Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Галоўная старонка / Дзейнасць акадэміі / Прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

У мэтах павышэння эфектыўнасці і якасці навукова-даследчых работ, стымулявання творчай актыўнасці вучоных, заахвочвання выдатных навуковых работ і вынаходстваў, якія маюць важнае значэнне для навукі і практыкі, а таксама для актывізацыі навуковай працы аспірантаў у 1991-1992 гадах Прэзідыум Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі прыняў рашэнне аб заснаванні прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за лепшую навуковую работу, лепшую навуковую работу маладых вучоных і лепшую студэнцкую навуковую работу. З 1995 года да ўдзелу ў конкурсе работ па прысуджэнні прэмій запрошаны не толькі вучоныя Акадэміі навук, але і даследчыкі ўсіх навуковых арганізацый і ВНУ Рэспублікі Беларусь. У 2016 і 2017 гадах Прэзідыум Акадэміі навук правёў работу па ўдасканаленні прэміяльнай сістэмы, аптымізацыі колькасці прэмій за навуковыя дасягненні і зацвердзіў новую рэдакцыю Палажэння аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, згодна з якой прысуджаецца сем прэмій за лепшую навуковую работу: тры прэміі ў галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, фізіка-тэхнічных і тэхнічных навук; тры прэміі ў галіне біялогіі, хіміі, медыцыны, аграрных навук і навук аб Зямлі; адна прэмія ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.

Палажэнне аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі


Прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы

З мэтай актывізацыі супрацоўніцтва паміж вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Акадэміі навук Малдовы і Нацыянальнай акадэміі навук Украіны кіраўніцтва гэтых акадэмій на пасяджэнні 4 мая 1994 г. у Кішынёве (Малдова), прынялі рашэнне аб заснаванні Прэміі акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы (PASBMU). Прэмія прысуджаецца з мэтай развіцця Міжакадэмічнага супрацоўніцтва вучоных за буйныя навуковыя дасягненні, атрыманыя ў ходзе выканання сумесных навуковых даследаванняў або сумеснай распрацоўкі навуковай праблемы. Прэміі прысуджаюцца адзін раз у два гады па выніках конкурснага адбору сумесным рашэннем акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы. Прысуджаюцца тры прэміі: у галіне прыродазнаўчых навук (адна), тэхнічных навук (адна), гуманітарных і грамадскіх навук (адна). У конкурсе работ на саісканне прэмій могуць прымаць удзел калектывы аўтараў, якія працуюць у акадэміях навук Украіны, Беларусі і Малдовы.

Палажэнне аб прэміях акадэмій навук Украіны, Беларусі і Малдовы


Прэмія імя акадэміка В.А.Капцюга, якая прысуджаецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Сібірскім аддзяленнем Расійскай акадэміі навук

Прэмія названа ў гонар выдатнага вучонага, акадэміка, віцэ-прэзідэнта Расійскай акадэміі навук, старшыні Сібірскага аддзялення РАН, замежнага члена Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Валянціна Афанасьевіча Капцюга. Прэмія заснавана з мэтай падтрымкі даследчыкаў Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі за дасягненне выдатных вынікаў пры выкананні сумесных навуковых даследаванняў у рамках міждзяржаўных праграм, а таксама за сумесныя навуковыя працы, навуковыя адкрыцці і вынаходствы, якія маюць важнае значэнне для навукі і практыкі. Прэмія прысуджаецца ад імя Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН штогод, пачынаючы з 1999 года, прэзідыумамі НАН Беларусі і СА РАН па чарзе.

Палажэнне аб прэміі імя акадэміка В.А.Капцюга



Прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Фонду падтрымкі адукацыі і навукі (Алфёраўскага фонду) для маладых вучоных

У 2014 годзе кіраўніцтва Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і прэзідэнт Фонду падтрымкі адукацыі і навукі акадэмік Ж.І.Алфёраў прынялі рашэнне аб заснаванні спецыяльнай сумеснай прэміі з мэтай падтрымкі і стымулявання працы маладых вучоных Рэспублікі Беларусь. Прэміі прысуджаюцца штогод маладым (да 35 гадоў па стане на 1 студзеня конкурснага года) вучоным Рэспублікі Беларусь за навуковыя працы і вынаходніцтвы, якія маюць важнае значэнне для фундаментальнай і прыкладной навукі. У 2014 і 2015 гадах прэміі прысуджаліся па адной намінацыі ў галіне прыродазнаўчых навук. З 2016 года прэміі прысуджаюцца па трох намінацыях у наступных галінах: фізіка, матэматыка, інфарматыка, фізіка-тэхнічныя і тэхнічныя навукі; біялогія, хімія, медыцына, аграрныя навукі і навукі аб Зямлі; навуковыя даследаванні гуманітарнай скіраванасці, метадалагічна звязаныя з прыродазнаўчанавуковымі і фізіка-тэхнічнымі даследаваннямі. Прэміі могуць быць прысуджаны за асобную навуковую работу ці за сукупнасць аб’яднаных адзінай тэматыкай работ аднаго аўтара (пераважна) ці групы аўтараў у складзе не больш за тры чалавекі. Пры гэтым маладыя вучоныя могуць працаваць як у арганізацыях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, так і ў іншых навуковых арганізацыях і ВНУ Рэспублікі Беларусь.

Палажэнне аб прэміях Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Фонду падтрымкі адукацыі і навукі (Алфёраўскага фонду) для маладых вучоных
Форма прадстаўлення заяўкі



Прэмія імя акадэміка Ф.І. Фёдарава

Прэмія названа ў гонар выдатнага беларускага вучонага-фізіка – акадэміка Фёдара Іванавіча Фёдарава (19.06.1911 – 13.10.1994), стваральніка прызнанай міжнароднай навуковай супольнасцю беларускай навуковай школы фізікаў-тэарэтыкаў. Прэмія імя акадэміка Ф.І. Фёдарава заснавана Прэзідыумам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2002 годзе (Пастанова ад 24 кастрычніка 2002 г. № 58) і прысуджаецца адзін раз у тры гады за лепшую навуковую работу (цыкл работ), якія ўносяць буйны ўклад у развіццё фізіка-матэматычных навук – за стварэнне і развіццё новага навуковага напрамку, адкрыццё новых з’яў і заканамернасцей, распрацоўку новых прынцыпаў і метадаў, атрыманне новых ведаў, якія складаюць аснову прагрэсіўных тэхналогій і г.д. Па выніках конкурснага адбору прысуджаецца адна прэмія адной асобе або групе асоб (не больш за 3), якія працуюць у навуковых арганізацыях і ВНУ Рэспублікі Беларусь. У 2011 годзе, да 100-годдзя акадэміка Ф.І. Фёдарава, праведзены юбілейны конкурс, для якога была ўведзена дадаткова адна міжнародная прэмія з колькасцю міжнароднага аўтарскага калектыву да 6-ці чалавек.

Палажэнне аб прэміі імя акадэміка Ф.І. Фёдарава, якая прысуджаецца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі



Прэміі імя акадэміка А.В.Лыкава

Прэміі названы ў гонар выдатнага вучонага, заснавальніка сусветна вядомай беларускай навуковай школы ў галіне цепла- і масаабмену акадэміка Аляксея Васільевіча Лыкава (29.09.1910 – 28.06.1974). Прэміі імя акадэміка А.В.Лыкава заснаваны Прэзідыумам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2003 годзе (Пастанова ад 30 мая 2003 г. № 52) і прысуджаюцца адзін раз у два гады за навуковыя працы, якія ўносяць буйны ўклад у развіццё тэарэтычных і эксперыментальных даследаванняў па праблемах пераносу энергіі і рэчыва, адкрыццё і апісанне заканамернасцей з’яў і працэсаў цепла- і масапераносу ў прыродных і тэхнічных аб’ектах, асяроддзях рознага агрэгатнага стану пры наяўнасці фазавых і хімічных пераўтварэнняў, разнастайных знешніх уздзеяннях, якія складаюць аснову новых высокаэфектыўных цепламасаабменных тэхналогій і абсталявання для народнай гаспадаркі.
Па выніках конкурснага адбору прысуджаюцца дзве прэміі (адна айчынным вучоным і адна міжнароднаму калектыву аўтараў).
Прэмія айчынным вучоным прысуджаецца адной асобе або групе супрацоўнікаў (не больш за тры), якія працуюць у навуковых, навукова-вытворчых арганізацыях і ВНУ Рэспублікі Беларусь і якія ўнеслі вызначальны ўклад пры выкананні вылучаемай работы.
Прэмія міжнароднаму калектыву аўтараў прысуджаюцца калектывам вучоных замежных краін і Рэспублікі Беларусь (таксама не больш за тры) за ўклад у развіццё творчай спадчыны А.В.Лыкава, сумесныя асноватворныя работы па праблемах цепла- і масапераносу.

Палажэнне аб прэміях імя акадэміка А.В.Лыкава, якія прысуджаюцца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі

Галоўная старонка / Дзейнасць акадэміі / Прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі / Да пачатку старонкі