Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

МУШЫНСКІ Міхаіл Іосіфавіч

Міхаіл Іосіфавіч Мушынскі (н. в. Мокрае, Быхаўскага р-на, Магілёўскай вобл., 24.01.1931 – 08.06.2018), крытык, літаратуразнаўца, тэксталаг. Член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1991), доктар філалагічных навук (1978), прафесар (2001).

Навуковыя працы ў галіне гісторыі беларускай літаратуры, тэксталогіі, метадалогіі літаратуразнаўства і літаратурнай крытыкі. Даследаваў гісторыю беларускай крытыкі і літаратуразнаўства 1920–1990-х гадоў, паказаў сацыяльна-гістарычную абумоўленасць развіцця крытыкі і навуковай думкі, іх ролю ў барацьбе за зацвярджэнне ў літаратуры прынцыпаў рэалізму, народнасці, гуманізму, агульначалавечых каштоўнасцяў. Адзін з аўтараў "Гісторыі беларускай дооктябрьской літаратуры" і "Гісторыі беларускай савецкай літаратуры" (1977); "Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязяў". Кн. 2-4. 1994–1995; "Гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя". Т. 1-4. 1999–2003. Даследуе жыццё і творчасць Я. Коласа, М. Гарэцкага, М. Зарэцкага, Р. Мурашкі. У апошнія гады асноўныя намаганні накіраваныя на распрацоўку новай канцэпцыі гісторыка-літаратурнага развіцця і стварэнне абноўленай гісторыі беларускай літаратуры. Кіруе праграмай падрыхтоўкі шматтомных навуковых выданняў, у тым ліку першых поўных сходаў твораў М. Багдановіча ў 3 т., Я. Купалы ў 9 т., а таксама сходаў твораў І. Мележа, Я. Коласа, М. Гарэцкага, М. Лынькова, П. Пестрака, З. Бядулі, П. Броўкі, М. Зарэцкага. Гэтыя выданні сталі асновай найноўшых фундаментальных даследаванняў беларускіх навукоўцаў. Адзін з арганізатараў штогадовых навуковых канферэнцый "Каласавіны"(1987-2006) і "Гарэцкія чытанні" (1992-2006).

Аўтар больш за 300 навуковых прац, у т.л. 13 манаграфій.

Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Коласа (1980).

Узнагароджаны медалём.

Асноўныя працы:

  1. Беларуская крытыка i лiтаратуразнаўства: 20-30-я гады. Мн.: Навука і тэхніка, 1975.
  2. Беларускае савецкае лiтаратуразнаўства. Мн.: Навука і тэхніка, 1979.
  3. Якуб Колас: Летапiс жыцця i творчасцi. Мн.: Мастацкая літаратура, 1982.
  4. Беларуская крытыка i лiтаратуразнаўства. 40-я - першая палавiна 60-х гадоў. Мн.: Навука і тэхніка, 1985.
  5. Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі, перспектывы. Мн.: Мастацкая літаратура, 1988.
  6. І нічога, апроч праўды: Якой быць "Гісторыі беларускай літаратуры". Мн.: Навука і тэхніка, 1990.
  7. Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. 2-е выд. Мн.: Беларуская навука, 2005.
  8. Тэксталогія твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мн.: Беларуская навука, 2007.
  9. Падзвіжнік з Малой Багацькаўкі: жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага. Мн.: Беларуская навука, 2008.
  10. Мае Каласавіны. Мн.: Беларуская навука, 2010.