Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

КАЗАК Мікалай Станіслававіч

КАЗАК Мікалай Станіслававіч

Мікалай Станіслававіч Казак (н. 29.10.1945, в. Дзешчанка, Уздзенскага р-на, Мінскай вобл.), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003; чл.-кар. з 2000), доктар фізіка-матэматычных навук (1993).

Навуковыя працы па крышталяоптыцы, крышталяакустыцы і нелінейнай оптыцы. Выканаў даследаванні нелінейнага пераўтварэння выпраменьвання лазераў у розных крышталях і геаметрыях эксперыменту з улікам рэальных параметраў лазернага выпраменьвання. Стварыў шэраг высокаэфектыўных нелінейна-аптычных пераўтваральнікаў частаты і іншых параметраў выпраменьвання лазераў розных тыпаў. Атрымаў магутнае плаўна перабудоўваемае УФ выпраменьванне пераўтварэннем частоты лазераў на фарбавальніках, прадказаў нелінейна-аптычны эфект генерацыі пераменнага электрычнага поля. Рэалізаваў метад "нелінейнага люстэрка" для кіравання спектральнымі, часовымі і прасторавымі параметрамі выпраменьвання складаных лазерных сістэм. Распрацаваў нелінейна-аптычныя метады вымярэння параметраў лазернага выпраменьвання і рэчывы ў УФ і ІЧ дыяпазонах, метад пасіўнай абсарбцыйнай спектраскапіі, схемы ІЧ спектрометраў з высокай спектральнай яркасцю на аснове ўнутрырэзанатарнай ап-канверсіі, спосабы кіравання ультрагукавымі пучкамі. Вывучыў распаўсюджванне светлавых і ультрагукавых хваль паблізу асаблівых напрамкаў у крышталі і стварыў спосабы кіравання прасторавымі параметрамі гэтых пучкоў. Даследаваў розныя рэжымы нелінейна-аптычнага пераўтварэння частаты беселевых светлавых пучкоў. Паказаў магчымасць нараджэння і анігіляцыі аптычных віхур пры нелінейна-частотным пераўтварэнні гэтых пучкоў. Рэалізаваў метад фарміравання беселевых пучкоў вышэйшых парадкаў і пучкоў з дыслакацыяй хвалевага фронту з выкарыстаннем двухвосевых крышталяў.

Аўтар больш за 320 навуковых прац, 41 вынаходкі.

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2000 г. за даследаванне нелінейна-аптычных з'яў і стварэнне на гэтай аснове новых высокаэфектыўных крыніц лазернага выпраменьвання. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978 г. за даследаванне працэсаў пераўтварэння лазернага выпраменьвання і распрацоўку на яго аснове крыніц магутнага кагерэнтнага святла з плаўнай перабудовай частаты ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах.

Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны (2002), ордэнам Пашаны (2012).

Асноўныя працы:

  1. Генерация мощного излучения с перестройкой спектра в области 280-385 нм // Письма в ред. ЖЭТФ. 1972. Т.15, вып. 1 (в соавт.).
  2. Воздействие электрического поля на фокусировку света в окрестности оптических кристаллов // Оптика и спектроскопия. 1997. Т.83, №3 (в соавт.).
  3. Преобразование частоты бесселевых световых пучков нелинейными кристаллами // Квантовая электроника. 2000. Т.30, №9.