Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

ГУРЭВІЧ Генадзь Львовіч

Генадзь Львовіч Гурэвіч (н. 01.04.1954, г. Мінск) – вучоны ў галіне фтызіятрыі і клінічнай медыцыны. Член-карэспандэнт (2017), доктар медыцынскіх навук (1997), прафесар (2004). Заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь (2014).

Даследаванні па вывучэнні метабалічных аспектаў патагенезу туберкулёзу, дыягностыцы і лячэнні захворванняў лёгкіх, а таксама па павышэнню эфектыўнасці арганізацыі барацьбы з сухотамі. Устанавіў канкрэтныя формы, клінічныя і патамарфалагічныя асаблівасці адмоўнага патамарфоза туберкулёзу; метабалічныя аспекты патагенезу распаўсюджанага і мульцірэзістэнтнага туберкулёзу і на гэтай аснове распрацаваў паказанні для мэтанакіраванага карэктуючага лячэння. Распрацаваў метад дыягностыкі мульцірэзістэтнага туберкулёзу ў пацыентаў з адсутнасцю мікабактэрый туберкулёзу ў мокроце з выкарыстаннем відэатаракаскапіі з біяпсіяй лёгачнай тканіны, метад лячэння пацыентаў з мульцірэзістэнтным туберкулёзам з выкарыстаннем аўталагічнай трансплантацыі мезенхімальных ствалавых клетак. Прапанаваў новыя схемы хіміятэрапіі туберкулёзу з мноственнай і шырокай лекавай устойлівасцю ўзбуджальніка.

Аўтар больш за 540 навуковых прац, у тым ліку 8 кіраўніцтваў і 16 патэнтаў.

Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі ў галіне навукі і тэхнікі (1984) за працу "Сучасныя метады дыягностыкі захворванняў органаў дыхання".

Узнагароджаны медалём.

Асноўныя працы:

  1. Оценка различных режимов коррекции метаболических нарушений у больных с распространенными формами туберкулеза легких в современных радиоэкологических условиях // Пульмонология. 1996. № 2.
  2. Effectiveness of a novel cellular therapy to treat multidrug-resistant tuberculosis // J. Clin. Tuberc. Other Mycobact. Dis. 2016. Vol. 4 (в соавт).
  3. Результаты лечения мультирезистетного туберкулеза с использованием новых лекарственных средств и клеточных технологий // Вес. НАН Беларуci. Сер. мед. навук. 2018. Т. 15, № 1.