Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

Іванец А.І.

ІВАНЕЦ Андрэй Іванавіч

Андрэй Іванавіч Іванец (17.09.1984, г. Мінск), хімік, доктар хімічных навук (2017), дацэнт (2016).

Навуковыя працы прысвечаны калоіднай хіміі і даследаванню неарганічных порыстых матэрыялаў з зададзенай структурна-фазавай арганізацыяй і хіміяй паверхні. Распрацаваў фізіка-хімічныя асновы атрымання і рэгулявання структуры і якасцей неарганічных мембранавых, сарбцыйных і каталітычна актыўных матэрыялаў, а таксама абгрунтаваў іх эфектыўнасць у працэсах ачысткі прыродных і тэхналагічных водных асяроддзяў ад іонаў таксічных металаў, радыенуклідаў, фарбавальнікаў і фармсубстанцый. Выявіў механізмы структураўтварэння і фарміравання мікрафільтрацыйных керамічных мембран на аснове прыроднага аскіду Si(IV) Беларусі і іншых краін. Распрацаваў сарбенты на аснове змяшаных фасфатаў шматвалентных металаў для ачысткі вадкіх радыеактыўных адходаў са складаным радыенуклідным саставам і высокай солезмяшчальнасцю. Устанавіў сарбцыйныя, кінетычныя і тэрмадынамічныя заканамернасці выцягвання іонаў цяжкіх металаў сарбентамі на аснове мадыфікаванага прыроднага даламіту на прыкладзе мадэльных водных раствораў і рэальных сцёкавых вод. Упершыню прапанаваў новыя складанааксідныя сістэмы для атрымання каталітычна актыўных матэрыялаў, эфектыўных у працэсах ачысткі ад жалеза і дэманганацыі прэсных і мінеральных артэзіянскіх вод. Распрацаваў Фентон-падобныя каталізатары і ўстанавіў механізм каталітычнай дэструкцыі цяжкаакісляльных таксічных палютантаў на прыкладзе шэрагу фармсубстанцый і арганічных фарбавальнікаў.

Аўтар больш за 150 навуковых прац, у тым ліку 1 манаграфіі і 4 патэнтаў.

Лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь апірантам (2009) і таленавітым маладым вучоным (2014), лаўрэат конкурсу «100 талентаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» (2018), лаўрэат прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і фонду падтрымкі адукацыі і навукі Алфёраўскага фонду для маладых вучоных (2015), стыпендыят Сусветнай федэрацыі вучоных (2015).

Асноўныя працы

  1. Сорбционные и каталитически активные материалы на основе природного доломита: получение, свойства, применение. – Мн.: Беларуская навука, 2016.
  2. Manganese and Copper Oxide Catalysts Deposited on Dolomite Substrate for Groundwater Purification // Dolomite: Formation, Characteristics and Environmental Impact. – New York, USA: Nova Science Publishers, Inc., 2017.
  3. Effect of phase composition of natural quartz raw material on characterization of microfiltration ceramic membranes // Ceramics International. – 2016. – Vol. 42.
  4. Sorption behavior of 85Sr onto manganese oxides with tunnel structure // Journal of Radioanalytical and Nuclear Chemistry. – 2018. – Vol. 316.
  5. Effect of metal ions adsorption on the efficiency of Methylene Blue degradation onto MgFe2O4 as Fenton-like catalysts // Colloids and Surfaces A: Physicochemical and Engineering Aspects. – 2019. – Vol. 571.