Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
МАЛЬКО Марына Сяргееўна

МАЛЬКО Марына Сяргееўна

Марына Сяргееўна Малько (10.05.1985, г. Гомель), біёлаг, эколаг, кандыдат біялагічных навук (2014).

Навуковыя працы прысвечаны праблемам экалогіі, батанікі, брыялогіі, сістэматыкі і эвалюцыі мохападобных, ахове расліннага свету і прыродакарыстанню. Устанавіла відавы састаў мохападобных лясных экасістэм Беларусі, а таксама асобных ААПТ і тэрыторый Беларусі, выявіла іх таксанамічную, біямарфалагічную, экалагічную і фітагеаграфічную структуру, заканамернасці іх занальнага размеркавання, фарміравання, прагнозную характарыстыку развіцця. Упершыню склала поўную лесатыпалагічную характарыстыку брыякампанентаў у экалагічных радах з выдзяленнем характарных відаў. Выявіла і правяла ацэнку стану папуляцый рэдкіх і ахоўных відаў раслін, распрацавала планы дзеянняў па іх захаванні. Сааўтар раздзела «Мохападобныя» 4-га выдання Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь. Падрыхтавала прагнозную характарыстыку экалагічнага стану паркавых экасістэм Мінскай вобласці. У складзе аўтарскіх калектываў выдзеліла і правяла комплексны аналіз брыя-апафітнай фракцыі брыяфлоры Беларусі, правяла інвентарызацыю відавога саставу інвазіўных відаў сасудзістых раслін на тэрыторыі НП «Белавежская пушча» з распрацоўкай мерапрыемстваў па мінімізацыі негатыўнага ўздзеяння інвазіўных відаў на прыродныя комплексы і абарыгенныя віды. У адпаведнасці з актуальнай брыялагічнай наменклатурай папоўніла і сістэматызавала брыялагічныя калекцыі гербарыяў ДНУ «Інстытут эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі» і НП «Браслаўскія азёры». Распрацавала базу дадзеных «Гербарый мохападобных (Bryobionta)», якая ўключана ў Дзяржаўны рэестр інфармацыйных рэсурсаў (рэгістрацыйнае пасведчанне № 1341505431 ад 04.08.2015 г.) і выкарыстоўваецца для вядзення брыялагічнага гербарыя.

Аўтар больш за 85 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 2 даведачных выданняў, 1 адукацыйнай праграмы і 20 актаў укаранення ў навучальны працэс і прыродаахоўную практыку.

Лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аспірантам (2012) і таленавітым маладым вучоным (2017), лаўрэат стыпендыі Міністэрства адукацыі для адораных студэнтаў імя М. Багдановіча (2007 – 2009), лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу студэнтаў ад Міністэрства адукацыі (2009, 2010), лаўрэат конкурсу Беларускага прафсаюза работнікаў НАН Беларусі сярод маладых вучоных (2012), лаўрэат конкурсу навуковых работ Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі сярод маладых вучоных (2014, 2017).

Асноўныя працы

  1. Рыковский, Г. Ф. Биологическое разнообразие Национального парка «Браславские озера»: Мохообразные / Г. Ф. Рыковский, М. С. Шабета, Н. А. Архипенко, В. И. Парфенов; под ред. В.И. Парфенова, рецензенты чл.-корр., д.б.н. Е.А. Сидорович, чл.-корр., д.б.н. Б.И. Якушев – Минск: Белорус. дом печати, 2012. – 263с.
  2. M. S. Shabeta, G. F. Rykovsky Bryophyte diversity in the Belarus coniferous forests // Arctoa. – 2015. – Vol. 24. – P. 541–546.
  3. M. S. Sabeta, G. F. Rykovsky, V. I. Parfenov. Bryophytes of coniferous forests of Belarus. – Saarbrucken: Laplabert Academic Publishing, 2016. – 185 p.
  4. M. Shabeta. Biotechnological importance of sphagnum mosses // The EuroBiotech Journal, 2017. – Vol. 1. – ISSUE 2. – Р.1-2.