Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Прэзідэнты НАН Беларусі з 1928 года

Галоўная старонка / Аб акадэміі / Прэзідэнты НАНБ з 1928 года

Барысевіч М.А.

8-ы прэзідэнт НАН Беларусі
БАРЫСЕВІЧ Мікалай Аляксандравіч


Мікалай Аляксандравіч Барысевіч (21.09.1923, пас. Лучны Мост Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.), фізік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1969; член-кар. з 1966), акадэмік АН СССР (1981), Расійскай АН (1991), замежны член Чэхаславацкай АН (1977), замежны член Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1981), сапраўдны член Еўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасці (1991), ганаровы доктар грамадскіх навук Йенскага ўніверсітэта імя Ф.Шыллера (1983), доктар фізіка-матэматычных навук (1965), прафесар (1967). Герой Сацыялістычнай Працы (1978). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1994). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі.

Закончыў Белдзяржуніверсітэт (1950). У 1955 – 1969 гг. намеснік дырэктара і з 1957 г. загадчык лабараторыі Інстытута фізікі, з 1992 г. Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі. Адначасова ў 1954 – 1963 гг. дацэнт Белдзяржуніверсітэта. Са студзеня 1969 г. віцэ-прэзідэнт, з мая 1969 г. па сакавік 1987 г. прэзідэнт Акадэміі навук БССР. У 1992 – 2007 гг. загадчык лабараторыі Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі НАН Беларусі. Адначасова ў 1987 – 2006 гг. загадчык лабараторыі Фізічнага інстытута імя П.І.Лебедзева Расійскай АН. З 2007 г. загадчык лабараторыі, з 2012 г. галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава НАН Беларусі. З 1992 г. саветнік-ганаровы прэзідэнт НАН Беларусі. У 1969 – 1987 гг. галоўны рэдактар часопіса “Даклады Акадэміі навук БССР”, у 1971 – 1987 гг. старшыня камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне навукі і тэхнікі. У 1994 – 2012 гг. галоўны рэдактар “Часопіса прыкладной спектраскапіі”. У 1969 – 1989 гг. дэпутат Вярхоўнага Савета СССР.

Даследаванні па люмінесцэнцыі і спектраскапіі складаных малекул, квантавай электроніцы, інфрачырвонай тэхніцы. Ім распрацавана статыстычная тэорыя фотафізічных працэсаў у складаных малекулах, уведзены новыя спектраскапічныя характарыстыкі малекул і распрацаваны метады іх выяўлення; атрыманы суадносіны, якія звязваюць усе асноўныя спектральныя і люмінесцэнтныя характарыстыкі складаных малекул. Вырашана праблема антыстоксавай люмінесцэнцыі. Адкрыта новая з’ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-узбуджаных шмататамных малекул, зарэгістраваная як навуковае адкрыццё. Выяўлены і вывучаны: тэрмічна актываваная і ініцыіраваная лазерным выпраменьваннем запаволеная флуарэсцэнцыя, люмінесцэнцыя пры электрычным узбуджэнні, палярызацыя люмінесцэнцыі і вымушанага выпраменьвання, а таксама генерацыя выпраменьвання складана-малекулярнай пары. З дапамогай піка- і фемтасекундных лазерных імпульсаў даследаваны звышхуткасныя рэлаксацыйныя працэсы і структурныя перабудовы ў арганічных малекулах; пры ахалоджванні малекул у звышгукавых струменях атрыманы тонкаструктурныя спектры свабодных малекул і комплексаў, якія дазволілі зрабіць важныя вывады пра іх будову.

Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій.

Ленінская прэмія 1980 г. за стварэнне новага навуковага напрамку – спектраскапія свабодных складаных малекул. Дзяржаўная прэмія СССР 1973 г. за даследаванні рассейвання выпраменьвання дысперснымі сістэмамі і стварэнне новага класа аптычных фільтраў для шырокай галіны інфрачырвонага спектра, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1998 г. за цыкл прац “Дынаміка вярчальнага руху электронна-узбуджаных шмататамных малекул у газавым асяроддзі”. Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А.Капцюга (2001).

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1971, 1975, 1978, 1983), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1973), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), Айчыннай вайны І (1945) і ІІ (1985) ступеней, ордэнамі Чырвонай Зоркі (1944, 1945), Дружбы (2001, Расійская Федэрацыя), Францыска Скарыны (2003), медалямі. Польскай АН узнагароджаны медалём Мікалая Каперніка (1973), Чэхаславацкай АН – залатым медалём “За заслугі перад навукай і чалавецтвам” (1983), залатым медалём Славацкай АН “За выключныя заслугі перад навукай” (1983).

Асноўныя працы:
1. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн.: Наука и техника, 1967.
2. Инфракрасные фильтры. Мн.: Наука и техника, 1971 (совм. с В.Г. Верещагиным, М.А. Валидовым).
3. Генерация излучения сложными органическими соединениями в парах // Optica Acta. 1985. Vol.32, No.9-10.
4. Пикосекундная техника и сверхбыстрые процессы в сложных молекулах // Ежегодник "Наука и человечество". М.: Знание, 1987.

Літаратура:
1. Николай Александрович Борисевич (К семидесятилетию со дня рождения) // Успехи физических наук. 1993. Т.163, №9.
2. Николай Александрович Борисевич (К 80-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фізіка-матэм. навук. 2003, №3.
3. Биобиблиография ученых Беларуси: Академик Николай Александрович Борисевич. Мн., 2003.
4. Николай Александрович Борисевич (К 85-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фізіка-матэм. навук. 2008, №3.
5. Николай Александрович Борисевич (К 90-летию со дня рождения) // Весці НАН Беларусі. Сер. фізіка-матэм. навук. 2013, №3.

Галоўная старонка / Аб акадэміі / Прэзідэнты НАНБ з 1928 года / Да пачатку старонкі