Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

КІЛЬЧЭЎСКІ Аляксандр Уладзіміравіч

КІЛЬЧЭЎСКІ Аляксандр Уладзіміравіч

Аляксандр Уладзіміравіч Кільчэўскі (н. 17.08.1955, г. Горкі, Магілёўскай вобласці), вучоны ў галіне біятэхналогіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2017), член-карэспандэнт (2003), член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1996-2002), доктар біялагічных навук (1994), прафесар (1995). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Ганаровы прафесар Вармійска-Мазурскага ўніверсітэта (Польшча), Ольштынскай аграрна-тэхнічнай акадэміі (Польшча).

З 1994 г. доктар біялагічных навук, з 1995 г. прафесар, 2003 г. член-карэспандэнт НАН Беларусі па спецыяльнасці "біятэхналогія" , з 2017 г. акадэмік па спецыяльнасці "геноміка раслін".

Вядомы вучоны ў галіне генетыкі, геномікі, біятэхналогіі і селекцыі раслін. Стварыў у БСХА першую ў краіне кафедру біятэхналогіі, найбуйнейшы ў Беларусі біятэхналагічны цэнтр. Унёс вялікі ўклад у развіццё геномікі раслін. Правёў шырокамаштабныя малекулярна-генетычныя даследаванні па вывучэнні палімарфізму зыходнага матэрыялу сельскагаспадарчых раслін па комплексе прыкмет. Распрацаваў метады генетычнай пашпартызацыі сартоў раслін на аснове малекулярных маркераў. Выявіў заканамернасці экспрэсіі генаў, што дэтэрмінуюць гаспадарча каштоўныя прыкметы ў розных умовах асяроддзя. Правёў даследаванні па параўнальнай геноміцы пасленовых культур (тамат, перац, баклажан, фізаліс) , што дазволіла выявіць асаблівасці гамалагічнай зменлівасці па шэрагу прыкмет на малекулярным узроўні. Распрацаваў метады маркер-спадарожнай селекцыі раслін і паспяхова ўжыў іх на практыцы (тамат, перац, лубін, капуста, кукуруза, цукровыя буракі, бульбу).

Унёс значны ўклад у распрацоўку эколага-генетычных асноў селекцыі раслін. Стварыў метад ацэнкі адаптыўнай здольнасці і экалагічнай стабільнасці генатыпаў, асяроддзя як фону для адбору. Упершыню правёў сістэмнае вывучэнне праблемы ўзаемадзеяння генатыпу і асяроддзя на ўсіх этапах селекцыі, што дазволіла абгрунтаваць прынцыпы экалагічнай аптымізацыі селекцыйнага працэсу. Упершыню комплексна вывучыў генетыку накаплення палютантаў (нітраты, цяжкія металы, радыенукліды) агародніннымі культурамі, паказаў, што шляхам адбору генатыпаў з мінімальным вынасам палютантаў можна паменшыць накапленне іх у прадукцыі ў 2-5 разоў. Суаўтар 25 раянаваных у Беларусі гатункаў тамата і 3-перцу.

Вядзе вялікую навукова-арганізацыйную работу. Ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва падпраграмы "Структурная і функцыянальная геноміка" ГПНІ "Біятэхналогіі", падпраграмы "Інавацыйныя біятэхналогіі – 2020" ГП "Навукаёмістыя тэхналогіі і тэхніка", праграмы Саюзнай дзяржавы "ДНК-ідэнтыфікацыя". Член Бюро і Прэзідыума НАН Беларусі, старшыня рэдакцыйна-выдавецкай камісіі НАН Беларусі.

Старшыня Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў, нацыянальны каардынатар Еўрапейскай біятэхналагічнай асацыяцыі, кіраўнік Нацыянальнай кантактнай кропкі па кірунку "Ежа, сельская гаспадарка і біятэхналогія" ў Рамачнай праграме ЕС, член Еўрапейскага таварыства генетыкаў і селекцыянераў, член бюро Навуковага савета БРФФД, член Прэзідыума ВАК, член Каралеўскага таварыства біёлагаў Вялікабрытаніі, член рэдакцыйнага савета шэрагу часопісаў (BioDiscovery, EuroBiotech Journal, Proceedings of the Latvian Academy of Sciences, Генетыка, Экалагічная генетыка, Вавілаўскі часопіс генетыкі і селекцыі і інш.).

Неаднаразова ўваходзіў у склад аргкамітэтаў і выступаў з дакладамі на міжнародных кангрэсах Сусветнага і еўрапейскага ўзроўню. Ініцыяваў стварэнне ў ДНУ "Інстытут генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі"" Рэспубліканскага цэнтра геномных біятэхналогій, Рэспубліканскага банка ДНК (нацыянальны набытак Рэспублікі Беларусь, 2016 г.), Цэнтра калектыўнага карыстання "Геном".

Аўтар больш за 460 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, 4 падручнікаў, 28 сведчанняў селекцыянера, 1 патэнта на вынаходства. Ініцыятар, сурэдактар і суаўтар унікальнай у СНД 4-х томнай манаграфіі "Генетычныя асновы селекцыі раслін". Падрыхтаваў 2 дактароў і 19 кандыдатаў навук.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі НАН Беларусі (1999 г., 2015 г.), выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, НАН Беларусі, Мінсельгасхарча, ВАК, БРФФД, медалямі ім. Н.І.Вавілава, С.І.Жегалова. Ганаровы прафесар Вармійскага-Мазурскага ўніверсітэта( Польшча), ганаровы доктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь удастоены персанальнай надбаўкі за выдатны ўклад у развіццё вышэйшай адукацыі.

Асноўныя працы:

  1. Генотип и среда в селекции растений. Мн.: Наука и техника, 1989 (совм. с Л.В. Хотылёвой)
  2. Биометрия в генетике и селекции растений. М.: Изд-во МСХА, 1992 (в соавт.).
  3. Экологическая селекция растений. Мн.:Тэхналогiя, 1997 (совм. с Л.В. Хотылёвой).
  4. Селекция гетерозисных гибридов томата. Мн.: УП ИВЦ Минфина, 2005 (совм. с В.В. Скориной).