Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Пералік адмiнiстрацыйных працэдур, якія выконваюцца НАН Беларусі і яе арганізацыямі
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі

Акадэмікі

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі

А.А.Лукашанец Акадэмік ЛУКАШАНЕЦ Аляксандр Аляксандравіч

Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец (нар. 23.11.1954, в. Жураўцы Валожынскага р-на Мінскай вобл.), мовавед. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2017), член-карэспандэнт (2009) по спецыяльнасці "беларуская мова", доктар філалагічных навук (2001), прафесар (2003).

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1977), аспірантуру пры Інстытуце рускай мовы АН СССР (1978-1981). З 1977 г. малодшы навуковы супрацоўнік, з 1985 г. старшы навуковы супрацоўнік, з 1986 г. вучоны сакратар, з 1989 г. намеснік дырэктара па навуковай рабоце, з 2003 г. дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2008 г. дырэктар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 2012 г. першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дырэктар філіяла "Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы" (2012-2015). Старшыня Беларускага (з 2004 г.) і Міжнароднага (2008-2013 гг.) камітэтаў славістаў, старшыня Камісіі па славянскім словаўтварэнні пры Міжнародным камітэце славістаў (з 2008 г.). Галоўны рэдактар штогодніка "Беларуская лінгвістыка" (з 2005 г.).

Працы па беларускім і славянскім словаўтварэнні, праблемах беларуска-рускага двухмоўя і сацыялінгвістыцы, праблемах сучаснага развіцця і функцыянавання беларускай мовы і беларускай арфаграфіі. Стварыў новы навуковы напрамак у беларускім мовазнаўстве - распрацаваў тэарэтычныя асновы і ажыццявіў практычнае апісанне сістэмы беларускага словаўтварэння з пазіцый граматычных параметраў матываванага і матывавальнага слоў. З'яўляецца суаўтарам першага ў беларускай лексікаграфіі "Словаўтваральнага слоўніка беларускай мовы". Раскрыў заканамернасці інавацыйных змен у лексіцы і словаўтварэнні беларускай мовы канца ХХ - пачатку ХХІ стст. і даследаваў на шырокім славянскім фоне асаблівасці развіцця слоўнікавага складу беларускай мовы з пазіцый тэндэнцый да інтэрнацыяналізацыі і нацыяналізацыі. Даследаваў праблемы беларуска-рускага двухмоўя і ўзаемадзеяння моў, раскрыў прававыя, лінгвістычныя, сацыялінгвістычныя, палітычныя, псіхалінгвістычныя і прагматычныя аспекты функцыянавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя. Адзін з асноўных распрацоўшчыкаў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (2008), аўтар і суаўтар раду практычных дапаможнікаў і даведнікаў па беларускай арфаграфіі, навуковы рэдактар раду сучасных арфаграфічных слоўнікаў беларускай мовы, а таксама двухмоўных беларуска-рускіх і руска-беларусіх слоўнікаў, падрыхтаваных у адпаведнасці з Законам.

Аўтар больш 300 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, 4 слоўнікаў.

Лаўрэат прэмій Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі 2001 і 2011 гг.

Асноўныя працы:
1. Словаўтваральны слоўнік беларускай мовы. Мн.: Беларуская навука, 2000 (сумесна з А.М. Бардовічам, М.М. Круталевічам).
2. Словаўтварэнне і граматыка. Мн.: Права і эканоміка, 2001.
3. Праблемы сучаснага беларускага словаўтварэння. Мн.: Беларуская навука, 2013.

Літаратура:
1. Кунцэвіч Л.П. Аляксандр Аляксандравіч Лукашанец (да 50-годдзя з дня нараджэння беларускага вучонага-лінгвіста) // Беларуская лінгвістыка. 2004. Вып.54.

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі / Да пачатку старонкі