Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

БАРЫСЕВІЧ Мікалай Аляксандравіч
8-ы прэзідэнт НАН Беларусі

Мікалай Аляксандравіч Барысевіч (21.09.1923, п. Лучны Мост, Бярэзінскага р-на, Мінскай вобл. – 25.10.2015), фізік, дзяржаўны і грамадскі дзеяч. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1969; чл.-кар. з 1966), акадэмік АН СССР (1981), Расійскай АН (1991), замежны член Чэхаславацкай АН (1977), замежны член славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1981), сапраўдны член Еўрапейскай акадэміі навук, мастацтваў і славеснасці (1991), ганаровы доктар натуральных навук Енскага ўніверсітэта імя Ф. Шылера (1983), доктар фізіка-матэматычных навук (1965), прафесар (1967). Герой Сацыялістычнай Працы (1978). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь (1994). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху ў Беларусі.

Даследаванні па люмінесцэнцыі і спектраскапіі складаных малекул, квантавай электроніцы, інфрачырвонай тэхніцы. Ім распрацавана статыстычная тэорыя фотафізічных працэсаў у складаных малекулах, уведзены новыя спектраскапічныя характарыстыкі малекул і распрацаваны метады іх вызначэння; атрыманы суадносіны, якія злучаюць усе асноўныя спектральныя і люмінесцэнтныя характарыстыкі складаных малекул. Вырашана праблема антыстаксовай люмінесцэнцыі. Адкрыта новая з'ява стабілізацыі-лабілізацыі электронна-узбуджаных шмататамных малекул, зарэгістраваная як навуковае адкрыццё. Выяўленыя і вывучаныя: тэрмічна актываваная і ініцыяваная лазерным выпраменьваннем запаволеная флуарэсцэнцыя, люмінесцэнцыя пры электрычным узбуджэнні, палярызацыя люмінесцэнцыі і вымушанага выпраменьвання, а таксама генерацыя выпраменьвання складана-малекулярных пароў. З дапамогаю піка- і фемтасекундных лазерных імпульсаў даследаваны звышхуткія рэлаксацыйныя працэсы і структурныя перабудовы ў арганічных малекулах; пры астуджэнні малекул у звышгукавых струменях атрыманы тонкаструктурныя спектры свабодных малекул і комплексаў, якія дазволілі зрабіць важныя высновы пра іх будову.

Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 3 манаграфій.

Ленінская прэмія 1980 г. за стварэнне новага навуковага напрамку – спектраскапія свабодных складаных малекул. Дзяржаўная прэмія СССР 1973 г. за даследаванні рассейвання выпраменьвання дысперснымі сістэмамі і стварэнне новага класа аптычных фільтраў для шырокай вобласці інфрачырвонага спектру, Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1998 г. за цыкл работ "Дынаміка вярчальнага руху электронна-узбуджаных шмататамных малекул у газавым асяроддзі". Прэмія НАН Беларусі і Сібірскага аддзялення РАН ім. акадэміка В.А. Капцюга (2001).

Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1971, 1975, 1978, 1983), Кастрычніцкай рэвалюцыі (1973), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1967), Айчыннай вайны I (1945) і II (1985) ступеняў, ордэнамі Чырвонай Зоркі (1944, 1945), Дружбы (2001, Расійская Федэрацыя), Францыска Скарыны (2003), медалямі. Польскай АН узнагароджаны медалём Мікалая Каперніка (1973), Чэхаславацкай АН - залатым медалём "За заслугі перад навукай і чалавецтвам "(1983), залатым медалём Славацкай АН "За выключныя заслугі перад навукай" (1983).

Асноўныя працы:

  1. Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн.: Наука и техника, 1967.
  2. Инфракрасные фильтры. Мн.: Наука и техника, 1971 (совм. с В.Г. Верещагиным, М.А. Валидовым).
  3. Генерация излучения сложными органическими соединениями в парах // Optica Acta. 1985. Vol.32, No.9-10.
  4. Пикосекундная техника и сверхбыстрые процессы в сложных молекулах // Ежегодник "Наука и человечество". М.: Знание, 1987.