Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Сідарэнка Аляксандр Юр’евіч

СІДАРЭНКА Аляксандр Юр’евіч

Аляксандр Юр’евіч Сідарэнка (1985, г. Мінск), хімік, кандыдат хімічных навук (2016).

Сфера навуковых інтарэсаў – лесахімія, каталітычныя рэакцыі прыродных злучэнняў, мадыфікацыя і фізіка-хімічныя метады аналізу алюмасілікатаў, каталітычныя нанаматэрыялы, атрыманне фізіялагічна актыўных і пахучых злучэнняў на аснове тэрпеноідаў, стэрэаселектыўны каталіз.

Навуковыя працы прысвечаны каталітычным пераўтварэнням тэрпеноідаў. Распрацаваў шэраг каталітычных сістэм на аснове прыродных алюмасілікатаў для рэакцый ізамерызацыі, палімерызацыі, дыспрапарцыянавання і кандэнсацыі тэрпеноідаў. Устанавіў уплыў кіслотнай і тэрмічнай мадыфікацыі на састаў, структуру і якасці слаістых алюмасілікатаў з рознай структурай. Колькасна ахарактарызаваў уплыў асаблівасцей структуры каталізатараў, характару, канцэнтрацыі і сілы кіслотных цэнтраў іх паверхні на шляхі працякання рэакцый разнастайных тэрпеноідаў, вызначыў кінетычныя заканамернасці вывучаных працэсаў. Упершыню паказаў і патлумачыў высокую эфектыўнасць мадыфікаваных алюмасілікатаў нанатрубак як стэрэаселектыўных каталізатараў для сінтэзу гетэрацыклічных злучэнняў.

Аўтар больш за 70 навуковых публікацый і 3 патэнтаў. Мае творчыя сувязі з вядучымі навуковымі цэнтрамі Беларусі і замежжа.

Лаўрэат прэміі імя акадэміка В.А. Капцюга за цыкл прац «Новыя каталізатары для сінтэзу хіральных гетэрацыклічных злучэнняў з высокім фармацэўтычным патэнцыялам на аснове прыродных монатэрпеноідаў» (2019, сумесна з У.Я. Агабекавым і Г.В. Краўцовай), лаўрэат конкурсу ТОП-10 вынікаў дзейнасці вучоных НАН Беларусі «за стварэнне нанакаталізатараў новага пакалення на аснове галуазітавых нанатрубак для сінтэзу гетэрацыклічных злучэнняў, якія валодаюць высокай біялагічнай актыўнасцю» (2018, сумесна з У.Я. Агабекавым), лаўрэат прэміі з нагоды 90-годдзя НАН Беларусі, лаўрэат стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для таленавітых маладых вучоных (2015).

Асноўныя працы:

  1. A.Yu. Sidorenko, A.V. Kravtsova, I.V. Il’ina, J. Wärnå, D.V. Korchagina, Yu.V.Gatilov, K.P. Volcho, N.F. Salakhutdinov, D.Yu. Murzin, V.E. Agabekov, Clay nanotubes catalyzed solvent-free synthesis of octahydro-2H-chromenols with pharmaceutical potential from (-)-isopulegol and ketones// J. Catal, 2019–Vol.380–P. 145–152, https://doi.org/10.1016/j.jcat.2019.10.015
  2. A.Yu. Sidorenko, A.V. Kravtsova, A. Aho, I. Heinmaa, J. Warna, H. Pazniak, K.P.Volcho, N.F. Salakhutdinov, D.Yu. Murzin, V.E. Agabekov // Highly selective Prins reaction over acid-modified halloysite nanotubes for synthesis of isopulegol-derived 2H-chromene compounds // J. Catal, 2019 – Vol. 374 – P. 360 – 377, https://doi.org/10.1016/j.jcat.2019.05.009
  3. A.Yu. Sidorenko, A.V. Kravtsova, A. Aho, I. Heinmaa, T.F. Kuznetsova, D.Yu. Murzin, V.E. Agabekov. Catalytic isomerization of α-pinene oxide in the presence of acid-modified clays // Mol. Cat. Vol. 448 – 2018 – P. 18–29.
  4. V.E. Agabekov, G.M. Sen’kov, A. Yu. Sidorenko, Nguyen Dinh Tuyen, Vu Anh Tuan, New α-Pinene Isomerization Catalysts // Catalysis in Industry. – 2011. – Vol. 3. – №. 4. – P. 319–330.