Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Акадэмікі

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі

Агабекаў У.Я.

Акадэмік АГАБЕКАЎ Уладзімір Янокавіч

Уладзімір Янокавіч Агабекаў (н. 19.01.1940, г. Грозны, Расія), хімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. (2003; чл.-кар. З 1996), доктар хімічных навук (1981), прафесар (1987). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2008).

Закончыў Грозненскі нафтавы інстытут (1963). У 1963-1969 гг. стажор-даследчык, аспірант, малодшы навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік, у 1985-1987 гг. загадчык лабараторыі, з 1988 г. загадчык аддзела Інстытута фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1999 г. дырэктар Інстытута хіміі новых матэрыялаў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навуковыя працы па фізічнай хіміі. Адкрыў новую рэакцыю аксіду вугляроду з пераксіднымі радыкаламі ў вадкай фазе з утварэннем дыяксіду вугляроду. Устанавіў, эксперыментальна пацвердзіў і колькасна ахарактарызаваў мультдыпольнае ўзаемадзеянне ансамбля палярных груп, якое аказвае істотны ўплыў на рэакцыйную здольнасць кіслародзістых злучэнняў. Распрацаваў уніфікаваную методыку тэсціравання разнастайных класаў радыкальных ініцыятараў, новыя метады і каталітычныя сістэмы для атрымання шэрагу каштоўных кіслародзістых злучэнняў (двухатамных фенолаў і сінтэтычных тлустых кіслот). Устанавіў узаемасувязь паміж хімічнай структурай арганічных злучэнняў і механізмам фарміравання адпаведных тонкаплёначных матэрыялаў, іх фізіка-хімічнымі характарыстыкамі, уласцівасцямі і пераўтварэннямі пад уплывам разнастайных выпраменьванняў, спецыфіку працякання радыкальных рэакцый пры пераходзе ад вадкай фазы да парашкоў і плёнак. Адкрыў уласны парамагнетызм нізкамалекулярных фарбавальнікаў у тонкаплёначным стане і даў тлумачэнне яго прыроды. Стварыў метады фарміравання на цвёрдай паверхні мона- і мультымалекулярных плёнак (плёнкі Ленгмюра-Бладжэт) з індывідуальных арганічных злучэнняў і іх кампазіцый, вывучыў марфалогію паверхні. Распрацаваў прынцыпова новыя фота- і электранарэзісты для працэсаў сухой вакуумнай літаграфіі, кантрастуючыя пакрыцці для прамысловай тэхналогіі вытворчасці вялікіх інтэгральных схем, высокаадчувальныя арганічныя матэрыялы для кантролю дэфектнасці металічных вырабаў электраразрадным спосабам. Стварыў паляроідныя плёнкі прасветнага, паўпрасветнага і адлюстравальнага тыпаў, распрацаваў тэхналогіі іх атрымання для вадкакрышталёвых устройстваў адлюстравання інфармацыі. Распрацаваў тэхналагічныя працэсы фарміравання арыентуючага пакрыцця для твіст-нематычных і супер-твіст-нематычных вадкакрышталёвых устройстваў, атрымання аптычна адбельваючых рэчываў для палімерных матэрыялаў, змазачна-ахаладжальных вадкасцей для металаапрацоўкі, клеявых кампазіцый разнастайнага функцыянальнага прызначэння і інш.

Аўтар 600 навуковых прац, у т.л. 4 манаграфій, адна з якіх перавыдадзена ў ЗША, 110 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2000).

Асноўныя працы:
1. Механизм жидкофазного окисления кислородсодержащих соединений. Мн.: Наука и техника, 1975 (совм. с Денисовым Е.Т., Мицкевичем Н.И.).
2. Liquid-Phase Oxidation of Oxygen-Containing Compounds. New York: Consultants Bureau, 1977 (with Denisov E. T., Mitskevich N. I.).
3. Процессы окисления в природе и технике. Мн.: Наука и техника, 1978 (совм. с Мицкевичем Н.И., Арико Н.Г.)
4. Нефть и газ. Добыча, комплексная переработка и использование. Мн.: БГТУ, 2004 (совм. с Косяковым В.К., Ложкиным В.М.).

Літаратура:
1. Агабеков Владимир Енокович (К 60-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. хім. навук. 2000, №1.
2. Владимир Енокович Агабеков (К 65-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. хім. навук. 2005, №1.
3. Владимир Енокович Агабеков (К 70-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. хім. навук. 2010, №1.

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі / Да пачатку старонкі