-bond a metal foil (thickness = 100µm) on a glass plate. More information is available here and in the request document online. The final submission date for Proposal Briefs is November 19, 2012. Please also click here to view all open requests by technical area, industry, or status.

Галоўная старонка / Навіны / Архіў навін / Лістапад 2012 года / Да пачатку старонкі
Пры поўным ці частковым выкарыстанні інфармацыі спасылка на крыніцу з'яўляецца абавязковай