Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Акадэмікі

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі

Гарэцкі Р.Г.

Акадэмік ГАРЭЦКІ Радзім Гаўрылавіч

Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (н.07.12.1928, г.Мінск), вучоны ў галіне геалогіі, геатэктонікі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1977; чл.-кар. з 1972), замежны член Расійскай акадэміі навук (1994), доктар геолага-мінералагічных навук (1969), прафесар (1980). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1978).

Закончыў Маскоўскі нафтавы інстытут імя І.М.Губкіна (1952). У 1952-1971 гг. навуковы супрацоўнік Геалагічнага інстытута АН СССР. З 1971 г. загадчык аддзела (з 1978 г. лабараторыі) Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР ( з 1994 г. Інстытут геалагічных навук). У 1977-1993 гг. дырэктар Інстытута геахіміі і геафізікі АН Беларусі. У 1992-1997 гг. віцэ-прэзідэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1995-1997 гг. загадчык кафедры Белдзяржуніверсітэта. У цяперашні час галоўны навуковы супрацоўнік Інстытута прыродакарыстання Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1973-1990 гг. член Бюро, намеснік старшыні, старшыня Міжведамаснага тэктанічнага камітэта АН СССР. З 1975 г. намеснік старшыні, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта па Міжнароднай праграме геалагічнай карэляцыі, з 1993 г. член Амерыканскага Геафізічнага Саюза. У 1994-2008 гг. галоўны рэдактар часопіса “Літасфера”.

Навуковыя працы прысвечаны тэктоніцы і геадынаміцы платформ, уключаючы тэрыторыю Захаду Усходне-Еўрапейскага кратона і Беларусі. Вывучае пытанні стратыграфіі, літалогіі, палеаграфіі, геафізікі, геалогіі нафтавых, газавых і інш. радовішчаў карысных выкапняў. Найбольш поўна апісаў і даў класіфікацыю своеасаблівых геалагічных цел – класічных даек. Унёс істотны ўклад у тэктанічны аналіз магутнасцей адкладаў. Развіў вучэнне аб тэктоніцы платформ: праблемы наследавання і накладання структур, фармацыі, тыпы і класіфікацыі структур, разломы, стадыйнасць развіцця, некампенсаванае прагінанне, глыбінная будова (паверхні Моха, магутнасці літасферы, астэнасферы, шчыльнасці зямной кары). Разгледзеў асаблівасці будовы і развіцця кантынентальных палеарыфтаў, у прыватнасці на прыкладзе Прыпяцкага прагіну даказаў лістрычны характар разломаў, якія яго фарміруюць. Удзельнічаў у складанні многіх тэктанічных карт у якасці галоўнага рэдактара (Тэктанічная карта Беларусі, 1976, 2002; Міжнародная тэктанічная карта Паўднёва-Заходняга краю Усходне-Еўрапейскай платформы, 1986) або суаўтара (Тэктанічная карта Еўразіі, Міжнародная тэктанічная карта Еўропы, Геадынамічная карта Беларусі). Распрацаваў новы прынцып тэктанічнага раяніравання платформенных зон па асноўным этапе фарміравання структур.

Аўтар 515 навуковых прац і больш за 300 навукова-папулярных выданняў, у т.л. 46 манаграфій, 41 карты геалагічнага зместу, 5 вынаходстваў.

Дзяржаўная прэмія СССР 1969 г. за Тэктанічную карту Еўразіі і манаграфію “Тэктоніка Еўразіі” (М., 1966, у суаўт.). Дзяржаўная прэмія БССР 1978 г. за распрацоўку Тэктанічнай карты Беларусі і манаграфію “Тэктоніка Беларусі” (Мн., 1976, у суаў.). Прэмія Расійскай АН 1986 г. імя акадэміка Н.С.Шацкага. Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН імя акадэміка В.А.Капцюга 2004 г. за цыкл сумесных прац “Верхнепратэразойскія і палеазойскія комплексы Беларусі і Сібіры: геалогія, нафтагазаноснасць, праблемы асваення рэсурсаў вуглевадародаў” (у суаўт.).

Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1982), медалямі.

Асноўныя працы:
1. Тектонический анализ мощностей. М., 1960 (совм. с А.Л.Яншиным).
2. Тектоника молодых платформ Евразии. М.: Наука, 1972.
3. Тектоника Белоруссии. Мн.: Наука и техника, 1976 (в соавт.).
4. Калиеносные бассейны мира. Мн.: Наука и техника, 1988 (в соавт.).
5. Проблемы нефтегазоносности верхнепротерозойских и палеозойских комплексов Беларуси и Сибири. Мн.: БЕЛГЕО, 2003 (в соавт.).

Літаратура:
1. Радим Гаврилович Гарецкий: Библиогр. указ. Мн.: Наука и техника, 1988.
2. Р.Я. Айзберг Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (Да 70-годдзя з дня нараджэння) // Природные ресурсы. 1998. No.4.
3. Акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі: Біябібліяграфія. Мн.: ІГН НАН Беларусі, 1998.
4. Radim Gavrilovich Garetsky (on his 80th birthday) // Geotectonics. 2009, Vol. 43, Issue 2.
5. К 85-летию академика Р.Г.Гарецкого // Природопользование. 2013. Вып.24.

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі / Да пачатку старонкі