Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ЛІШТВАН Іван Іванавіч

ЛІШТВАН Іван Іванавіч

Іван Іванавіч Ліштван (н. 03.11.1932, в. Вялікая Дайнова, Валожынскага р-на, Мінскай вобл.), вучоны ў галіне калоіднай хіміі, фізікахіміі торфу, прыродакарыстання. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1980; чл.-кар. з 1974), доктар тэхнічных навук (1969), прафесар (1971). Замежны член Польскай акадэміі навук (2000). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР (1978).

Навуковыя даследаванні па калоіднай хіміі і фізікахіміі прыродных дысперсных сістэм, прыродакарыстанні і ахове навакольнага асяроддзя. Развіў уяўленні па рэалогіі, структураўтварэнні, дыспергіраванні і мадыфікаванні прыродных сістэм. Устанавіў комплекс фактараў, якія вызначаюць структуру торфу. Даследаваў гідрафільнасць, цепламасаперанос і рэалогію арганагенных прыродных дысперсных матэрыялаў. Прапанаваў класіфікацыю торфу па ўтрыманні катыёнаў і сарбіраванай вільгаці, ураўненні для разліку асноўных прыкмет саставу і ўласцівасцей торфу. Распрацаваў асновы фізіка-хімічнай механікі торфу. Устанавіў заканамернасці пераносу вільгаці і іонаў пры сушцы і прамярзанні торфу. На аснове прапанаванай класіфікацыі торфу вылучыў асноўныя напрамкі яго выкарыстання ў эканоміцы. Даследаваў міграцыю і дыфузію радыенуклідаў у прыродных асяроддзях. Разгледзеў галоўныя экалагічныя праблемы і асаблівасці прыродакарыстання ў Рэспубліцы Беларусь. Даследаваў састаў і ўласцівасці бурых вуглёў і гаручых сланцаў радовішчаў Рэспублікі Беларусь, а таксама асноўныя напрамкі іх комплекснай перапрацоўкі.

Аўтар звыш 1220 навуковых прац, у т.л. 46 манаграфій і вучэбных дапаможнікаў, брашур. Атрымана 95 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў.

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2002 г. за цыкл работ "Дыягностыка стану прыроднага асяроддзя на аснове аэракасмічных, лідарных, наземных і хіміка-аналітычных метадаў і сродкаў: даследаванні, распрацоўкі, укараненні". Прэмія акадэмій навук Украіны, Беларусі, Малдовы 1997 г. за работу "Новыя вугляродныя адсарбенты з мясцовай сыравіны для рашэння праблем экалогіі і медыцыны".

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў (1982), Францыска Скарыны (1998), медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Микро- и макрореология дисперсных систем. Мн.: ИТМО, 1975.
  2. Физико-химическая механика гуминовых веществ. Мн.: Наука и техника, 1976 (совм. с Круглицким Н.Н., Третинником В.Ю.).
  3. Физико-химические основы технологии торфяного производства. Мн.: Наука и техника, 1983 (в соавт.).
  4. Проблемы рационального использования и охраны торфяных ресурсов в БССР. Мн.: Знание, 1985.
  5. Физика и химия торфа. М.: Недра, 1989 (в соавт.).
  6. Физические процессы в торфяных залежах. Мн.: Наука и техника, 1989 (совм. с Базиным Е.Т., Косовым В.И.).
  7. Массоперенос в природных дисперсных системах. Мн.: Навука і тэхніка, 1992 (совм. с Абрамцом А.М., Чураевым Н.В.).