Уладзімір Кірылавіч Саўчанка (н. 27.09.1939, в. Хмельнае, Буда-Кашалёўскага р-на, Гомельскай вобл.) – генетык. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989), доктар біялагічных навук (1977), прафесар (1987).
Навуковыя даследаванні ў галіне агульнай біялогіі, генетыкі, геномікі і экалогіі. Увёў паняцці генасфера, ценагенетыка і ценагеноміка. Заснаваў новыя навуковыя дысцыпліны: генетыку біялагічных супольнасцяў і геогеноміку. Прапанаваў канцэпцыю асацыятыўнай генетыкі, асацыятыўнага адбору і асацыятыўнай эвалюцыі. Распрацаваў метады генетычнага аналізу і сінтэзу поліплоідных папуляцый; эксперыментальна вывучыў генетычныя працэсы ў папуляцыях дразафіл пры працяглым адборы; прапанаваў і эксперыментальна выпрабаваў сістэму генетычнага маніторынгу гэтых папуляцый. Апублікаваў артыкулы па гісторыі генетыкі і філасофіі біялогіі. Распрацаваў і перадаў пакет камп'ютарных праграм генетычнага аналізу ў селекцыйныя цэнтры Беларусі і іншых краін СНД. Метад сеткавых пробных скрыжаванняў знайшоў прымяненне ў селекцыйных цэнтрах СНД. Арганізаваў міжнародную Чарнобыльскую экалагічную навуковую сетку ЮНЕСКА для міждысцыплінарных даследаванняў экалагічных наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.
Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 14 манаграфій, 3 вынаходстваў.
Дзяржаўная прэмія БССР 1984 г. за цыкл работ "Генетыка гетэрозісу і шляхі яго выкарыстання ў селекцыі раслін", апублікаваны ў 1961 – 1982 гг.
Узнагароджаны медалямі.