Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

СНЯЖЫЦКІ Віктар Аляксандравіч

Віктар Аляксандравіч Сняжыцкі (н. 22.10.1959, в. Гарнастаевічы, Свіслацкага р–на, Гродзенскай вобл.) – вучоны ў галіне кардыялогіі. Член-карэспандэнт (2014), доктар медыцынскіх навук (2006), прафесар (2008). Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь (2007).

Асноўныя навуковыя працы прысвечаны вывучэнню электрафізіялагічных аспектаў фарміравання брадіарытмій, нейравегетаціўнай рэгуляцыі сардэчнай дзейнасці пры арытміях, дысфункцыі эндатэлю, пругка-эластычных уласцівасцяў артэрый пры фібрыляцыі перадсэрдзяў, іх ўзаемасувязі; кіслародтранспартнай функцыі крыві пры фібрыляцыі перадсэрдзяў, распрацоўцы метадаў дыягностыкі і прагназавання ўскладненняў у пацыентаў з захворваннямі сэрца, вывучэнню цыркадных рытмаў паказчыкаў сардэчнай дзейнасці, распрацоўцы і ўкараненню тэхналогіі прымянення фізічных фактараў (лазернае апрамяненне крыві, аўтагемамагнітатэрапія) у лячэнні захворванняў сэрца. Распрацаваў 17 новых метадаў аказання медыцынскай дапамогі (дыягностыкі і лячэння), удзельнічаў у распрацоўцы 4 нацыянальных рэкамендацый па лячэнні хвароб сістэмы кровазвароту.

Аўтар больш за 560 навуковых прац, у тым ліку 16 манаграфій і кніг, 12 вучэбных дапаможнікаў, 35 патэнтаў.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2014), іншымі медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Аритмии у пациентов с хронической сердечной недостаточностью: клинические и биохимические особенности. Гродно, 2014 (в соавт.).
  2. Клинический менеджмент : в 2 т. Гродно, 2014 (в соавт.).
  3. Хроническая сердечная недостаточность: возможности лазеротерапии. Saarbrücken, 2014 (в соавт.).
  4. Инфаркт миокарда: патофизиологические механизмы развития, диагностическая стратегия и тактика лечения. Гродно, 2015 (в соавт.).
  5. Фибрилляция предсердий: структурно-функциональное ремоделирование миокарда, молекулярно-генетические особенности и прогноз клинического течения. Гродно, 2016 (в соавт.).