Пётр Фёдаравіч Глебка (Пятро Глебка; 06.07.1905, в. Вялікая Уса, Уздзенскага р-на, Мінскай вобл. – 18.12.1969), паэт. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1957; чл.-кар. з 1950). Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны.
Друкаваўся з 1924 г. першы зборнік лірыкі "Шыпшына" (1927) выявіў эстэтычныя пазіцыі аўтара: прыхільнасць да рамантычнай паэзіі, прытрымліванне літаратурным і фальклорным традыцыям. Стылю паэта ўласцівы публіцыстычнасць і грамадзянская страснасць, героіка-рамантычны пафас, лірызм, палемічная завостраннасць, баявітасць. Услед за Я. Купалам развіў у беларускай літаратуры жанр драматычнай паэзіі. Аўтар лібрэта оперы, вершаванай п'есы, літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў. Галоўным напрамкам навуковых прац былі даследаванні творчасці Я. Купалы і Я. Коласа, сувязяў беларускай літаратуры з сучаснасцю, літаратурных узаемасувязяў і ўзаемаўплываў. Вёў даследчую работу ў галіне беларускай лексікаграфіі, мастацтвазнаўства і фалькларыстыкі. Суаўтар і адзін з рэдактараў "Руска-беларускага слоўніка" (1953), аўтар шэрагу прац, прысвечаных беларускай літаратурнай мовы пісьменнікаў. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Горкага, В. Маякоўскага, А. Пракоф'ева, А. Суркова, Т. Шаўчэнкі, М. Рыльскага, М. Бажана.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (1965), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1949, 1955), Чырвонай Зоркі (1943), "Знак Пашаны" (1939), медалямі.