Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Гістарычная даведка

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Гістарычная даведка

Колас Я.

Акадэмік МІЦКЕВІЧ Канстанцін Міхайлавіч (Якуб Колас)

Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч (Якуб Колас; 03.11.1882, в. Акінчыцы Сталбцоўскага р-на Мінскай вобл. - 13.08.1956), класік беларускай літаратуры, адзін з заснавальнікаў (з Я. Купалам) новай беларускай літаратуры і беларускай літаратурнай мовы, грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1928). Народны паэт БССР (1926). Заслужаны дзеяч навукі БССР (1944). Удзельнік 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў.

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). Як удзельнік нелегальнага з'езду настаўнікаў (1906) асуджаны на 3 гады турэмнага зняволення. З 1915 г. служыў у войску. У 1921 г. па выкліку ўрада Беларусі прыехаў у Мінск. У 1921-1928 гг. выкладаў у Беларускім педагагічным тэхнікуме, Беларускім дзяржаўным універсітэце, працаваў у Інстытуце беларускай культуры. У 1929-1956 гг. віцэ-прэзідэнт АН БССР. У 1927-1929 гг. кандыдат у члены ЦВК БССР, у 1929-1931 і ў 1935-1938 гг. член ЦВК БССР. Дэпутат Вярхоўнага Савета СССР у 1946-1956 гг., дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1938-1956 гг.

Пачаў друкавацца ў 1906 г. Яго творы адрозніваюцца высокай жыццёвай праўдзівасцю, багаццем мовы. Асноўная тэма дарэвалюцыйнай паэзіі і прозы - жыццё і побыт беларускага селяніна, яго мары аб лепшай будучыні, сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, барацьба народа за свае правы (зборнікі "Песні жальбы", 1910, "Родныя з'явы", 1914). Я. Колас пашырыў тэматычныя, жанрава-стылістычныя межы беларускай літаратуры, узбагаціў яе новымі матывамі, вобразамі, выяўленчымі сродкамі. Разнастайная тэматычна і па ахопу жыццёвых з'яў проза Я. Коласа. Гэта паэмы "Новая зямля" (завершана ў 1923 г.) - твор аб гістарычным лёсе сялянства, аб яго духоўным багацці, маральнай прыгажосці чалавека працы, адвечнай мары аб свабодзе і шчасці, "Сымон-музыка" (завершана ў 1925 г.) - роздум аб шляхах развіцця нацыянальнага мастацтва, трылогія "На ростанях" (1923-1954 гг.), якая мела вялікае значэнне для станаўлення жанру рамана ў беларускай літаратуры. У літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулах уздымаў актуальныя праблемы развіцця культурнага будаўніцтва. Аўтар падручнікаў "Другое чытанне для дзяцей беларусаў" (1909), "Методыка роднай мовы" (1926). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, Т. Шаўчэнкі, А. Міцкевіча і інш.

За цыкл патрыятычных вершаў перыяду Вялікай Айчыннай вайны прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР 1946 г., за паэму "Рыбакова хата" (1941-1947) - Дзяржаўная прэмія СССР 1949 г.

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1939, 1944, 1949, 1953), Чырвонага Сцяга (1943), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1950), медалямі.

Імем Я. Коласа названы Інстытут мовазнаўства (з 2008 г. - Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы) і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Асноўныя працы:
1. Збор твораў. Т.1-12. Мн.: Дзяржвыд БССР, 1961-1964.
2. Збор твораў. Т.1-14. Мн.: Мастацкая літаратура, 1972-1978.

Літаратура:
1. Пшыркоў Ю.С. Якуб Колас: Жыццё i творчасць. Мн.: Выд-ва АН БССР, 1951.
2. Фiглоўская Л.I. Творчасць Якуба Коласа. Мн.: Выд-ва АН БССР, 1959.
3. Навуменка I.Я. Якуб Колас: Духоўны воблiк героя. 2 выд. Мн.: Выд-ва БДУ, 1981.
4. Мушынскi М.І. Якуб Колас: Летапiс жыцця i творчасцi. Мн.: Мастацкая літаратура, 1982.
5. Беларускiя пiсьменнiкi: Бiябiблiяграфiчны слоўнiк. Т.3. Мн.: БелЭН, 1994.
6. Навуменка I.Я. Якуб Колас: Нарыс жыцця і творчасці. 2 выд. Мн.: Народная асвета, 2003.
7. Жураўлёў В.П. Якуб Колас і паэтыка беларускага рамана. 2 выд. Мн.: Беларуская навука, 2004.
8. Класік сусветнай літаратуры Якуб Колас.

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Гістарычная даведка / Да пачатку старонкі