Bel   ·  Eng  ·  Rus  |    Толькі тэкст  |   НАНБ в Facebook НАНБ в Vkontakte НАНБ в Twitter НАНБ в Instagram НАНБ в Youtube НАНБ в LinkedIn НАНБ в SlideShare rss-лента новостей Написать письмо 
   
Афiцыйны iнтэрнет-партал Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь
Афiцыйны iнтэрнет-сайт Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь
Інтэрнет-партал Моладзь Беларусі
Газета Навука
Часопіс Навука і інавацыі

Акадэмікі

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі

М.Е.Никифоров Акадэмік НІКІФАРАЎ Міхаіл Яфімавіч

Міхаіл Яфімавіч Нікіфараў (н. 21.01.1956, в. Наваельня, Дзятлаўскі р-н, Гродзенская вобл.), біёлаг, заолаг, эколаг. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2014; чл.-кар. з 2009), доктар біялагічных навук (2006), прафесар (2007). Ліквідатар аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1978 г. З 1977 г. у Інстытуце заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі: у 1977-1984 гг. старшы лабарант, у 1984-1989 гг. малодшы навуковы супрацоўнік, у 1992 г. навуковы супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік. З 1992 г. загадчык лабараторыі арніталогіі. У 1992-1995 гг. в.а. вучонага сакратара, у 1995-2002 гг. намеснік дырэктара па навуковай рабоце, у 2002-2007 гг. дырэктар Інстытута заалогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 2007-2014 гг. генеральны дырэктар ДНВА “Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах”. З 2014 г. акадэмік-сакратар Аддзялення біялагічных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навуковыя даследаванні ў галіне заалогіі, у тым ліку малекулярна-генетычнага профілю, арніталогіі, заа- і філагеаграфіі, экалогіі, аховы прыроды і рацыянальнага выкарыстання біялагічных рэсурсаў. Асноўныя напрамкі даследаванняў: уплыў прыродных і антрапагенных фактараў, уключаючы наступствы аварыі на ЧАЭС, на стан фаўністычных комплексаў і дынаміку біялагічнай разнастайнасці; вывучэнне структуры і дынамікі арнітафаўны, міграцый і тэрытарыяльных агрэгацый птушак на працягу галацэну і на сучасным этапе; генетычная структура папуляцый відаў пазваночных жывёл у арэале і малекулярна-генетычныя аспекты фаўнагенезу Цэнтральнай і Усходняй Еўропы ў галацэне.

Апісаны заканамернасці і мадэлі рассялення папуляцый птушак цэнтральнай Еўропы і Беларусі на пазнейшых этапах ледніковага перыяду і пасля яго завяршэння. Абгрунтавана лакалізацыя сістэмы рэфугіумаў і рэфугіяльных зон Еўропы, якія абумовілі ледніковую ізаляцыю і марфалагічную дыферэнцыяцыю папуляцый птушак і далі пачатак іх рассяленню пасля завяршэння абледзянення. Выканана шырокая серыя работ па выяўленні фактараў, якія вызначаюць змяненне колькасці відаў птушак у сучасных умовах, як аснова для распрацоўкі міжнародных і нацыянальных планаў дзеянняў па захаванні глабальна пагражальных відаў, прапанаваны меры па зніжэнні негатыўнага ўплыву праблемных відаў птушак. Распрацаваны навуковыя асновы і практычныя меры па захаванні і ўстойлівым выкарыстанні біяразнастайнасці жывёльнага свету і экасістэм, фарміраванні нацыянальнай экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе ў агульнаеўрапейскую экасетку.

Арганізатар і кіраўнік новага напрамку ў развіцці беларускай заалагічнай навукі - малекулярнай заалогіі. Пры яго непасрэдным садзейнічанні сфарміраваны і актыўна выкарыстоўваецца генетычны банк дзікай фаўны. Стварыў нацыянальны цэнтр кальцавання і вывучэння міграцый птушак, які ўваходзіць у еўрапейскую сістэму цэнтраў кальцавання.

Навуковыя вынікі і матэрыялы выкарыстаны пры падрыхтоўцы розных выданняў Чырвонай кнігі Рэспублікі Беларусь, адлюстраваны ў адпаведных раздзелах Нацыянальнага атласа Рэспублікі Беларусь, прыменены пры падрыхтоўцы прагнозаў і нацыянальных дакладаў аб стане навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, у распрацоўках рэспубліканскай Схемы развіцця асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, канцэпцыі і схемы фарміравання Нацыянальнай экалагічнай сеткі і інтэграцыі яе ў агульнаеўрапейскую экалагічную сетку.

Арганізатар Беларускага арніталагічнага таварыства, з 1998 па 2004 гг. прэзідэнт грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, якая з’яўляецца прадстаўніком “BirdLife International” у Беларусі. Старшыня Беларускай арніта-фаўністычнай камісіі. Старшыня рэдакцыйнай калегіі часопіса “Весці НАН Беларусі, сер.біял.навук”, старшыня секцыі АБН Навуковага савета БРФФД, член рэдакцыйна-выдавецкай камісіі НАН Беларусі. Уваходзіць у склад рэдкалегіі навуковага арніталагічнага бюлетэня “Subbuteo”, міжведамаснага бюлетэня “Прыродныя рэсурсы”, часопіса “Лясная і паляўнічая гаспадарка”.

Мае больш за 200 навуковых прац, у тым ліку 10 манаграфій, 1 аўтарскае пасведчанне, 4 патэнты на вынаходствы. Падрыхтаваў 8 кандыдатаў біялагічных навук. За поспехі ў прафесійнай і навукова-арганізацыйнай дзейнасці шматразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі профільных міністэрстваў, Прэзідыума НАН Беларусі, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Асноўныя працы:
1. Птицы Белоруссии: справочник определитель гнезд и яиц. Мн.: Вышэйшая школа, 1989 (совм. с Б.В.Яминским, Л.П.Шкляровым).
2. Птушкі Еўропы. Палявы вызначальнік (Рэд.). Варшава: Навуковае выдавецтва ПВН, 2000.
3. Формирование и структура орнитофауны Беларуси. Мн.: Беларуская навука. 2008.
4. Красная книга Республики Беларусь. Животные: редкие и находящиеся под угрозой исчезновения виды диких животных, 4-е изд. Мн.: Беларус. Энцыкл. iмя П. Броўкi, 2015. (гл. редкол.: И.М. Качановский (предс.), М.Е. Никифоров, В.И. Парфенов [и др.]).

Галоўная старонка / Члены Акадэміі / Акадэмікі / Да пачатку старонкі