Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ЖДАНОК Сяргей Аляксандравіч

ЖДАНОК Сяргей Аляксандравіч

Сяргей Аляксандравіч Жданок (н. 20.01.1953, г. Мінск), фізік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2003; чл.-кар. з 2000), доктар фізіка-матэматычных навук (1994), прафесар (2006). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (2008).

Навуковыя працы ў галіне фізікі і хіміі нераўнаважных працэсаў і іх тэхнічных прыкладанняў. Заклаў тэарэтычныя асновы нелінейнай вагальнай кінетыкі і распрацаваў тэхналагічныя працэсы, заснаваныя на выкарыстанні нераўнаважных уласцівасцяў газаў і плазмы. Тэарэтычна прадказаў у 1980 г. эфект "звышраўнаважнай" іанізацыі малекулярных газаў, які быў пасля знойдзены эксперыментальна ў СССР і ЗША. Стварыў аналітычную тэорыю малекулярных са-лазераў, якая легла ў аснову распрацоўкі ў СССР магутных квантавых генератараў, якія маюць высокія значэнні каэфіцыента карыснага дзеяння. Распрацаваныя ім падыходы да аналізу працэсаў гарэння ў порыстых сістэмах прывялі да стварэння новага класа ачышчальных прылад, радыяцыйных награвальнікаў і хімічных рэактараў. Пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлены сінтэз вугляродных нанатрубак у нераўнаважных умовах, што важна для вытворчасці і прымянення вугляродных нанаструктураваных матэрыялаў (нанаэлектроніка, будаўнічыя і канструкцыйныя матэрыялы, біямедыцына).

Аўтар каля 400 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій, 33 патэнтаў і аўтарскіх пасведчанняў на вынаходствы.

Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 2002 г. за распрацоўку навуковых асноў, стварэнне і ўкараненне новых энергаэфектыўных цепламасаабменных тэхналогій і абсталявання для энергетычнага комплексу і іншых галін народнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986 г. за працу "Аналітычная тэорыя са-лазераў". Прэмія НАН Беларусі 2003 г. за манаграфію "Фізіка фільтрацыйнага гарэння газаў". Міжнародная прэмія НАН Беларусі імя акадэміка А. В. Лыкава 2007 г. за цыкл работ "Цеплаабмен у шматфазных асяроддзях пры фізіка-хімічных ператварэннях".

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2002).

Асноўныя працы:

  1. Nonequilibrium vibrational kinetics. Springer-Verlag, 1986 (в соавт.).
  2. Неравновесная колебательная кинетика. М.: Мир, 1989 (в соавт.).
  3. Физика фильтрационного горения газов. Мн.: ИТМО, 2002 (совм. с К.В. Добрего).
  4. Химия фильтрационного горения газов. Мн.: Белорусская наука, 2004 (совм. с С.И. Футько).
  5. Кинетические и транспортные процессы в молекулярных газовых лазерах. Мн.: Белорусская наука, 2010 (совм. с Г.М. Васильевым).