Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

КАВАЛЁЎ Анатоль Анатольевіч

Анатоль Анатольевіч Кавалёў (13.01.1939, г. Гомель – 09.03.2008), фізік. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1989), доктар фізіка-матэматычных навук (1988), прафесар (1991).

Навуковыя даследаванні ў галіне лазернай фізікі і аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Выканаў першыя работы па даследаванні анізатрапіі вымушанага выпраменьвання лазераў на аснове раствораў арганічных злучэнняў. Даследаваў уплыў спектральна-люмінесцэнтных уласцівасцяў пасіўных засавак на аснове раствораў складаных малекул на дынаміку генерацыі і параметры выпраменьвання монаімпульсных цвёрдацельных лазераў. Прапанаваў і абгрунтаваў эфектыўныя метады звужэння спектру і дыяграмы накіраванасці мона- і двухімпульсных цвёрдацельных лазераў для мэтаў аптычнай лакацыі, галаграфіі і двухэкспазіцыйнай галаграфічнай інтэрфераметрыі. Выявіў новыя эфекты фазавай мадуляцыі і самамадуляцыі выпраменьвання ў вадкакрысталічных фотатропных асяроддзях, прапанаваў і даследаваў новы клас кіраваных вадкакрысталічных пасіўных засавак для лазераў. Даследаваў ўласцівасці шматканальнай мадуляцыі лазернага выпраменьвання ў прасторава-інтэграваных ВК-структурах, перспектыўных для выкарыстання ў сістэмах аптычнай апрацоўкі, запісы і захоўвання інфармацыі.

Аўтар больш за 220 навуковых прац, у тым ліку 1 манаграфіі, 34 вынаходак.

Дзяржаўная прэмія СССР 1985 г. за даследаванні фотарэфрактыўных і вадкіх крышталяў для сістэм аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь 1996 г. за цыкл работ "З'явы анізатрапіі ў лазерах і прынцыпы палярызацыйнай лазернай спектраскапіі".

Узнагароджаны медалямі.

Асноўныя працы:

  1. Оптические квантовые генераторы. Мн., 1975 (совм. с В.А.Пилиповичем).
  2. Обращение волновых фронтов в нематиках, активированных красителями, в поле излучения импульсного рубинового лазера // Квантовая электроника. 1995. Т.22, №8.