Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія выконваюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі

Гістарычная даведка

Галоўная старонка / Аб акадэміі / Гістарычная даведка

Нацыянальная акадэмія навук Беларусі (раней: Беларуская акадэмія навук у 1928-1936 гг.; Акадэмія навук Беларускай ССР у 1936-1991 гг.; Акадэмія навук Беларусі ў 1991-1997 гг.) заснаваная на базе навукова-даследчай і культурна-грамадскай установы рэспублікі - Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт) (1922-1928 гг.), які быў рэарганізаваны ў Акадэмію навук пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР ад 13 кастрычніка 1928 г.

пастанова

Урачыстае адкрыццё Акадэміі навук адбылося ў Мінску 1 студзеня 1929 г. у дзесятую гадавіну ўтварэння Беларускай ССР. Першым прэзідэнтам Акадэміі навук стаў гісторык прафесар У.М. Ігнатоўскі. На дзень адкрыцця штат акадэміі складаў толькі 128 чалавек, з іх 87 навуковых супрацоўнікаў. Аднак з самага пачатку Акадэмія навук стала вядучым навуковым цэнтрам, што ўплываў на эканамічнае, тэхналагічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё рэспублікі. У пачатку 1941 г. у Акадэміі навук працавала каля 750 чалавек. У яе структуры было 12 навукова-даследчых устаноў, з іх 9 інстытутаў.

У перыяд Вялікай Айчынай вайны (1941-1945 гг.) нармальная дзейнасць акадэміі была перарваная. Частка навукоўцаў працягвала свае даследаванні ў інстытутах Расіі і іншых рэгіёнаў былога Савецкага Саюза. Многія супрацоўнікі прынялі ўдзел у ваенных дзеяннях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. За годы вайны акадэмія, як і ўся народная гаспадарка Беларусі, панесла значныя страты. Навуковыя лабараторыі, абсталяванне, будынкі, фонды бібліятэкі былі спаленыя ці разрабаваныя. У 1945 г. агульная колькасць супрацоўнікаў акадэміі складала 360 чалавек.

Пасля вызвалення Мінска ў ліпені 1944 г. на пачатак 1945 г. восем інстытутаў акадэміі ўзнавілі сваю дзейнасць, а ў 1951 г. у Акадэміі навук налічвалася ўжо 29 навукова-даследчых устаноў, з іх 16 інстытутаў. Агульная колькасць супрацоўнікаў дасягнула 1234 чалавека, у тым ліку ў акадэміі працавалі 33 акадэмікі, 27 членаў-карэспандэнтаў, 55 прафесароў і дактароў навук, 165 кандыдатаў навук. Профіль далейшых навукова-ласледчых работ акадэміі складваўся пад уплывам змяненняў у структуры народнай гаспадаркі рэспублікі, патрэбнасцяў развіцця навукі, склаўшыхся традыцый і наяўнага навуковага патэнцыялу. Развіццё акадэміі і падрыхтоўка спецыялістаў для яе інстытутаў ажыццяўлялася пры падтрымцы ўрадаў Беларусі і СССР, а таксама вядучых навуковых цэнтраў Масквы, Ленінграда і іншых гарадоў былога Савецкага Саюза.

5 жніўня 1975 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за заслугі ў развіцці савецкай навукі, эканомікі і культуры, падрыхтоўку высокакваліфікаваных навуковых кадраў Акадэмія навук Беларускай ССР узнагароджана ордэнам Дружбы народаў. 26 снежня 1978 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за поспехі ў развіцці савецкай навукі, эканомікі і культуры, падрыхтоўцы высокакваліфікаваных навуковых кадраў і ў сувязі з 50-годдзем з дня ўтварэння Акадэмія навук Беларускай ССР узнагароджана ордэнам Леніна.

У 1997 г. ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 траўня 1997 г. №281 "Аб Нацыянальнай акадэміі наук Беларусі" Акадэмія навук была ператворана ў Нацыянальную акадэмію навук са статусам вышэйшай дзяржаўнай навуковай арганізацыі Беларусі, адказнай за каардынацыю і правядзенне фундаментальных навуковых даследаванняў.

З мэтай умацавання статусу і павышэння адказнасці за развіццё навукі Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 сакавіка 2002 г. №7 на НАН Беларусі ўскладзены функцыі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання па некаторых пытаннях фінансавання навуковай і інавацыйнай дзейнасці, развіцця інфарматызацыі і сістэмы навукова-тэхнічнай інфармацыі, кантролю за эфектыўным выкарыстанняем дзяржаўных сродкаў, што выдзляюцца на фінансаванне навуковых даследаванняў і распрацовак, а таксама правядзення навукова-тэхнічнай экспертызы. Для эфектыўнага рашэння задач, што стаяць перад НАН Беларусі, у яе склад былі ўключаны Акадэмія аграрных навук Рэспублікі Беларусь, Беларускі рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн міжгаліновага машына- і прыборабудавання, Беларускі дзяржаўны навукова-вытворчы канцэрн парашковай металургіі, створаны іншыя арганізацыйныя структуры.

За 85-гадовую гісторыю ў НАН Беларусі сфарміраваліся аўтарытэтныя навуковыя школы, выраслі вучоныя з сусветным імем. Імі вырашаны шэраг буйных тэарэтычных і прыкладных праблем у галіне матэматыкі, фізікі, хіміі, біялогіі, навук аб Зямлі, гуманітарных і сацыяльных навук. Буйныя навуковыя вынікі атрыманыя практычна па ўсіх сфарміраваных напрамках навуковых даследаванняў і распрацовак, шырока вядомыя і атрымалі высокую ацэнку ў Беларусі і за яе межамі. Вынікі даследаванняў акадэмікаў Я.Р. Канавалава (фізіка, 1972), А.А. Ахрэма (хімія, 1975), М.А. Барысевіча (фізіка, 1977), Ф.І. Фёдарава (фізіка, 1980), В.І. Вацякова (медыцына, біялогія, 1986) У.С. Улашчыка (медыцына, біялогія, 1991) , кандыдата хімічных навук В.А. Лапінай (біяфізіка, біяхімія, 1991) у былым СССР зарэгістраваны ў якасці навуковых адкрыццяў.

Галоўная старонка / Аб акадэміі / Гістарычная даведка / Да пачатку старонкі