Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

КАНАПЛЯ Яўген Фёдаравіч

Яўген Фёдаравіч Канапля (01.03.1939, в. Малая Слабада, Клецкага р-на, Мінскай вобл. – 14.02.2010), радыёбіёлаг, біяхімік. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989; чл.-кар. з 1986), доктар медыцынскіх навук (1976), прафесар (1984). Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь(2004).

Даследаванні прысвечаны распрацоўцы навуковых асноў дзеяння на арганізм іанізуючых выпраменьванняў, узнікнення злаякаснага працэсу, у тым ліку высвятленню на малекулярна-клеткавым і арганізмавым узроўнях механізмаў дзеяння гармонаў, іх метабалізму і нейрагарманальнай рэгуляцыі. Важнай часткай гэтых работ з'яўляецца вывучэнне дзеяння малых доз радыяцыі, іх бліжэйшых і аддаленых наступстваў, распрацоўка метадаў радыяцыйнай абароны, а таксама вызначэнне ўплыву на жыццядзейнасць арганізма радыяцыйна-экалагічнай абстаноўкі, якая склалася ў Беларусі. У НДІ анкалогіі і медрадыялогіі распрацоўваліся камбінаваныя метады тэрапіі рака, уключаючы прамянёвае лячэнне, а таксама стварэнне спосабаў павышэння адчувальнасці тканін да апраменьвання з ужываннем у якасці пратэктараў гіпертэрміі і гіперглікеміі, вызначэнне найбольш эфектыўных метадаў прамянёвай тэрапіі ў залежнасці ад дозы і працягласці курсу апраменьвання. З пачатковага этапу катастрофы на Чарнобыльскай АЭС вывучаў радыяцыйную абстаноўку, якая складваецца ў Рэспубліцы, яе ўплыў на метабалізм і найважнейшыя сістэмы арганізма – эндакрынную, імунную, сардэчна-сасудзістую і іншыя. Гэта дазволіла распрацаваць канцэпцыю пражывання насельніцтва на радыеактыўна забруджаных тэрыторыях, пакладзеную ў аснову прыняцця дзяржаўнай праграмы пераадолення ў Беларусі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы і шэрагу законаў Рэспублікі Беларусь па абароне насельніцтва і статусу забруджаных тэрыторый.

Аўтар каля 350 навуковых прац, у т.л. 10 манаграфій.

Узнагароджаны медалём.

Асноўныя працы:

  1. Гормоны и старение. Цитоплазматическая рецепция стероидных гормонов.. Мн.: Навука і тэхніка, 1991 (совм. с Лукиной Г.Л.).
  2. Гормоны и старение. Мембранные механизмы гормональной регуляции. Мн.: Навука і тэхніка, 1991 (совм. с Гацко Г.Г., Милютиным А.А.).
  3. Рак и циклические нуклеотиды. Мн.: Наука и техника, 1993 (совм. с Бернштейн Л.М., Прохоровой В.И.).
  4. Целебно-пищевые растения. Мн.: Полымя, 2000 (совм. с Николайчук Л.В., Баженовой Л.А.).
  5. Радиация и Чернобыль. Щитовидная и паращитовидные железы. Кальций-фосфорный обмен. Гомель: Ин-т радиологии, 2005 (совм. с Багель И.М.).
  6. Радиация и Чернобыль: трансурановые элементы на территории Беларуси. Мн.: Беларуская навука, 2006 (совм. с Кудряшовым В.П., Мироновым В.П.).