Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Акадэмікі

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі

Кільчэўскі А.У. Акадэмік КІЛЬЧЭЎСКІ Аляксандр Уладзіміравіч

Аляксандр Уладзіміравіч Кільчэўскі (н.17.08.1955, г. Горкі Магілёўскай вобласці), вучоны ў галіне біятэхналогіі. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2017), член-карэспандэнт (2003), член-карэспандэнт Акадэміі аграрных навук Рэспублікі Беларусь (1996-2002), доктар біялагічных навук (1994), прафесар (1995). Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Ганаровы прафесар Вармійска-Мазурскага ўніверсітэта (Польшча), Ольштынскай аграрна-тэхнічнай акадэміі (Польшча).

Скончыў БДСГА (1977). З 1978 г. асістэнт, з 1984 старшы выкладчык, з 1987 г. дацэнт, з 1988 загадчык кафедры Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. У 2004 - 2014 гг. дырэктар Інстытута генетыкі і цыталогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2014 - галоўны вучоны сакратар НАН Беларусі.

Кільчэўскі А.В. - вядомы вучоны ў галіне біятэхналогіі, генетыкі і селекцыі раслін. Стварыў у БСГА першую ў краіне кафедру біятэхналогіі, найбуйнейшы ў Беларусі біятэхналагічны цэнтр, арганізаваў шырокамаштабную вытворчасць аздароўленага пасадачнага матэрыялу раслін. Унёс вялікі ўклад у развіццё біятэхналогіі раслін. У галіне геномікі выканаў даследаванні па ДНК-пашпартызацыі і ДНК-маркіраванні генатыпаў тамату, перцу, цукровых буракоў і бульбы. Распрацаваны метады маркер-спадарожнай селекцыі і генетычнай пашпартызацыі гэтых культур. У галіне клетачнай інжынерыі ім вывучана генетыка калусагенезу і рэгенерацыі ў культуры in vitro, выявіў заканамернасці каналізацыі зменлівасці ў культуры in vitro, што важна для распрацоўкі тэхналогій клеткавай селекцыі. Распрацаваў метады гаметнай селекцыі тамата на ўстойлівасць да біятычных і абіятычных стрэсаў. Удасканаліў метады кланальнага мікраразмнажэння бульбы, буякоў высокіх, лілей.

Распрацаваў прынцыпы і метады экалагічнай селекцыі раслін з ужываннем біятэхналогіі для стварэння высокапрадукцыйных, энергаэфектыўных і экалагічна стабільных гатункаў. Стварыў метад ацэнкі адаптыўнай здольнасці і экалагічнай стабільнасці генатыпаў, асяроддзя як фону для адбору. Правёў сістэматычнае вывучэнне праблемы ўзаемадзеяння генатыпу і асяроддзя на ўсіх этапах селекцыі раслін. Упершыню комплексна вывучыў генетыку назапашвання палютантаў (нітраты, цяжкія металы, радыёнукліды) агародніннымі культурамі, паказаў, што шляхам адбору генатыпаў з мінімальным вынасам палютантаў можна паменшыць назапашванне іх у прадукцыі ў 2-5 разоў. Вывучыў генетычныя асновы энергаэфектыўнасці гатункаў, што дазволіла стварыць канцэптуальныя мадэлі гатункаў для тэхналогій рознага энергаўкладу. Выканаў вялікі аб'ём даследаванняў па прыватнай генетыцы і селекцыі тамата. Суаўтар 23 раяніраваных у Беларусі гатункаў тамата і 1 гатунку перцу. Распрацаваў сістэму насенняводства гібрыдаў тамата на аснове функцыянальнай мужчынскай стэрыльнасці, якая зніжае працоўныя выдаткі на атрыманне насення ў 10 разоў.

Аўтар больш за 360 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій, 3 падручнікаў, 21 пасведчання селекцыянера, 1 патэнта. Суаўтар першага ў Беларусі падручніка па біятэхналогіі ў раслінаводстве (2005г.). Ініцыятар, рэдактар і суаўтар унікальнай ў СНД 4-х томнай манаграфіі "Генетычныя асновы селекцыі раслін». Неаднаразова выступаў з вуснымі дакладамі за мяжой на міжнародных кангрэсах па біятэхналогіі, генетыцы і селекцыі раслін, прачытаў курс лекцый па біятэхналогіі ў Вышэйшай агранамічнай школе Тулузы (Францыя). Падрыхтаваў 1 доктара і 17 кандыдатаў навук. Кіраваў міжнародным праектам па праграме ІНТАС, выканаў два кантракты з Венесуэлай у галіне біятэхналогіі. Ініцыяваў стварэнне ў Інстытуце генетыкі і цыталогіі Рэспубліканскага цэнтра геномных біятэхналогій, Рэспубліканскага банка ДНК, цэнтра калектыўнага карыстання «Геном».

Вядзе вялікую навукова-арганізацыйную працу, удзельнічаў у распрацоўцы і кіраўніцтве шэрагу дзяржаўных праграм па біятэхналогіі: быў кіраўніком навуковага забеспячэння ГП «Біятэхналогія», сукіраўніком ДПАФД «Новыя біятэхналогіі", кіраўнік падпраграмы «Геноміка» ГГШІ «Фундаментальныя асновы біятэхналогіі». Член бюро і прэзідыума НАН Беларусі, старшыня рэдакцыйна-выдавецкай камісіі НАН Беларусі, член камісіі па пытаннях дзяржаўнай навукова-тэхнічнай палітыкі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Старшыня Беларускага таварыства генетыкаў і селекцыянераў, нацыянальны каардынатар EBTNA (European Biotechnology Thematic Network Association), кіраўнік Нацыянальнай кантактнай кропкі па кірунку «Ежа, сельская гаспадарка і біятэхналогія» у Рамачнай праграме ЕС, член Еўрапейскага таварыства генетыкаў і селекцыянераў EUCARPIA, член бюро Навуковага савета БРФФД , старшыня экспертнага савета ВАК, старшыня доктарскага савета па спецыяльнасцях «генетыка», «малекулярная генетыка», «біятэхналогія», член рэдкалегіі шэрагу часопісаў.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі НАН Беларусі, выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, НАН Беларусі, Мінсельгасхарча, ВАК, БРФФД, медалямі імя М.І.Вавілава, С.І.Жэгалава. Ганаровы прафесар Вармійска-Мазурскага ўніверсітэта (Польшча), ганаровы доктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Ганараваны персанальнай надбаўкай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за выдатны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя працы:
1. Генотип и среда в селекции растений. Мн.: Наука и техника, 1989 (совм. с Л.В. Хотылёвой).
2. Биометрия в генетике и селекции растений. М.: Изд-во МСХА, 1992 (в соавт.).
3. Экологическая селекция растений. Мн.:Тэхналогiя, 1997 (совм. с Л.В. Хотылёвой).
4. Селекция гетерозисных гибридов томата. Мн.: УП ИВЦ Минфина, 2005 (совм. с В.В. Скориной).

Літаратура:
1. Александр Владимирович Кильчевский (К 50-летию со дня рождения) // Изв. НАН Беларуси. Сер. биол. наук. 2006, №1.

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі / Да пачатку старонкі