Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

УРБАН Эрома Пятровіч

Эрома Пятровіч Урбан (н. 30.07.1954, в. Бурбаўшчына, Валожынскага р-на, Мінскай вобл.) – навуковец-селекцыянер. Член-карэспандэнт (2017), доктар сельскагаспадарчых навук (2006), дацэнт (2003).

Даследаванні ў галіне селекцыі, насенняводства і вырошчвання сельскагаспадарчых раслін. Вызначыў прыярытэтныя кірункі па стварэнні гатункаў азімага жыта, распрацаваў і ўкараніў у селекцыйны працэс азімага жыта эфектыўныя спосабы выкарыстання метаду эксперыментальнай поліплаідыі, донараў дамінантнай і рэцэсіўнай кароткасцябловасці, зімаўстойлівасці, скараспеласці, ўстойлівасці да хвароб, якасці збожжа. Распрацаваў, эксперыментальна праверыў і ўкараніў у селекцыйны працэс метад складаных гібрыдных папуляцый, які дазваляе павысіць эфектыўнасць селекцыі і ствараць канкурэнтаздольныя адаптыўныя гатункі азімага жыта з высокай прадуктыўнасцю (10 т/га збожжа і вышэй), устойлівасцю да палягання, вынослівасцю да хвароб, якасцю збожжа. Упершыню ў Беларусі даследаваў сістэмы цытаплазматычнай мужчынскай стэрыльнасці ў азімага жыта, стварыў гетэразісныя лінейна-папуляцыйныя гібрыды F1 (Галінка, Пліса, Лобел 103) з патэнцыялам ураджайнасці больш за 10,0 т/га. Распрацаваў метадычныя рэкамендацыі па селекцыі і насенняводстве гетэрозісных гібрыдаў F1 азімага жыта, галіновыя рэгламенты вырошчвання азімага жыта на зерне і зялёны корм. Аўтар 24 гатункаў і гібрыдаў азімага жыта.

Аўтар больш за 160 навуковых прац, у тым ліку 3 манаграфій, 15 патэнтаў на сарты.

Асноўныя працы:

  1. Система земледелия на суглинистых и супесчаных, подстилаемых моренным суглинком почвах. Минск, 2001 (в соавт.).
  2. Озимая рожь в Беларуси (селекция, семеноводство, технология возделывания). Минск, 2009.
  3. Генетические основы селекции растений. Минск, 2010 (в соавт.).